Филин

Сяргей Васілеўскі

Навошта лукашэнкаўцы ездзяць у непрызнаныя «ЛНР» і «ДНР»

І як гэта можа адбіцца на рэпутацыі краіны. Адказвае гісторык Аляксандр Пашкевіч.

У апошнія месяцы праўладныя дзеячы працягваюць ездзіць у так званыя «ЛНР» і «ДНР»: Аляксей Талай, Алег Гайдукевіч былі «з гуманітарнай місіяй», а нядаўна кіраўнік таварыства «Веды» Вадзім Гігін вазіў беларускія кнігі і заявіў, што ў Луганску плануецца адкрыць культурна-асветніцкі беларускі цэнтр.

Пра што сведчаць падобныя візіты і як яны адбіваюцца на рэпутацыі краіны? На гэтыя пытанні Филина адказаў гісторык Аляксандр Пашкевіч.

Аляксандр Пашкевіч

— Афіцыйна беларускі рэжым не прызнаваў самаабвешчаныя рэспублікі, то для чаго так стараюцца верныя яму асобы — гэта такое «паўзучае прызнанне» без дакументальнага пацвярджэння?

— Думаю, насамрэч, гэта можна разглядаць як «паўзучае прызнанне». Можна меркаваць, што ад Лукашэнкі дабіваюцца, каб ён афіцыйна прызнаў гэтыя «рэспублікі». Як даўней дабіваліся прызнання незалежнасці Абхазіі ды Паўднёвай Асеціі.

Можа, Пуціну і не тое, каб вельмі важна, але і не зусім абыякава, прызнае ён, ці не. І таму нейкі ціск на Лукашэнку аказваецца.

Каб гэты ціск зменшыць, улады і спрабуюць прадэманстраваць штосьці адчэпнае замест рэальнага прызнання. Вось і едуць туды людзі, якія, па вялікім рахунку, не займаюць адпаведнага месца ў афіцыйнай іерархіі, якія ўсталёўваюць нейкія неафіцыйныя стасункі на месцы.

Фармальна можна будзе сказаць, што гэта іхняя асабістая ініцыятыва. І, калі раптам што, ні дзяржава, ні асабіста Лукашэнка да гэтага адносін не маюць. Выглядае, што гэта такая хітрасць — каб і нашым, і вашым.

— А ці можна западозрыць у пэўнай хітрасці гэтых візіцёраў? Напрыклад, у спробах спадабацца Крамлю. Авансам, на будучыню.

— Цяжка ўявіць, што падобныя рэчы робяцца без санкцыі зверху, без адабрэння Лукашэнкі. Усё ж гэтыя паездкі не ананімныя, не паўпатаемныя. Гэтыя візіты асвятляюцца ў тым ліку і ў беларускай дзяржаўнай прэсе, а яе цяжка назваць незалежнай ад уладаў.

Думаю, усё гэта ўзгоднена, і пытанні ехаць ці не ехаць, што там рабіць, вырашаюцца не гэтымі людзьмі.

Найхутчэй, што Гігіну ды іншым дзеячам выпісваецца афіцыйная камандзіроўка. Не думаю, што Лукашэнка ў падобнай сітуацыі будзе глядзець на несанкцыяваныя дзеянні і спробы спадабацца Маскве без наступстваў.

— Палітычны масштаб гэтых людзей, пэўна, не той, каб казаць пра кантакты на дзяржаўных узроўні. І тым не менш, як падобныя візіты адбіваюцца на рэпутацыі краіны? Да чаго могуць прывесці падобныя гульні з непрызнанымі тэрыторыямі?

— Я б не перабольшваў значэння гэтых візітаў для рэпутацыі дзяржавы. Проста таму, што губляць ужо няма чаго. Калі краіна фактычна ўдзельнічае ў вайне на баку краіны-агрэсара, што паводле міжнароднага права азначае статус суагрэсара.

Калі накладзеныя санкцыі — за пасадку самалёта, за рэпрэсіі, за сам саўдзел у вайне — пра рэпутацыю ў такой сітуацыі ніхто ўжо не думае, пра такія рэчы, якія дакладна не закранаюць інтарэсы магутных палітычных суб’ектаў.

У сітуацыі, калі ніхто ўжо не клапоціцца пра рэпутацыю краіны на фоне наступлення дэфолту, такія гісторыі выглядаюць драбязой. 

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(18)