Скандалы

«Наша Ніва»: затрымалі сына кіраўніка Віцебскай вобласці

Уладзіміра Шарснёва затрымалі некалькі тыдняў таму. Пра гэта Нашай Ніве расказалі дзве не звязаныя паміж сабой крыніцы.

Шарснёў-малодшы працаваў менеджарам дзяржаўнага «Гандлёвага дома «Віцебск», які займаецца аптовым гандлем прадуктамі харчавання. У чым прычына затрымання, пакуль невядома. Але ходзяць чуткі, што ўвагу сілавікоў прыцягнуў занадта вялікі заробак сына чыноўніка.

У сацыяльных сетках Уладзімір Шарснёў не з'яўляецца з 7 кастрычніка. На рабоце кажуць, што ён «у адпачынку», але дату выхаду з яго назваць не могуць. Жонка Шарснёва-малодшага адмовілася гаварыць з журналістамі.

У чым жа прычына затрымання Уладзіміра Шарснёва? Афіцыйных заяў ад сілавікоў наконт гэтага няма.

Але, як патлумачылі «Нашай Ніве» знаёмыя з сітуацыяй работнікі мясамалпрама Віцебска, Шарснёў-малодшы прыцягнуў увагу органаў тым, што на дзяржаўнай рабоце ў «Гандлёвым доме «Віцебск» атрымліваў вялізны заробак, які вымяраўся дзясяткамі тысяч рублёў у месяц.

Па чутках, затрымалі яго нібыта мінскія, а не віцебскія сілавікі — імаверна, КДБ.

Уладзіміру Шарснёву 35 гадоў, ён жанаты. Мікалай Шарснёў узначальвае Віцебскую вобласць з 2014 года, у 2017-м пахаваў жонку, Уладзімір — яго адзіны сын.

Оцени статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.6(24)