Общество

Настаўнікі: «Загадалі, каб пасьля выходных усе дзеці вярнуліся ў школы»

Цяпер клясныя кіраўнікі павінны праводзіць працу з бацькамі, каб тыя вярнулі дзяцей на заняткі ў школы і гімназіі, піша Радыё Свабода.

У Беларусі няма дыстанцыйнай формы навучаньня, вучыцца можна толькі ў школе альбо дома па індывідуальным вучэбным пляне, калі на тое ёсьць уважлівая прычына, пацьверджаная дакумэнтам. Заява бацькоў такім дакумэнтам ня лічыцца. Таму 29 красавіка ўсе дзеці павінны быць у школе.

«Нам загадалі забясьпечыць 100% яўку зь серады»

Цяпер клясныя кіраўнікі павінны праводзіць працу з бацькамі, каб тыя вярнулі дзяцей на заняткі ў школы і гімназіі. Гэта Радыё Свабода пацьвердзілі некалькі крыніцаў.

— Нам загадалі забясьпечыць 100% яўку зь серады. А ў пятніцу ў нас па раёне па першай зьмене наведвальнасьць была 31%, па другой зьмене — 23,5%, — сказала Свабодзе супрацоўніца аддзелу адукацыі аднаго з раёнаў Менскай вобласьці.

Літаральна кожны дзень Міністэрства адукацыі прысылае па некалькі інструкцый, якія адна адной супярэчаць. Раней інструкцыя была такая: калі вучань заставаўся дома, але рабіў хатнія заданьні і зь ім была зваротная сувязь, можна было ставіць адзнакі і лічылася, што ён вучыцца, тлумачыць чыноўніца.

— А цяпер афіцыйна абвешчана, што ў Беларусі няма дыстанцыйнага навучаньня — першая намесьніца міністра адукацыі Ірына Старавойтава патлумачыла, што няма такой формы навучаньня.

Сёньня ў раённы аддзел адукацыі прайшло тлумачэньне Мінадукацыі. Там дакладна прапісана, што калі вучань быў на ўроку, яму ў журнале ставіцца адзнака, калі ня быў — літара «н». І адзначана, што можна пераходзіць на індывідуальны вучэбны плян. Але індывідуальны вучэбны плян — гэта зусім іншая форма, яна патрабуе зацьвярджэньня пэдагагічнай радай. І падстава павінна быць пацьверджана дакумэнтальна, даведкай, — кажа супрацоўніца аддзелу адукацыі.

У тых, хто не наведвае заняткі, могуць быць праблемы з атэстацыяй за год

Прычым спасылка ідзе на пастанову Савету міністраў № 208 «Аб увядзеньні абмежавальнага мерапрыемства».

Для тых, хто на самаізаляцыі, навучальны працэс можа быць арганізаваны паводле індывідуальнага вучэбнага пляну. То бок атрымліваецца, што навучацца паводле такога пляну могуць дзеці, у якіх ёсьць даведка ад лекара, што яны хварэюць, або калі сям’я афіцыйна на самаізаляцыі.

Такім чынам Мінадукацыі падштурхоўвае бацькоў адпраўляць дзяцей у школу.

Калі дзіця ня ходзіць у школу ў чацьвёртай чвэрці, яго атэстуюць. Але гадавая адзнака будзе выстаўляцца не па выніках, да прыкладу, трох чвэрцяў, а лічыцца па-іншаму.

— Паводле апошняга ўказаньня Мінадукацыі, калі адсутнасьць дзіцяці ў школе не пацьверджана дакумэнтальна, пры выстаўленьні гадавой адзнакі сумуюцца адзнакі за тыя чвэрці, калі вучань хадзіў у школу, і сума павінна дзяліцца на чатыры, — кажа супрацоўніца аддзелу адукацыі.

Кадравічку з тэмпэратурай адправілі дадому, яшчэ ў адной настаўніцы ўзялі тэст на каранавірус

Цяпер у школу ходзіць прыкладна чвэрць дзяцей. Выключэньне — выпускная 11-я кляса, там дзяцей прыходзіць больш, бо патрэбны сярэдні бал атэстата, сказала клясная кіраўніца адной са сталічных гімназій.

— У нас сёньня кадравічку з тэмпэратурай адправілі дадому, яшчэ ў адной настаўніцы ўзялі тэст на каранавірус. Навошта ставіць у небясьпеку дзяцей?

У маёй 10-й клясе сёньня з 24-х было 4 чалавекі. Так, на ўроках яны сядзяць далёка адзін ад аднаго, аднак на перапынках усё адно групамі тусуюцца, у сталовую ходзяць разам, — кажа настаўніца.

Спачатку выкладчыкаў прымушалі наладзіць дыстанцыйнае навучаньне. Але гэта не атрымалася: усім настаўнікам загадалі падключыцца да плятформы Moodle, тая адразу «легла». Да таго ж не ўва ўсіх нават сталічных дзяцей з гімназій ёсьць камэра і мікрафон і вельмі хуткі інтэрнэт, — працягвае настаўніца.

— А цяпер нам абвясьцілі, што дыстанцыйнага навучаньня ў краіне няма. Мінадукацыі дае па некалькі інструкцый на дзень, і адна адной супярэчыць. Прычым усе інструкцыі даюць на адзін дзень, а цягам дня яшчэ ўсё мяняецца.

«За выходныя я павінна ўгаварыць бацькоў, каб у сераду ўсе прывялі дзяцей у школу»

— Спачатку ў Мінадукацыі здаровая прапанова была — атэставаць дзяцей па выніках трох чвэрцяў, кажа настаўніца менскай гімназіі.

Аднак учора завуч атрымала іншае распараджэньне: атэставаць і за чацьвёртую чвэрць усіх, а хто ня ходзіць, атрымаюць гадавыя ацэнкі ніжэйшыя — бо суму адзнак за тры чвэрці падзеляць на 4.

Вось зараз за выходныя я павінна ўгаварыць бацькоў, каб у сераду ўсе прывялі дзяцей у школу, — дзеліцца сваімі праблемамі клясная кіраўніца.

Працы ў настаўнікаў стала яшчэ больш, бо даводзіцца весьці ўрокі, а пасьля рассылаць хатнія заданьні, правяраць іх.

— Сёньня прыйшло 4 чалавекі, я павінна правесьці паўнавартасны ўрок зь імі. А потым я яшчэ рассылаю тым, хто ня ходзіць, — каму ў вайбэры, каму па электроннай пошце, правяраю ўвесь вечар. Рыхтуюся да заўтрашняга ўроку. Ніхто нікому за перапрацоўку не даплачвае.

На маю думку, ня трэба прымушаць дзяцей ісьці ў школу. Чацьвёртая чвэрць — ня самае галоўнае, у асноўным паўтарэньне, замацаваньне матэрыялу. У каго ёсьць жаданьне і матывацыя — сам нешта пачытае. Лепш бы далі дзецям дагуляць, а калі скончыцца гэтая эпідэмія, увосень нагнаць, — перакананая настаўніца.

Как родители «попросили» прекратить каникулы. На личном примере

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 1.3(82)