Общество

Наталля Север

Настаўніца з грамадзянскай пазіцыяй: «У РАУС стаяла, пакуль не страціла прытомнасць»

«Салiдарнасць» распавядае, як жыве звольненая жыхарка Белаазёрска, якая спрабавала адстаяць свае правы праз суд.

Фота з архіва гераіні

— Яшчэ ў снежні 2020, калі мяне затрымалі падчас урока, увесь калектыў падпісаў некалькі лістоў у маю падтрымку. Не прайшло і паўгода, і гэты ж калектыў мне сказаў: ведаеце, мы нічога зрабіць не можам. Калі б я ў той час была старшынёй прафкама, звольнілася б сама — не змагла б з гэтым жыць. А людзі жывуць і працуюць, нібыта мяне там і не было, — усё яшчэ перажывае Таццяна Брыч.

Гісторыю гэтай смелай настаўніцы з Белаазёрска краіна даведалася вясной 2021 года, калі яе звольнілі са школы, у якой яна без адзінай заўвагі працавала амаль 24 гады, за «здзяйсненне амаральнага ўчынку», несумяшчальнага з працягам працы настаўнікам.

Абсурд фармулёўкі можна было б апраўдаць рэаліямі нашага жыцця. Але настаўніца не збіралася мірыцца ні з абставінамі, ні з хамствам кіраўніцтва школы і горада.

Нягледзячы на затрыманні і велізарны штраф, яна праз суд спрабавала даказаць неправамернасць свайго звальнення. Аднак, чакана, суд Таццяна прайграла, i з краіны ў выніку з’ехала.

Жанчына расказала «Салідарнасці», якія падзеі адбыліся ў яе жыцці пасля гучнага звальнення i суда, а таксама падзялілася сваімі думкамі наконт таго, у што ператварылася адукацыя ў цяперашняй Беларусі.

«Абяцалі, калі падпішу паперкі аб супрацоўніцтве, мяне не пасадзяць у ІЧУ»

— 15 траўня 2021 года выходзіла з чарговага паседжання суда, дзе разглядалі маю справу, і на выхадзе мяне ўжо чакалі два «красаўца» з крымінальнага вышуку Бярозаўскага РАУС, — успамінае суразмоўца. — У той дзень мяне затрымалі нібыта за нейкае фота са сцягам, на якім не было бачна людзей наогул. Але нашыя міліцыянты самі вырашылі, хто там нібыта быў, і затрымалі не толькі мяне, а яшчэ некалькі актывістаў.

Настаўніцу цэлы дзень вазілі па міліцэйскіх установах, спачатку ў самім Белаазёрску, а потым у райцэнтры — Бярозе.

— Праз кожныя паўгадзіны яны мне казалі: «Вас спасет только сотрудничество». Абяцалі, што калі я падпішу паперкі аб супрацоўніцтве, мяне адпусцяць і не пасадзяць у ІЧУ.

Я казала, што не ведаю нічога з таго, што было б для іх карысным. А таксама, што мяне няма на тых фотаздымках. І, ведаеце, яны са мной пагаджаліся, маўляў, можа і няма, але калі пасадзяць мяне, то да іх быццам бы адразу прыйдуць «сапраўдныя правапарушальнікі».

Логіка фашысцкая, яны таксама ў гады вайны шантажавалі сваякоў і суседзяў партызанаў ды падпольшчыкаў. Маральна яны здзекаваліся і аказвалі ціск усю дарогу. Пакінуць мяне адну на гадзіну і пачынаюць раз-пораз забягаць, нагадваючы пра тое супрацоўніцтва. Увогуле я з імі правяла з 10 раніцы да 6 вечара, — кажа Таццяна.

У Бярозаўскім РАУС, куды яе прывезлі разам з яшчэ некалькімі хлопцамі з Белаазёрску, моцна пахла свежай фарбай, што яшчэ больш пагаршала стан затрыманых:

— Пах стаяў вельмі моцны, у мяне разбалелася галава: і ад таго, што не ела ўвесь дзень, і ад фарбы. Я ледзь дыхала. Разам са мной быў Віктар Хлябец, у яго цукровы дыябет, ён інсуліназалежны. Віктар таксама казаў ім, што яму дрэнна, што ў яго цукар падае, але на яго не звярталі ўвагі, як і на мяне. Потым Віктара павялі афармляць у ІЧУ, а мне сказалі пачакаць.

Я стаяла там ля акенца, пакуль не страціла прытомнасць. Тады яны вызвалі хуткую дапамогу, — дзеліцца жудаснымі падрабязнасцямі суразмоўца «Салiдарнасцi».

У Бярозаўскай лякарні ў Таццяны дыягнаставалі ковід, аказалася, што ў яе да таго ж была высокая тэмпература. У бальніцах жанчына правяла больш за месяц.

— У мяне была вельмі цяжкая форма, моцнае запаленне лёгкіх, я ледзь не памерла. Але ж у лякарню мяне суправаджаў міліцыянт, думаў, што я збягу, хоць і бачыў, што ў мяне ногі не ішлі.

На наступны дзень, калі я таксама ляжала і не магла ўставаць, да мяне зноў прыйшоў міліцыянт з Бярозы з пратаколам «за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве». Я не вытрымала, кажу: «Як вам не сорамна, паглядзіце, у якім я стане!?». Ён толькі вочы апусціў.

Я запатрабавала копію пратакола. Ён не хацеў даваць, маўляў, дзе яе зрабіць, але пасля прынёс. Гэтую копію забрала адвакат, якая абараняла ўсіх нас, затрыманых у той дзень па гэтай справе.

На першым жа пасяджэнні справа развалілася, бо не было ніводнага доказу. Дарэчы і пратаколы ўсе зніклі, толькі тая копія і засталася, — кажа Таццяна.

«З’явілася маё фота з подпісам «Разыскиваемый преступник»

Пасля месяца ў бальніцы яшчэ шмат часу яна знаходзілася на рэабілітацыі. А калі вярнулася дадому, пачала шукаць працу.

— Я змагла працаваць дыстанцыйна рэдактарам-карэктарам. Бацькі і вучні, прычым з розных гадоў, нават выпускнікі, дапамагалі мне і тады, і дагэтуль, за што я ім вельмі ўдзячная. Гэта была неверагодная і вельмі патрэбная падтрымка.

Органы на пэўны час ад мяне адсталі. У чэрвені, калі я далечвалася, адбыўся яшчэ адзін суд па маёй справе аб звальненні. На ім адвакатка была без мяне. Зразумела, справу мы прайгралі. Потым я даведалася, што загад на мяне паступіў нават не з нашай раённай, а з абласной пракуратуры, — расказвае Таццяна.

Між тым новая дырэктар школы, якая і звольніла настаўніцу, ніводнага разу не пацікавілася яе справамі і станам здароўя.

— Калегі цікавіліся і дапамагалі. А дырэктар, нават калі бачыла мяне на вуліцы, ледзь не ўцякала.

Але ж большасць вучняў майго класа прыйшлі да мяне рыхтавацца да ЦТ, і я займалася рэпетытарствам. Ніхто з іх не баяўся са мной мець зносіны, дзякуй ім вялікі за гэта.

З краіны я не бегла, ніякага трыгеру не было. Мне проста зрабілі прапанову, ад якой я не змагла адмовіцца. Мяне запрасілі ў Францыю наглядаць за двума дзяўчынкамі-падлеткамі, якія жылі асобна ад бацькоў, таму што вучыліся ў Парыжы.

У мяне французская мова — базавая, я магу выкладаць і французскую, і рускую, і зараз выкладаю беларускую мову, і давучваю польскую.

У Францыі мне прапанавалі поўны пансіён, праязны на ўсе віды транспарту і цэлы вольны дзень. Дзяўчынкі вярталіся са школы, мы праводзілі разам толькі вечар і ноч. За астатні час я вывучыла ўвесь Парыж, абышла кожны куток, чаму была вельмі рада. Гэта быў проста падарунак лёсу, — успаміны вяртаюць Таццяне ўсмешку.

Яна кажа, што ўвесь гэты час працягвала дыстанцыйна займацца са сваімі вучнямі з Белаазёрску, і прызнаецца, што па заканчэнні паўгадавога кантракту ў чэрвені збіралася вярнуцца дамоў. Але не змагла.

— У лютым зноў затрымалі Віцю Хлябца. Да самага суда мы не ведалі нават за што. Падчас працэсу высветлілася — нібыта за каментар па «справе Зельцэра» у закрытым чаце.

Праз месяц затрымалі яшчэ адну дзяўчыну з нашай суполкі. Яе выпусцілі, але ж яна не стала з намі гаварыць, таму што дала падпіску аб неразгалошванні. Пасля мяне папярэдзілі аб тым, што лепш не вяртацца, бо вялікая верагоднасць, што і мяне таксама хацелі затрымаць па гэтай жа справе.

І хоць я добра ведала, што нідзе не пакідала ніякіх каментароў, вяртацца не стала. Як аказалася, мела рацыю. Віцю судзілі, у выніку яму далі год і шэсць месяцаў. Зараз ён прызнаны палітвязням.

А ў галоўным чаце Белаазёрску нядаўна з’явілася маё фота з подпісам «Разыскиваемый преступник, скрывшийся от следствия». То бок на мяне падалі ў вышук, хоць на мой адрас ніякіх папер не дасылалi.

Пасля гэтага прыходзілі да майго мужа і да бацькоў. Яны сталыя людзі, ужо спалі, і а дзясятай гадзіне ўвечары да іх прыйшлі, перапужалі, пыталі пра мяне: дзе я, калі з’ехала, — расказвае Таццяна.

З Францыя яна паехала ў Варшаву, дзе атрымала міжнародную абарону. У Польшчы настаўніца працягвае займацца з вучнямі з Беларусі, таксама выкладае беларускую мову для дзяцей у Варшаве.

«Гэта ў 2020 годзе ўсе былі смелыя, а ў 2021-м ужо згвалтаваныя, перапужаныя»

Таццяна Брыч — не проста настаўніца з вялікім вопытам, яна вельмі любіць сваю прафесію і да апошняга дня хадзіла на работу з задавальненнем.

Гледзячы на тое, што зараз адбываецца ў беларускай сістэме адукацыі, не маглі не спытаць у яе, як яна да гэтага ставіцца:

— Урокі па ідэалогіі былі заўсёды. Але ж тое, як яны праходзілі, залежала ад класнага кіраўніка. У мяне хапала розных тэм, акрамя прапанаваных уладай. І дзецям было цікава тое, пра што распавядала.

Зразумела, у канспект уроку мы пісалі тое, што ад нас патрабавалі. Так рабілі амаль усе настаўнікі. На гэты конт мяне праверылі адзін раз у 2020 годзе, пасля таго, як я пачала ўдзельнічаць у пратэстах. Да мяне на такі ўрок заявіўся сам кіраўнік гарадской улады. Але мне ён ніякіх заўваг не зрабіў.

Зараз знаёмыя расказалі, што дзесьці даходзіць да абсурду. У адной менскай школе на педсавеце настаўнікаў прымусілі спяваць гімн, дырэктар назірала за гэтым і рабіла заўвагі тым, хто не ведаў слоў. Кажуць, што цяпер па заканчэнні кожнай чвэрці дзяцей будуць выводзіць на лінейкі і таксама прымушаць пець гімн.

— Вы добра ладзілі з дзецьмі, ці можна іх такім чынам прымусіць палюбіць дзяржаву?

— Шчыра кажучы, мне ад гэтага смешна. Сілком нікога нельга прымусіць, асабліва дзяцей. І я гэта ведаю дакладна. Перад маім звальненнем у нашу школу прыехала вялікае кіраўніцтва на чале са старшынёй райвыканкаму. Думаю, што гэты былі такія «выхаваўчыя мерапрыемствы», у першую чаргу, для мяне.

Яны сагналі ў актавую залю старшакласнікаў, у тым ліку і мой дзясяты клас, паставілі экран, на якім ішла прэзентацыя, і старшыня раёну пачаў лекцыю… пра ВНС (Усенародны сход — С.).

Гэты вельмі коснаязыкі чалавек распавядаў пра сход, а потым яшчэ і пра тое, як дрэнна жывецца людзям на Захадзе, як там галадаюць і гэтак далей.

Спачатку дзеці сядзелі ў тэлефонах і быццам бы не звярталі ўвагу. Але калі ён пачаў расказваць пра «загніваючы Захад», яны сталі смяяцца. Наш кіраўнік аж пачырванеў! Няўжо ён чакаў іншай рэакцыі? На што яны ўвогуле разлічвалі?

Што тычыцца прыватных школ, якія апошнім часам закрылі, то ў мяне зараз займаецца шмат дзяцей, якія вучыліся ў Беларусі менавіта ў прыватных школах. У іх вельмі высокі ўзровень. Яны здолелі добра вучыцца і ў польскіх школах, і на дадатковых занятках у нас.

— Што больш за ўсё раздражняла вас у беларускай школе?

— Мне не перашкаджала шмат папер, на якія скардзіцца шмат хто з настаўнікаў, бо я была хітрэйшая. Я адмаўлялася верыць на слова тым, хто патрабаваў ад мяне пісаць нейкія паперы. Да таго ж нейкі час я працавала намеснікам дырэктара школы і добра вывучала ўсе нарматывы.

Сярод іх быў ліст міністэрства адукацыі «Аб дакументаабароце», з якога было зразумела, што насамрэч афіцыйна патрабуецца значна менш усялякіх справаздач, чым даводзяць на месцах.

Там пералічвалася ўсе, што павінен мець настаўнік, і на той час гэты было ўсяго пяць асноўных дакументаў: школьны журнал, дзіцячыя дзённікі, каляндарнае планаванне, план-канспект уроку і пашпарт класу для класнага кіраўніка.

Пры гэтым кожная камісія падчас праверкі чамусьці выстаўляла яшчэ шмат дадатковых патрабаванняў. У мяне прасілі спіс і з 20 дакументаў, якія я нібыта павінна была падрыхтаваць. На гэта я паказвала ім раздрукаваны ліст Мінадукацыі — і ўсе пытанні на гэтым адпадалі.

Між тым я не аднойчы тлумачыла гэта ўсім настаўнікам, каб яны не рабілі лішнюю працу.

— А чаму яны ўсё ж яе робяць, яны такія неразумныя ці так баяцца?

— Так, баяцца. І ад гэтага страху ў іх адымае розум. Я таксама была і старшынёй прафсаюзу ў сваёй школе, збірала ўсіх, казала, спрачайцеся, адстойвайце свае правы, не выконвайце незаконныя загады. Але ж нашы людзі лепш гатовыя прыстасавацца да ўсяго. Я не рабіла залішняй работы і ніхто мяне не чапаў.

Тым часам мяне саму забіваў у школе фармалізм, калі галоўнае — не правесці, а запісаць, што правялі, паставіць тую галачку. Для мяне гэта было самае страшнае, таму што ты ўвесь час павінен рабіць выгляд, што нешта робіш.

— Але каб супрацьстаяць гэтаму, трэба мець пэўнаю мужнасць.

— Я шмат праз што прайшла ў сваёй школе. Падчас маёй работы ў прафкаме мы нават знялі дырэктара. У нас было сапраўднае супрацьстаянне. Яе не мог звольніць райвыканкам, таму што яна ехала далей у аблвыканкам, і там ёй падпісвалі кантракт.

Зараз у тое цяжка паверыць, бо і прафсаюз перастаў быць той арганізацыяй, якой павінен быць. Але тады да нас прыязджалі з аблвыканкаму разбірацца, і ўсё ж мы адстаялі сваю пазіцыю.

Бывала такое, што да нас у школу кожны месяц прыходзіла кіраўніцтва раёну, і на мяне ціснулі: ну што вы, у вас аўтарытэт, за вамі ідзе калектыў, вы павінны тое і тое.

Але я заўсёды стаяла на баку правоў настаўнікаў, і калектыў менавіта за гэта мяне паважаў і падтрымліваў, стаяў за мяне гарой. І я адчувала гэтую падтрымку.

А вось калі мяне звальнялі ў мінулым годзе, калегі прыйшлі да мяне ў кабінет, гэта быў цэлы педсавет, яны казалі нейкія словы, сабралі мне грошы, але за мной у знак салідарнасці ні адзін не пайшоў.

А я, як былы намеснік дырэктара, ведаю, што калі б заявы на звальненне пакінулі ўсяго пяць чалавек, рухнуў бы ўвесь працэс. Нават не трэба было большасці ці паловы. Хапіла б пяці настаўнікаў, каб пасярод навучальнага года паляцеў увесь расклад заняткаў. І з усяго калектыву, з тых людзей, якія ў 2020 годзе са мной хадзілі на плошчу, падпісвалі ўсе прамовы, усе лісты, не знайшлося нават пяці чалавек.

Гэта ў 2020 годзе ўсе былі смелыя, а ў 2021-м — ужо згвалтаваныя, перапужаныя. Яны толькі плакалі. Мяне катавалі тры дні, выклікалі да дырэктара, дзе садзілася ўся адміністрацыя, раўла і прымушала напісаць заяву на звальненне па ўласным жаданні, па згодзе бакоў.

А мае калегі толькі спачувалі. Ніхто не аказаўся здольным здзейсніць учынак. Чаму? Сярод аргументаў былі і дзеці з крэдытамі, а адна настаўніца пажалілася, маўляў, ты ж разумееш, у цябе ёсць сям’я, бацькі, а ў мяне нічога, акрамя гэтай працы.

І гэты страх, нават не заўсёды абгрунтаваны, аказаўся сутнасцю многіх. Беларусы, як высветлілася, вельмі розныя. Пасля 2020 года я заўсёды кажу, што для мяне самае вялікае і радаснае адкрыццё — гэта беларусы, і для мяне самае вялікае расчараванне — гэта таксама беларусы.

Я вельмі шмат набыла людзей за гэтыя два гады, але ж я шмат і страціла, нават блізкіх, з якімі сябравала дзесяцігоддзямі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(19)