Общество

Наталля Север

Наста Базар: «Сэксуалізаваны гвалт выкарыстоўваецца як інструмент вайны»

Праваабаронца расказала «Салiдарнасцi» пра падзеі, якія выявілі самыя страшныя заганы грамадства.

— Сэксуалізаваны гвалт, свядомы ці не, ён заўсёды будзе выкарыстоўвацца як інструмент вайны. Але мне, як праваабаронцы, крыўдна і балюча, што гэта не выдзелена ў асобнае ваеннае злачынства, — разважае Наста Базар.

Фота: Аляксандра Сушчэўскага

Наста Базар — беларуская феміністка і квір-нізавая актывістка. Шмат гадоў у Беларусі яна змагалася за правы жанчын і іншых дыскрымінаваных груп людзей.

Падчас падзей 2020 года ў нашай краіне, а зараз таго, што адбываецца ва Украіне, яна найбольш моцна адчула боль згвалтаваных людзей. Таму што гвалт заўсёды быў сродкам праяўлення моцы агрэсараў.

«Салідарнасць» задала актывістцы цяжкія пытанні, якія апошнім часам усё часцей патрабуюць шчырых адказаў.

— Увесну ў вас зявіліся першыя пасты аб ахвярах сэксуальнага гвалту з Украіны, аб дзяўчынках-падлетках з Бучы, якія пасля перажытага нават гаварыць перасталі.

— Так, і гэтую інфармацыю мне пацвердзілі ў Міністэрстве аховы здароўя Украіны. Пасля да мяне патрапіў запыт украінскіх актывістак, якія шукалі наборы для збору і захоўвання рэчавых доказаў сэксуальнага гвалту Rape kit.

Калі я спытала ў іх пра маштаб бяды, мне ў адказ скінулі паведамленне адной доктаркі-гінеколага, якое тычылася стану жанчыны, якую згвалцілі. Гэта быў жах і я нават не буду яго цытаваць. Тады яны прасілі знайсці хаця б 1000 набораў.

Я стала падымаць гэтую тэму ў сацыяльных сетках. Адгукнулася шмат людзей, якія прапанавалі дапамогу, і з самой Украіны, і дактары з Еўропы. Пластычная хірургіня з Кіева прызналася, што не ўяўляла, што такое можа быць, і таксама была гатовая аказаць дапамогу.

Беларускі фонд дапамогі B*sol прапанаваў адкрыць асобны збор для тых, хто перажыў сэксуальны гвалт падчас вайны, ініцыятыву падтрымаў фонд беларускіх медыкаў, асобныя актывісткі і феміністкі. Тады за тыдзень замест заяўленых 10 тысяч еўра сабралі больш за 35.

Сродкі мы адправілі ва Украіну ў розныя бальніцы і жаночыя ініцыятывы і арганізацыі. Агулам збор набраў 60 тысяч еўра. А наборы Rape Kit каляжанкі з ініцыятывы знаходзілі дадаткова.

— Зараз пачалі з’яўляцца звесткі пра гвалт расейскіх вайскоўцаў, які яны чыняць у Беларусі. Ці вядома вам штосьці пра гэта?

— Калі пайшла хваля інфармацыі з Украіны, мы ў прынцыпе разумелі, што гэта ж будзе і ў Беларусі. Дзесьці ў маі з’явіўся аўдыязапіс дзяўчыны з Беларусі, якая расказала, што яе згвалцілі расейцы.

Пасля гэтага па актывісцкім сеткам была інфармацыя, што такіх выпадкаў, пра якія вядома, было не менш чатырох. Але ніводная з гэтых жанчын, наколькі мне вядома, не прыняла ніякай дапамогі, ні псіхалагічнай, ні нейкай іншай.

І мне зразумела чаму. Таму што гвалт у нашым грамадстве нармалізаваны. Да таго ж гэтыя выпадкі былі ў невялічкіх гарадах ці вёсках каля мяжы, дзе размяшчаюць расейскіх вайскоўцаў. І гэта тыя жанчыны, якія хутчэй будуць маўчаць, чым прызнаюць, што яны ахвяры і што ім патрэбна дапамога.

— Як яны наогул штосьці расказалі?

— Асабіста я чула толькі той аўдыёзапіс, які патрапіў у сацсеткі. Гэта запіс дзяўчыны, якая плача і расказвае, як яе зацягнулі ў машыну і згвалцілі. 

Нядаўна ва ўкраінскіх СМІ пісалі, што такіх выпадкаў на тэрыторыі Беларусі ўжо нашмат больш. Але сярод актывісцкага сектару з беларускага боку я такую інфармацыю не знайшла.

І ўсё ж важна разумець, што гэта ўсё роўна ёсць і будзе, незалежна ад таго, ці будзем мы аб гэтым ведаць. Калі казаць пра Беларусь, пра 2020 год, дакладна быў сэксуалізаваны гвалт — і ў дачыненні да жанчын, і ў дачыненні да мужчын.

Нарэшце гэта прызналі і міжнародныя эксперты. На жаль, групы, якія дыскрымінуюцца ў мірны час, у розных стрэсавых сітуацыях, як рэвалюцыя і вайна, дыскрымінуюцца яшчэ болей.

Ужо ёсць доказы і гэта вельмі страшна. Але ж дагэтуль мы не ведаем маштаб, як і не ведаем мы сапраўдную колькасць забітых.

— Што тычыцца не канкрэтна дадзеных выпадкаў, а наогул праблемы гвалту, вы канстатуеце жудасныя рэчы: жанчыны, якіх гвалцяць, не разумеюць, што яны ахвяры і што ім патрэбна дапамога.

— Так, у нас вельмі вялікая стыгматызацыя сэксуальнасці, сэксу, і нармалізацыя гвалту. Больш таго, у нас вельмі распаўсюджаны вікцімблэймінг, калі абвінавачваюць саму ахвяру, што пацярпела, а не агрэсара. Першыя думкі, якія з’яўляюцца ў большасці ў такія моманты: што зрабіла сама жанчына такога, што яе згвалцілі, і другія — ці не хлусіць яна.

У выпадку з той жанчынай, голас якой апынуўся ў сацсетках, думаю, нават калі б былі фота і відэа, усё роўна многія б сказалі, што яна хлусіць. Бо такое стаўленне ў нас у грамадстве. Сітуацыя такая ж, як і з хатнім гвалтам.

Наогул ахвярам сэксуальнага гвалту шмат хто не верыць. Для мяне гэта, на жаль, чакана. Статыстыка, якая збіралася на гэту тэму, кажа, што заявы пра гвалт толькі ў 2 адсотках з’яўляюцца няпраўдай. То бок у 98 адсотках гэта праўда. Яшчэ вялікая праблема ў тым, што па статыстыцы, толькі 15 адсоткаў згвалтаваных звяртаюцца куды-небудзь.

— І ўсё ж існуюць нейкія алгарытмы дзеянняў?

— Як і ў любым злачынстве, патрэбныя доказы. І для мяне гэта моцная рэтраўматызацыя. Бо я разумею жанчын, якія не хочуць аб гэтым казаць.

Ёсць яшчэ адна праблема: у міжнародным гуманітарным праве сэксуалізаваны гвалт не з’яўляецца ваенным злачынствам. Гэта лічыцца інструментам ваенных злачынстваў ці генацыду.

Важна разумець, што сэксуалізаваны гвалт заўсёды выкарыстоўваўся ва ўсіх войнах. Калі я пачала для сябе даследаваць гэту тэму, самым моцным шокам было тое, што гэта робяць два бакі.

Напрыклад, амерыканскія добраахвотнікі падчас Другой сусветнай вайны гвалцілі французскіх жанчын і потым у сведчаннях яны ўспрымалі гэта як узнагароду за тое, што яны вызваляюць краіну.

У савецкай арміі было вельмі шмат такіх прыкладаў, толькі аб гэтым ніхто не кажа. Усе прыклеілі лэйбл «перамога» і маўчаць. Я думаю, што ў прынцыпе гэта і паўтараецца, таму што не было ніякіх рэфлексій на гэты конт. Рэфлексія была толькі ў адзін бок, што мы перамаглі. А колькі пераможцы нарабілі ахвяр, гэта не згадваецца.

Калі казаць пра тое, што мы можам зрабіць, то я бачу доўгатэрміновыя дзеянні па працы з грамадствам. Таму што кароткатэрміновыя — гэта «тушыць пажар». Тады ў красавіку мы моцна ўліліся ў гэту тэму. Да канца мая ва Украіне з’явілася ўжо шмат арганізацый і ініцыятыў, якія дапамагаюць.

І яны вырашаюць ужо больш канкрэтныя пытанні. Напрыклад, як збіраць доказы, якія заўсёды мелі права збіраць толькі супрацоўнікі паліцыі. Але ж зараз там шмат разбураных гарадоў, дзе няма ні паліцэйскіх участкаў, ні судмедэкспертаў.

Таму ідзе гаворка аб тым, каб наборы Rape kit былі ў праваабарончых арганізацыях, і каб нават самім жанчынам дазволілі збіраць гэтыя доказы. У тых наборах, якія перадалі беларускі, ёсць відэаінструкцыі і спецыяльныя ўкладышы з тлумачэннямі.

І гэты праваабарончы рух распаўсюдзіўся, ахвяр сэксуалізаванага гвалту, якія прыязджаюць з Украіны, ёсць куды накіраваць і ў Польшчы, і ў Літве, і ў Грузіі.

— Але, вядома, што ў Польшчы перад ахвярамі паўстае яшчэ адна праблема — там нельга рабіць аборты.

— Гэта вельмі цяжкая сітуацыя. Я ведаю, што прадстаўнікі арганізацый, якія выступаюць супраць абортаў, сустракалі цягнікі з украінкамі, якія беглі ад вайны, і адразу ўручалі ім улёткі з фотаздымкам разарванага дзіця і адпаведнымі подпісамі, што аборт гэта грэх.

Калі ўявіць, што сярод тых людзей былі і жанчыны, якіх згвалцілі і яны цяжарныя, і першае, што яны атрымалі — гэтую ўлётку, для мяне гэта жах. Асабіста да мяне такія жанчыны не звярталіся, але ў Польшчы ўжо шмат арганізацый і інiцыятыў, як польскіх, так і ўкраінскіх, якія дапамагаюць тым, хто прыязджае.

— Што тычыцца ўвогуле дапамогі ахвярам сэксуалізаваных злачынстваў, то беларускам зараз у гэтым плане нашмат горш?

— Так. Я ня ведаю, ці ёсць у Беларусі тыя, хто можа дапамагчы. І для сябе вырашыла, што не магу наладжваць працу праз тых, хто застаецца ў краіне, бо для іх гэта вялікая рызыка.

— Нейкае замкнёнае кола?

— Я прымаю, што тут мы можам зрабіць няшмат. Адзінае, што можна прапанаваць жанчынам, хаця б праз сацсеткі звяртацца да праваабаронцаў. Калі хтосьці звернецца, безумоўна, атрымае дапамогу. Таксама працуе сайт «Справка», дзе ўжо гатовыя прыклады скаргаў, якія жанчына можа пісаць самастойна. Там жа ёсць ананімны кантакт юрысткі, да якой можна звярнуцца.

Нагадаю, паколькі ў нашым грамадстве існуе стаўленне  нармалізацыі гвалту, многім жанчынам даводзіцца тлумачыць усё спачатку: хто такія праваабаронцы, што такое недзяржаўныя арганізацыі і якія яны былі.

Успомніце, колькі людзей у якіх-небудзь райцэнтрах ведалі пра тую ж «Р*дзіславу», якая ратавала жанчын ад хатняга гвалту і прадстаўляла сховішча для іх, нават калі ўсе яшчэ мелі магчымасць распаўсюджваць і атрымліваць інфармацыю?

Да 2020 года ў Беларусі большасць грамадства не ведала, што гэта такое — актывісцкі сектар, чым там займаюцца і як да іх звярнуцца.

Таму я і кажу, што менавіта зараз перад намі як ніколі паўстала доўгатэрміновыя праца з грамадствам. Мы можам мяняць яго стаўленне да гэтай праблемы, каб з часам людзі не баяліся, выказваліся і ведалі, што гэта не іх віна, што ўся віна на баку агрэсара і што іх падтрымаюць.

— Ці будуць пасля жанчыны і наогул ахвяры гвалту гаварыць?

— Пасля таго, як вясной я падняла гэтую тэму, да мяне пайшлі запыты жанчын, якія пацярпелі ад сэксуалізаванага гвалту 15-20 гадоў назад. Шмат часу яны лічылі, што павінны справіцца з гэтым самастойна. І толькі зараз, калі мы пачалі казаць пра гвалт як сурʼёзнае злачынства, некаторыя жанчыны зразумелі, які маштаб гэтай бяды і тое, што ім патрэбна дапамога, а некаторыя адчулі, што нарэшце могуць пра гэта гаварыць.

Ва Украіне падобная сітуацыя, актывісткі кажуць, што да іх таксама пачалі звяртацца жанчыны з такім вопытам, які быў яшчэ да вайны.

Вось гэтыя змены мяне радуюць, хаця сама прычына, канешне, не. Для мяне вялікае пытанне ў стыгматызацыі, з якой мы павінны змагацца. Мы выхаваны ў такіх сацыяльных канструктах, калі жанчына — аб’ект. Яна не суб’ект. І калі ёсць улада, магчымасць, мужчына разумее, што няма суседзяў, няма сведкаў, то для гвалту неабавязкова мець нават зброю.

І гэта пытанне да ўсіх нас — актывісцкага, праваабарончага, фемінісцкага сектару. Гэта не толькі наша адказнасць, але зараз час рыхтаваць глебу. Час казаць, каб жанчыны чулі, па-першае, што іх віны ў гэтым няма, а, па-другое, што ёсць людзі, якія гатовы з гэтым працаваць і дапамагаць.

Варта адзначыць, што нягледзячы на ўсё, і Беларусь вельмі змянілася за два гады. Яшчэ ў 2019 годзе я не ўяўляла сабе сітуацыі, калі магла даць за месяц больш 20 інтэрв’ю на гэту тэму, і большасць з іх — беларускім СМІ.

Пакуль я, як і многія, раблю тое, што магу, у тым ліку і распаўсюджваю інфармацыю. І пасля аднаго з інтэрв’ю мне напісала жанчына з Палтавы. Яна сказала, што яе ўсхвалявала тое, што яна пачула пра сэксуалізаваны гвалт, што ў яе ёсць дачка і яны вельмі баяцца выязджаць і не ведаюць, як гэта зрабіць.

І я па тэлефоне звязвала яе са сваімі знаёмымі, якія вывезлі іх з Украіны, прывезлі сюды, тут я іх сустрэла, адвезла ў шэлтар для людзей з вопытам бежанства. А потым мы таксама дапамаглі выехаць сяброўкам гэтай жанчыны, потым сяброўкам сябровак.

У нас атрымалася такая, як я называю, «палтаўская тусоўка». Частку з жанчын мы перавезлі ў Беласток да беларускі, якая адкрыла там дом для людзей з вопытам бежанства.

Але ж я згодная, што пра ўсе злачынствы часоў нашай рэвалюцыі і вайны ва Украіне мы даведаемся не хутка, а штосьці не пачуем ніколі. Большасць перажылі страшныя пакуты, пра якія наўрад ці захочуць гаварыць.

Паглядзіце, праз колькі год пасля вайны жанчыны далі згоду выказацца для кнігі Святланы Алексіевіч «У вайны не жаночы твар». Таму варта факусавацца на тым, што мы можам зрабіць. А кожнай жанчыне вельмі хачу сказаць — мы з табой. Разам.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.4(11)