Комментарии
Сяргей Дубавец, Радыё Свабода

Навошта Лукашэнку расстрэльны пісталет?

Прэзыдэнт Беларусі гатовы мірыцца са званьнем апошняга дыктатара ў Эўропе, з тым, што краіну-ізгоя РБ не бяруць у Раду Эўропы, што ўводзяцца санкцыі — усё гэта можа быць, можа ня быць, толькі... расстрэльны пісталет не чапайце.

Беларусь – адзіная краіна ў Эўропе і на постсавецкай прасторы, дзе захоўваецца сьмяротнае пакараньне. За часы прэзыдэнцтва тут расстраляныя некалькі соцень чалавек.

Я думаю – а ў чым прычына і патрэба захоўваць расстрэлы? Па-першае, справа гэта, як ні круці, нячыстая, па-другое, мы, беларусы, нібыта, людзі мірныя, не ваяўнічыя, па-трэцяе, быць краінай-ізгоем зусім ня хочацца...

Зразумела, што пры цяперашняй гермэтычнай закрытасьці ўладных кабінэтаў, можна толькі выказваць дапушчэньні – чаму так адбываецца. Думаю, ніхто не сумняецца, што захаваньне-адмена сьмяротнае кары залежыць у нас ад аднаго чалавека. Таму пачну з асабістага.

1. Падабаецца...

Шмат гадоў таму назад крытыкі Лукашэнкі пісалі, што яму падабаецца назіраць сам працэс сьмяротнага пакараньня. Ну, такі ў яго псыхатып, такое выхаваньне, такі жыцьцёвы досьвед.

Але нават калі прыняць гэтае дапушчэньне за праўду, мяркую, што за 20 гадоў прэзыдэнцтва ён мог ужо і наглядзецца, бо нічога новага ў гэтай справе не зьяўляецца.

Хаця, да канца ня ўпэўнены, можа быць гэта як наркотык, ня ведаю. Але хацеў бы верыць, што гэта глупства, бо ўсю краіну падстаўляць дзеля «кайфу» аднаго пэрсанажа неяк зусім ужо не па-беларуску.

2. З апанэнтамі – «жэстачайшэ»

Калі захоўваецца сьмяротная кара, дык забойствы палітычных апанэнтаў (Ганчар, Захаранка, Завадзкі...) у масавай сьвядомасьці не ўспрымаюцца як нешта абсалютна немагчымае і выключнае. Неяк мне адзін міліцэйскі начальнік у прыватнай размове так і сказаў: «А што яшчэ ён меўся зь імі зрабіць, сам падумай?» Вось я і думаю. Не магу ня думаць і пра тое, што прапалі і былі забітыя ня проста палітычныя апанэнты, а якраз былыя паплечнікі Лукашэнкі. Красоўскі, відавочна, папаў пад грабёнку з Ганчаром.

У кожным разе, пры адмене сьмяротнае кары ўсе гэтыя выпадкі як бы выпукляцца, незваротнасьць страты стане зусім відавочнай, злачынствы «закрычаць».

3. Народ «за»

Цяпер ад прыватнага – да агульнага. Статыстыка сьведчыць, што большасьць у нас «за» сьмяротную кару. Большасьць заўсёды за «простыя рашэньні», кшталту: фабрыкі рабочым, зямлю сялянам, мір народам.

Але так ня толькі ў нас, так паўсюль. І адмена ці мараторый на расстрэлы паўсюль робяцца з ініцыятывы і волі палітычных эліт, а ня большасьці.

Большасьць мусіць падцягнуцца. Беларусь тут ніякае не выключэньне. Пагатоў, вопыту непапулярных рашэньняў у Лукашэнкі дастаткова.

4. Нашто траціцца на ўтрыманьне

Сапраўды, нашто ўтрымліваць злачынцаў, калі можна іх расстраляць? Тут два аспэкты. Па-першае, некалькі сот зэкаў на фоне ўсёй турэмнай Беларусі – кропля ў моры. Па-другое, улада лішні раз ня пляміць свой імідж.

І тут ужо ўступае ў сілу цэлы комплекс аргумэнтаў праціўнікаў сьмяротнага пакараньня – ад магчымай судовай памылкі да таго, што сьмерць – ня кара, бо няма каму гэтую кару несьці, і да таго, што забраць жыцьцё можа толькі той, хто яго можа даць.

5. Выгадна быць ізгоем

Галоўны спонсар рэжыму – Масква – ніколі не асудзіць Лукашэнку за сьмяротнае пакараньне, наадварот – сама раз-пораз загаворвае, што і ў Расеі трэба вярнуць.

Адмены сьмяротнае кары патрабуе толькі Захад. А ён замяніць галоўнага спонсара не зьбіраецца, пагатоў ніхто не зьбіраецца яму гэтае месца саступіць.

Тут Лукашэнка апынаецца ў жорсткіх цісках. Ён, вядома, «гатовы ісьці з Захадам так далёка, як захоча Захад», але разумее, што ня так і далёка ўсплывуць постаці Захаранкі з Ганчаром.

Таму адначасова ён гатовы і з Расеяй «ісьці так далёка, як захоча Расея», але разумее, што ня так і далёка ўсплыве анэксія і поўнае падпарадкаваньне яго самога (разам з краінай, вядома) Пуціну і Крамлю.

Тое, што ў Менску з удзелам эўрапейскіх эмісараў загаварылі пра сьмяротнае пакараньне – нармальна. Ненармальна, што вырашэньне гэтай справы ляжыць ня ў плоскасьці гуманізму, зьмякчэньня нораваў і спрадвечнага запавету «Не забі», а ў плоскасьці асабістае ўлады і нічога больш. Прынамсі мае пяць дапушчэньняў ніякіх іншых варыянтаў не дапускаюць.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)