Коктейль

Навошта ісці на «Месяц фатаграфіі ў Менску – 2018»?

Надыходзіць зацяжное свята для тых рабят, якія няроўна дыхаюць на фотакарткі дзівоснай прыгажосці і багатага сэнсу.

У галерэі «Ў» пачаўся «Месяц фатаграфіі ў Менску» («МФМ»), і гэта будзе нешта! Акрамя захапляльных выстаў цябе чакаюць лекцыі, варкшопы і самыя прыемныя сустрэчы з гуру фатаграфіі.

Што важна ведаць пра «МФМ – 2018»:

Будзе 18 выстаў фатографаў(-ак) і фотакалектываў з 10 краін. Наведвальнікі(-цы) змогуць даследаваць архівы сямейных святаў у Польшчы, пранікнуцца выразнасцю ЗАГСаўскіх інтэр'ераў, акунуцца ў свет Дзікага Захаду ды «пракаціцца» на ровары ўздоўж вялікай ракі Хуанхэ.

Івэнты пройдуць на сямі пляцоўках у Менску (а яшчэ захопяць Горадню і Берасце). Самы сок размесціцца ў галерэі «Ў». Больш падрабязна па лакацыях зарыентуе праграма фестывалю.

Упершыню за гісторыю «МФМ» асноўная экспазіцыя будзе даступная невідушчым гасцям. Візуальны шэраг суправаджаюць рэлевантныя пахі і прадметы, якія можна памацаць. Напрыклад, індзейскія партрэты дапоўненыя водарамі скуры і траваў.

Тэма, якая аб'яднае ўсё, – «Юбілей». У гэтым годзе выставы прывязаныя да дат, што значаць вельмі многа для канкрэтных фатографаў(-ак), пэўных фотасерый альбо для чалавечага жыцця наогул. У самога фэсту таксама юбілей: ён пройдзе ў пяты раз.

«МФМ-2018» будзе цікавы аматарам(-кам) з рознай нагледжанасцю. Тут ёсць і традыцыйная фатаграфія, якая зачэпіць усіх, і «далікатэсы» для тых, хто добра разбіраецца ў сучасным мастацтве.

Must-do на пятым «Месяцы фатаграфіі ў Менску»:

Па-іншаму зірнуць на мастацтва вясельнай фатаграфіі. Вясельнага на «МФМ-2018» будзе звышдастаткова, і ўсё гэта варта тваёй увагі. Нагледзеўшыся на нявест і ЗАГСы ў цэнтральнай экспазіцыі, абавязкова зазірні ў НЦСМ: там выставяць праект, дзе вясельныя здымкі будзе суправаджаць гукавы шэраг («Беларускае вяселле: абрад, носьбіт, песня»).

Прапампавацца ў гісторыі фатаграфіі. Лекцыі, прэзентацыі і аўтарскія экскурсіі – на «МФМ» складана не стаць яшчэ больш прашараным(-ай). З самага яскравага: не прапусці круглы стол з відавочцамі і ўдзельнікамі фатаграфічнага руху ў Беларусі 1959-82 гадоў. Да нядаўніх часоў аб гэтым варушняку не было вядома амаль нічога, аднак аўтары(-кі) праекта «59/82. Адкрытыя звесткі беларускай фатаграфіі» вярнулі гісторыі імёны, якія з розных прычын былі з яе выключаныя. Да таго ж адным махам зламалі стэрэатып пра фатаграфію як чыста мужчынскі занятак.

Спазнаць фатаграфію ўсляпую. У галерэі «Ў» падрыхтавалі інклюзіўны маршрут: табе завяжуць вочы, каб ты мог(магла) «прачытаць» здымкі з дапамогай гукаў і пахаў. Запісвайся загадзя праз e-mail.

Навучыцца ператвараць сямейныя архівы ў фотакнігі. Страсяні свае ачумелыя ручкі і гоў на аднадзённы майстар-клас ад удзельніц калектыву Russian Independent Selfpublished.

Ешчэ шмат пра МФМ тут

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)