Комментарии
Сяргей Навумчык, «Народная воля»

Нататкі да 70-годзьдзя лідэра Адраджэньня

Лічыцца, што для палітыка вельмі важна патрапіць у свой час. Тады яму ў поўнай ступені ўдаецца рэалізаваць кар’ерныя памкненьні.

Але гэта – у дэмакратычных, сфармаваных грамадзствах. А ёсьць краіныі, дзе палітык павінен апярэджваць час, паказваць нацыі пэрспэктыву, інакш нацыя рызыкуе безнадзейна адстаць. І тут ужо – не да ўласнай кар’еры.

Вось хоць бы прыклад з вядомым артыкулам “О русском империализе и его опасности”, які ў свай час Пазьняку ставілі ў віну за радыкалізм і ігнараваньне настрояў электарату – сёньня выкладзеныя ў ім тэзісы пацьвярджаюцца драматычнымі падзеямі ў суседняй Украіне. А ў Кіеве не было ў апоршнія гады палітыка, які б мог гучна сказаць пранебясьпеку – у пошуку электаральнай падтрымкі палітыкі казалі, што ў выпадку чаго іх абароніць войска братэрскай Расеі. Што зрабілася з украінскім войскам, і што робіць войска “братняе” – мы бачым.

З юнацтва Пазьняк можа быць прыкладам чалавека, які апярэджваў час. У 23 гады ён выдаў альбом сваіх фотаздымкаў. Першая кніжка ў такім ўзросьце і цяпер – посьпех, а ў 1960-ыя гэта было нешта неверагодна. Потым былі і іншыя выданьні, адно зь іх– “Рэха даўняга часу” – доўгія гады для падарожнікаў у часе было ці адзіным даведнікам па архітэктурных стылях старога Менску.

У канцы 1960-ых Пазьняк ўратаваў купалаўскі тэатар – уратаваць у літэральным сэнсе гэтага слова. Паводле праекту рэканструкцыі сталіцы, будынак павінен быў быць зьнесены. Пазьняку удалося (з дапамогай тагачаснага карэспандэнта “Правды” Генадзя Бураўкіна) надрукаваць апртыкул у галоўнай газэце, публікацыі якой для мясцовых чыноўнікаў успрымаліся дырэктывай. Будынак захавалі.

У 1988-ым археоляг Пазьняк адкрыў Курапаты. Цяжка прыгадаць іншы прыклад, калі б археалягічнае адкрыцьцё гэткім чынам паўплывала на лёс нацыі, можна сказаць – зьмяніла яго. Публікацыя ў штотыднёвіку “Літаратура і мастацтва” пра месца масавыых растрэлаў мела такое ўзьдзеяньне на грамадзкую сьвядомасьць, як ніводная іншая публікацыя ў Беларусі ні да гэтага, ні пасьля. Яна ўзьняла моцную хвалю грамадзкай актыўнасьці, і менавіта з гэтага дня –3 чэрвеня 1988 году – ідзе адлік новага часу, часу Беларускага Адраджэньня.

Зянон Пазьняк на мітынгу, 25 жніўня 1991 г

Калі ў здабыцьці незалежнасьці і стварэньні сувэрэннай дзяржавы можна вызначыць адну асобу (а гэта, канешне, працэс, у якім зайдзейнічаныя лепшыя прадстаўнікі нацыі, прычым ягоны фінал – толькі вяршыня таго, што рабілася пакаленьнямі папярэднікі) – дык гэта, безумоўна, Пазьняк.

Дзеля ўсьведамленьня ўсёй складанасьці сытуацыі варта прыгадаць грамадзкія настроі канца 80-ых гадоў і пазыцыю тых, хто ў тагачаснай БССР ажыцьцяўляў уладу.

Улада гэтая знаходзілася ў ЦК КПБ, кіраўнікі якой сваёй галоўнай мэтай бачылі дакладнае выкананьне загадаў Масквы. Кіраўнікоў савецкіх рэспублік ЦК КПСС ацэньваў ня толькі па колькасьці вырабленай прамысловай прадукцыі, намалотаў ды надояў, але і барацьбе з “праявамі нацыяналізму”, і тут кіраўніцва Беларусі было ў Крамля на самым лепшым рахунку.

У Літве, Латвіі і Эстоніі кіраўнікі “мясцовых” ЦК адразу пайшлі на дыялёг з лідэрамі новаўтвораных народных рухаў, а ў хуткім часе ўзначалілі працэс здабыцьця сувэрэнітэту. У Прыбалтыцы гэта быў менавіта працэс – там міністры, кіраўнікі дзяржплянаў вылічвалі альгарытм усталяваньня сувэрэнітэту, па тэлебачаньні ішлі шматгадзінныя дыскусіі, спрачаліся, як будаваць самастойную міжнародную, эканамічную, вайскову, сацыяльную палітыку – але сама ідэя незалежнасьці сумненьням не падлягала.

На беларускім тэлебачаньні не было ніякіх падобных дыскусій. У дзяржаўных СМІ (а іншых яшчэ не існавала) ішло мэтанакіраванае, з дня ў дзень, цкаваньне Беларускага Народнага Фронту. Камуністычнае кіраўніцтва Беларусі было нагэтулькі прамаскоўскім, што нават не абмяркоўвала магчымасьць незалежнасьці – сама тэма была крамольнай, само паняцьце незалежнасьці было пад забаронай, каб ні пад якім выглядам не ўвайшло яно ў сьвядомасьць нацыі. А з вясны 1990-га, калі пра дасягненьне незалежнасьці як галоўную ўмову дастойнага жыцьця пачалі казаць у новаабраным Вярхоўным Савеце 12-га скліканьня дэпутаты БНФ – камуністычная прапаганда абрынулася на ідэю ўсёй сваёй моцай.

Я памятаю твары дэпутатаў, калі Пазьняк з трыбуны сэсіі Вярхоўнага Савета ўпершыню абвесьціў пра неабходнасьць дасягненьня. Далібог, калі б ён сказаў: “Праз месяц на плошчу перад Домам ураду высадзецца іншаплянэнты карабель, іншапланецяне ўступяць з намі ў кантакт і таму нам трэба падрыхтавацца да іх сустрэчы” – эфэкт быў бы куды меньшым. Ва ўсялякім разе, такое паведамленьне ня выклікала б нянавісьці – а менавіта гэтае пачуцьцё пераважала ў немалой часткі дэпутатаў.

Ўсё, што прапаноўвала дэпутацкая апазыцыя БНФ у справе дасягненьня рэальнага сувэрэнітэту (а ўжо ўвосень 1990-га, да другой сэсіі, мы прадставілі дзесятак законапраектаў, у тым ліку і эканамічнага характару) – усё гэта блякавалася парлямэнцкай большасьцю шляхам націсканьня кнопак для галасаваньня.

Але нашыя аргумэнты, якія штодня гучалі ці то ў выглядзе абгрунтаваньня законапраектаў, ці то ў палітычных заявах, у пэўным сэнсе, адукоўвалі калег-камуністаў. Нешта ўсё ж асядала ў іх галовах.

Калі ў жніўні 91-га, у першы дзень маскоўскага праімпэрскага путчу Народны Фронт вывеў на вуліцы людзей, Пазьняк сказаў, што, па ягоных адчуваньнях путчысты пратрымаюцца зусім нядоўга. Прызнацца, я не паверыў (гучала занадта аптымістычна). Наш пакой ў Доме ўраду мы пераўтварылі ў штаб супраціву хунце. Але прагноз спраўдзіўся. Потым было нашае патрабаваньне да Прэзыдыюму Вярхоўнага Савета неадкладна склікаць сэсію, некалькі сутак працы над праектамі.

“У нас ёсьць некалькі дзён, і калі мы не скарыстаем час і шпусьцім шанец – потым самі сабе не даруем, бо можа здарыцца, што іншай магчымасьці ў нас ня будзе” – сказаў тады Пазьняк. Таму працавалі і днём, і ноччу.

Раніцай 24 жніўня 1991 году Прэзыдыюм Вярхоўнага Савета прапанаваў дэпутатам парадак дня аж з двух пунктаў: Аб бягучым моманце і Аб саюзным дагаворы. Мы вынесьлі на сэсію пакет законапрепктаў, галоўным зь якіх было наданьне Дэклярацыі аб сувэрэнітэце статусу канстытуцыйнага закону. Гэта значыць – абвяшчэньне незалежнасьці Беларусі.

Кульмінацыйным момантам быў выступ Пазьняка ўвечары 25 жніўня – калі пасьля бурных, эмацыйных дэбатаў, у атмасфэры жорсткага супрацьстаяньня паміж фронтаўцамі і камуністамі, ён падышоў да мікрафону, і дэпутаты, якія чакалі ад лідэра БНФ чарговага, яшчэ больш моцнага наступу на камуністаў – раптам пачулі спакойны голас Пазьняка, які адкрыта зьвярнуўся да іх з просьбай падтрымаць Незалежнасьць і аргумэнтаваў, чаму гэта неабходна зрабіць.

Я і цяпер памятую тую цішыню ў Авальнай залі – нагэтулькі замерлую, што нават пачыў шчаўчок, калі адзін з апэратараў нешта пераключыў на сваёй тэлекамэры.

Пазьняк гаварыў пра Расею – але не дыфірамбы пераможцу путчыстаў Ельцыну (якіх чакалі камуністы, ды, прызнацца, і мы) – а пра фармаваньне новай імпэрыі з палітыкай нафтавага шантажа

“Калі мы ня будзем мець дзяржаўнай незалежнасьці, ня зможам свае рэсурсы, усе свае сродкі, свае вынікі працы ўкладваць на дабро нашага народу і нашай дзяржавы, мы ня зможам супрацьстаяць гэтай палітыцы” – казаў лідэр БНФ.

І – неверагодна! – адразу пасьля гэтага адзін за другім узьняліся сакратары абкамаў і райкамаў з прапановай падтрымаць Пазьняка і прагаласаваць за Незалежэнасьць.

Такога ўжо ніколі больш не было ў Авальнай залі – але тады, 25 жніўня, Пазьняку ўдалося выключна эфэктыўна скарыстаць момант ды павярнуць хаду беларускай гісторыі.

“Я вельмі хачу, аб першым прэзыдэнтам Беларусі быў Зянон Станіслававіч Пазьняк” – сказаў Васіль Быкаў у чэрвені 1994-га ў адказ на пытаньне,што б ён хацеў пажадаць сабе на сваё 70-годзьдзе.

Напершых прэзыдэнцкіх выбарах БНФ адзіны меў праграму адбудовы беларускай дзяржавы і людзей, якія былі здольныя гэтую праграму рэалізаваць. “У нас не было нічога, не людзей, ніпраграмы” – прызнаецца потым адзін з членаў каманды Лукашэнкі. “Маладыя ваўкі” бачылі, што з сябе ўяўляе іх фаварыт, бо ўжо летам 1993 году Лукашэнка адкрыта заявіў пра аднаўленьне імпэрыі, ліквідацыю Беларусі як незалежнай дзяржавы – але ўласныя амбіцыі гэтых палітыкаў былі вышэй за лёс нацыі. Чым і скарысталіся праімпэрскія сілы.

Пра “пераможцаў” тады казалі, што яны надзвычай удала адчулі час, ухапілі яго найбольш балючы нэрв. А выявілася – адкінулі краіну на дзесяцігодздзі назад. Беларусь была развернутая ад цывілізаванавй Эўропы у супрацьлеглым накірунку. Перамаглі “ваўкі” не Пазьняка – перамаглі Беларусь, зьнішчылі нацыянальнае Адраджэньне.

Праца на карысьць нацыянальнага Адраджэньня патрабавала ад лідэра БНФ вялікіх арганізацыйных высілкаў. Удзел дэпутатаў у працы апазыцыі быў добраахвотным, ён не даваў ніякіх прывілеяў ці заробку, больш за тое – ствараў праблемы (камуністы спрабвалі арганізаваць у выбарчых акругах нашае адкліканьне зь Вярхоўнага Савету). Гэта была праца цяжкая, па –за межамі “працоўнага часу” – бо ніхто не вызваляў дэпутатаў ад іх афіцыйных працоўных абавязкаў, а паняцьця прафэсійнай парлямэнцкай працы яшчэ не існавала. Уласна, менавіта дэпутаты БНФ ўвялі ў практыку паняцьце прафэсійнай палітычнай дзейнасьці.

У Вярхоўны Савет было абрана толькі некалькі дэпутатаў з чыста “фронтаўскай” арыентацыяй – ня больш паловы складу будучай парлямэнцкай Апазыцыі БНФ. І некаторыя прыходзілі на пасяджэньне фракцыі проста “паслухаць Пазьняка”, якім іх пужала на выбарах мясцовае начальства. Менавіта з такой мэтай прыйшла Галіна Сямдзянава – і ўжо праз некалькі дзён засталася працаваць у апазыцыі (а ў гістарыі Беларусі – засталася дэпутатам, якая ўнесьла ў Авальную залю бел-чырвона-белы сьцяг).

Для мяне і цяпер застаецца цудам, як людзі розных прафэсіяў і розных заняткаў (рабочы, інжынэр, журналіст, лекар, гісторык, пэдагог, філёзаф, палкоўнік міліцыі, архітэктар, фінансыст – сьпіс можна працягваць), розных рознага жыцьцёвага досьведу, – амаль шэсьць гадоў, у няпростых умовах, без усялякай фінансавай падтрымкі працавалі побач – і новоднай сваркі! Шгодзённыя абмеркаваньні, дыскусіі, частыя спрэчкі адносна таго ці іншага рашэньня, той ці іншай фармулёўкі, але сваркаў не было ніколі.

Пазьняку неяк удавалася аб’яднаць нас, такіх розных, дзеля адзінай мэты. Пасьля Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, якая 25 сакавіка 1918 году абвясьціла незалежнасьць БНР – дэпутацкая Апазыцыя БНФ у Вярхоўным Савеце 12-га скліканьня была першай супольнасьцю палітыкаў, якія ставілі мэтай стварэньне беларускай дзяржавы і якой удалося гэтай мэты дасягнуць.

Падкрэсьлю: гэта былі менавіта нацыянальна арыентаваныя палітыкі, і на сёньня яны застаюцца адзінымі палітыкамі нацыянальнай арыентацыі, якія маюць вопыт заканадаўчай працы, прычым пасьпяховай.

Вынік гэтай працы – некалькі дзесяткаў законапраектаў, сотні заканадаўчых прапаноў, вялікая колькасьць якіх, нягледзчячы на першапачатковы супраціў, былі прынятыя і заклалі аснову дзяржаўнасьці.

Фактычна, пад кіраўніцтвам Пазьняка была створаная канцэпцыя будаўніцтва нацыянальнай дзяржавы. І тое, што некаторыя яе палажэньні пакуль не рэалізаваныя, ні ў якой ступені іх не дэвальвуюць: проста дзеля гэтага не сасьпелі ўмовы.

Але яны сасьпяваюць. Можна прыгадаць, як у пачатку 90-ых шклоўскі дэпутат Лукашэнка іранізаваў над ідэяй Пазьняка і Чарнавіла пра стварэньне Балта-Чарнаморскай садружнасьці, у якую маглі б увайсьці Ўкраіна, Беларусь, Літва, Латвія і Эстонія, як сьмяяўся з праекту балта-чараморскага нафтавага калектару – і вось ужо цяпер яму даводзіцца абмяркоўваць гэтую ідэю з кіраўніком Украіны. А можна ўявіць, наколькі зьмянілася б становішча Беларусі, калі б час (20 гадоў!) ня быў упушчаны і мы сёньня б мелі гэтую транзытную– нафтавая залежнасьць ад Расеі была б нулявой.

У свой час Лявон Баршчэўскі слушна заўважыў, што калі б у лістападзе 1996-га году на начных перамовах з так званым “крамлёўскім дэсантам” быў Пазьняк, ён бы не дапусьціў падпісаньня кіраўнікамі Вярхоўнага Савета і Канстытуцыйнага суду ганебнай дамовы, вынікам якой былі зрыў імпічманту і роспуск парлямэнту. Ведаючы Зянона Станіслававіча, магу канкрэтызаваць словы Лявонаа. Пазьняк – чалавек стрыманы ў паводзінах; гэта ў спрэчцы з блізкімі людзьмі ён можа выказаць нейкі намёк на эмоцыі, з апанэнтамі ж ён максымальна карэктны. Але ў той сытуацыі Пазьняк проста выцягнуў бы за каўнер (літаральна) спачатку Шарэцкага, а потым Ціхіню. Ён, безумоўна, сарваў бы падпісаньне, але пры адной умове: дзеля гэтага Пазьняк павінен быў быць у залі перамоваў, што было магчыма толькі пры наяўнасьці ў яго дэпутацкага мандату.

На выбарах Вярхоўнага Савета 13-гаскліканьня ў 1995 годзе лукашэнкаўцы сканцэнтравалі ўвагу на акрузе ў Смаргоні, дзе балятаваўся Пазьняк. Дапамаглі ім у гэтым камуністы-калякінцы. Сьціплы лекар, які выступаў “апанэнтам” Пазьняка, пазьней быў адзначаны за выкананьне сваёй ролі высокай пасадай.

Цяпер, праз гады, бачна: тое, што ў 1995 годзе ніводзін з дэпутатаў Апазыцыі БНФ ня быў прапушчаны ў ВС-13, было ня нейкай недапрацоўкай “фронтаўцаў” – а галоўнай на той момант мэтай антынацыянальнай прэзыдэнцкай адміністрацыі. Адсутнасьць у парлямэнце палітыкаў з выразнай нацыянальнай арыентацыяй прывяла да ратыфікацыі беларуска-расейскіх пагадненьняў і зрыву імпічманту.

Але тое ўжо адбывалася без фізычнай прысутнасьці Пазьняка ў Менску.

У мяне часта пытаюцца пра абставіны нашай з Пазьняком эміграцыі.

Рашэньне пра выезд з Беларусі ў Кіеў Пазьняк прыняў імгненна – а вось заяву пра палітычны прытулак мы зь ім удвух абмяркоўвалі не адзін тыдзень.

У чэрвені 1996-га мы з Пазьняком скарыстоўвалі ўсе магчымасьці, каб праз польскую прэсу і акрэдытаваных у Варшаве заходніх журналістаў данесьці, што ў Беларусі фармуецца дыктатура. У Менску спэцназаўцы дубінкамі разганялі мітынгі, зьявіліся першыя палітвязьні, – а ў гэты час Лукашэнку прымалі ў Парыжы, і ўспрымалі яго як падлетка, чые праблемы “пераходнага ўзросту” усяго толькі трэба было перажыць. Альбо перадаверыць іх бацькам – у ролі якіх Захад бачыў крамлёўскіх палітыкаў.

“Расея – дэмакратычная краіна, і Ельцын навучыць Лукашэнку дэмакратыі” – сказаў нам у Празе кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта Вацлава Гавэла.

Аргумэнтам, які зьнішчыў апошнія ваганьні, была сустрэча ў Сэнаце ЗША, дакладней – у офісе сэнатара-члена камітэту па міжнародных справах. Выслухаўшы нашыя аргумэнты на карысьць таго, што Вашынгтон павінен ціснуць на Маскву, што Расея ніколі не выступіць у адносінах да Беларусі “лакаматывам дэмакратыі”, і нарэшце, што за незалежнасьцю Беларусі – намаганьні пакаленьняў, і дэмакратычныя сілы ніколі не пагодзяцца на яе ліквідацыю, мы пачулі словы, якія нас шакавалі:

“Калі мы не пагодзімся аддаць Ельцыну Беларусь – Ельцын не дазволіць нам прасоўваць НАТА на Ўсход, уключыць у блок Прыбалтыку і некаторыя краіны былой Варшаўскай дамовы”.

Прыгадалася коласава: “Нас падзяліліі – хто? Чужаніцы”, Пра 1921 год, калі Расея і Польшча разарвалі Беларусь на кавалкі.

Але асацыяцыя з Коласам прыйшла пазьней, а ў той момант мы зразумелі, што ў гульні паміж “вялікімі” краінамі – ЗША і Расеяй – Беларусі ізноў адводзіцца роля разьменнай манеты. Прычым манеты дробнага гатунку.

Патрэбны быў нейкі крок, які б прымусіў Амжрыку (ды і ўвесь Захад) зьмяніць сваё стаўленьне да Беларусі.

Усьведамленьне гэтай неабходнасьці супала з нашым асаьбістым становішчам. У той момант, знаходзячыся ў Вашынгтоне, мы ўжо мелі пэўную інфармацыю адносна таго, якія варыянты распрацаваныя для нас у самай блізкай прэспэктыве спецслужбамі. Пра адзін зь іх прагаварыўся кіраўнік Камітэту ў справах бясьпекі Дзярждумы Расеі Віктар Ільлюхін: маўляў, ЦРУ плянуе забіць у Варшаве лідэраў БНФ і спісаць гэта на спэцслужбы Лукашэнкі; вось толькі пакуль яшчэ ня вызрашылі, аднаго забіваць, ці – адразу дваіх.

“Я лічу, што Пазьняк і Навумчык свае магчымасьці ў гэтым сэнсе амаль што вычарпалі – для іх ужо не засталося легальнай магчымасьці барацьбы, і сапраўды паўстала пагроза менавіта фізычнага зьнішчэньня, – пракамэнтаваў тады сытуацыю Васіль Быкаў. – Калі ў Маскве Ільлюхін агучыў пэўныя пляны, дык можна меркавць з пэўнасьцю, што гэта ня пляны ЦРУ, гэта пляны беларускага кіраўніцтва... І ў дадзеным выпадку патрабаваць ад іх вярнуцца – гэта ўсё роўна, што патрабаваць зьдзейсьніць учынак камікадзэ”.

Тыя, хто пазьней будуць пісаць, што паміж турмой і эміграцыяй Пазьняк выбраў апошняе, – наўмысна альбо несьвядома будуць ігнараваць той факт, што выбар быў якраз іншы. Выбар быў паміж сьмерцю і жыцьцём, і мы выбралі – жыцьцё.

Мы разумелі, што просьба пра палітычны прытулак –рызыка: калі б нам адмовілі (а на гэта працавала маскоўская і менская дыпляматыя), было б прызнана, што ў Беларусі ўсё добра, а палітычны аўтарытэт Пазьняка быў бы зьнішчаны. З другога боку, калі б Міністэрства юстыцыі ЗША (якое дзейнічае незалежна ад Дзярждэпартамэнту) прыняла станоўчае рашэньне, гэта прымусіла б амэрыканскую дыпляматыю прызнаць наяўнасьць у Беларусі дыктатуры і карэным чынам зьмяніць стаўленьне да афіцыйнага Менску.

Адбылося тое, на што мы спадзявалі: адразу пасьля наданьня палітычнага прытулку і прэсавай канфэрэнцыі ў Кангрэсе ЗША амэрыканская прэса зьвярнулася да падзеяў у Беларусі; New York Times зьмясьціў рэдакцыйны артыкул, у загалоўку якой кіраўнік Беларусі быў названы тэранам. “Краіна мяняе статус” –канстатавала ў тыя дні “Наша Ніва”. І падзеі восені 1996-га адбываліся пры пільнай увазе сусьветнай супольнасьці.

“Калі Пазьняка пасадзілі ў турму, а тым больш забілі б – абураны народ выйшаў бы на вуліцы” – такое я чуў у 96-ым, падобнае часам гучыць і зараз.

Той, хто так кажа, пераносіць вопыт іншых краінаў і іншых народаў на Беларусь. Ды вось толькі не спрацоўвае ў Беларусі тое, што было ў Чэхіі, Польшчы ці Ўгоршчыне, дзе палітычныя вязьні альбо забітыя ахвяры сапраўды рабіліся, як ні цынічна гэта прагучыць, каталізатарам хвалі народнага супраціву.

“Я б радаваўся, калі б мяне зьбілі ў залі парлямэнту – гэта аўтаматычна ганантавала б мне пераабраньне” – напаўжартам-напаўсур’ёзна сказаў польскі дэпутат пасьоля нашага зьбіцьця ў Авальнай залі ў 95-ым.

“Мала вам далі” – гэтак казаў шмат хто з нашых выбаршчыкаў.

У камуністычнай Чэхаславаччыне штогод у дзень самаспаленьня Яна Палаха адбываліся масавыя акцыі – хто ў Беларусі прыгадае імёны людзей, якія сябе палілі ў знак пратэсту (а такія людзі былі)?

У Польшчы генэралы нічога не маглі зрабіць з папулярнасьцю Леха Валенсы ды інтэрнаваных лідэраў “Салідарнасьці” – дзе цяпер тыя беларускія палітвязьні, якія ня месяц і не год адскдзілі ў турма? Не хачу называць прозьвішчаў – але гэтыя некалькі мужных асобаў (я называю іх мужнымі, хаця і ня ўсе іх погляды падзяляю) – выціснутыя з “першых роляў” апазыцыі.

У чым жа галоўная рохьніца паміж намі і эўрапейскім суседзямі? У больш як двухстах гадах расейскай акупацыі. Гэта – час, калі разьвіцьцё нацыі спынілася.

Пазьняк аднойчы заўважыў, што па шмат якіх парамэтрах (навукаёмістасьць прамысловасьці, наяўнасьць высокаадукаваных спэцыялістаў, разьвіты аграрны сэктар, выключна выгоднае геапалітычнае становішча, ідэальныя суадносіны памераў тэрыторыі і насельніцтва і гэтак далей) – Беларусь на старце “вясны народаў” пачатку 90-ых апярэджавала сваіх суседзяў. Адставала толькі па адным – па ўзроўню нацыянальнай сьвядомасьці. Прайшоў час – і зрабілася зразумелым, што менавіта гэты фактар і быў вызначальным.

Што ж – значыць, менавіта гэта павінна зрабіцца галоўнай мэтай і палітыкаў, і звычайных грамадзянаў, усіх, хто не жадае зьнікненьня беларускай дзяржавы з мапы сьвету.

“Час Пазьняка яшчэ не настаў, хоць можа падацца, што ён мінуў”, – сказаў Васіль Быкаў перад тым, як сышоў у Вечнасьць.

“Рабі сёньня!” – часта кажа мне (і іншым) Пазьняк, маючы на ўвазе, што мы ня ведаем свайго лёсу, і ня зробленае сёньня можа застацца ніколі ня зьдзейсьненым. Сам Пазьняк у гэтым – найлепшы прыклад выкарыстаньня часу. Палітычная яго дзейнасьць у якасьці старшыні Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ навідавоку, але акрамя яе, ёсьць яшчэ і выдавецкая – у заснаваным ім “Беларускіх ведамасьцяхі” ён выпусьціў два дзесятка кніг, сярод якіх вызначу “Канцэпцыю новага Беларускага Адраджэньня” (пакуль у трох тамах) – гэта тэксты ня толькі пра мінулае, але і на будучыню.

Пазьняк дзеліць ён час паміж Варшавай і Нью-Ёркам, часта з-за пільных спраў сьпіць па тры гадзіны на суткі, а падтрымкай – любімая жонка Галіна, дачка Надзя, а цяпер яшчэ і ўнукі. І, канешне, сябры.

Не хапае толькі аднаго – Беларусі.

... Неяк у Нью-Ёрку Пазьняк сказаў: “Вось будзе вольная Беларусь, паедзем у Суботнікі, я там ведаю месца (ды там усе навокал прыгожае), адкаркуем пляшку самагонкі, выпьем па сто грамаў – і запяем песьню...”

Я даўно ўжо не ўжываю моцных напояў, невысока цаню свае вакальныя здольнасьці, але калі вернемся – абавязкова наведаем ягоныя родныя Суботнікі. Зь мясцовым напоем, думаю, праблемаў ня будзе, і з песьняй – таксама.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)