Политика

«Насамрэч 19 сьнежня было ў Беларусі злачынства і гэта зрабіў адзін кандыдат»

Прысуд па справе Міколы Статкевіча вынесуць 20 мая а 16-й гадзине. У сваим апошнім слове экс-кандыдат расказаў, як улады рыхтаваліся да Плошчы: як задоўга да 19 сьнежня на дзяржпрадпрыемствах замаўляліся заточкі, каб потым абвінаваціць яго, а ў СІЗА збівалі новыя шчыты для новых арыштантаў.

“Насамрэч 19 сьнежня было ў Беларусі злачынства і гэта зрабіў адзін кандыдат. Гэта захаваньне ўлады незаконным шляхам. Я рабіў усё, каб гэта прадухіліць, — цытуе словы Міколы Статкевіча «Радыё Свабода».

Я наўпрост зьвяртаўся да гэтага кандыдата, не рабіць гэтага, і ведаючы, што гэта не спрацуе, спрабаваў арганізаваць масавую акцыю. Каб прысутнасьцю вялікай колькасьці людзей прымусіць уладу да закону.

У жыцьці бываюць прыклады, калі дзеля прадухіленьня цяжкага злачынства трэба ісьці на малое. Але ўлада вырашыла сфальшаваць выбары ў чарговы раз і задумала яшчэ адно злачынства – расправу над дэмакратычнымі сіламі, над тымі, хто пратэставаў супраць гэтага.

Яшчэ задоўга да 19 сьнежня на дзяржпрадпрыемстве замаўляліся заточкі, каб потым абвінаваціць, магчыма, мяне. Але потым зразумелі, што гэта занадта. У СІЗА КДБ мне распавялі, што за шмат дзён там пачалі рыхтавацца, зьбіваць шчыты, каб спалі новыя арыштанты, бо ўсім месцаў не хапае.

Установы папярэдзілі загадзя, каб зачыніліся, маўляў, будуць масавыя беспарадкі. Правакацыя пачалася з нападу ў 19.30 на двух кандыдатаў. Людзі не паддаліся тады на правакацыю. Калі пачалася дэманстрацыя, улады мэтанакіравана спынілі галаву калёны, каб былі беспарадкі. Але зноў людзі паводзілі сябе прыстойна. Далей на плошчы Незалежнасьці нейкія невядомыя пачалі біць шкло. Потым яны крычалі "ГУВД," калі іх білі (мы гэта бачылі на відэа). Да іх далучыліся некаторыя мітынгоўцы. Я іх не асуджаю. Бо яны спрабавалі прадухіліць большае злачынства – краінай кіруе злачынца.

Мабыць, хутка будзе гэтак, што шмат людзей будуць хваліцца, што ўдзельнічалі ў тых падзеях. Нават больш: людзі бачылі, што там знутры кіраваў адзін камандзір, а потым сышоў, бо далі такую каманду.

Скарыстаўшыся гэтай сытуацыяй улады нацкавалі спэцназ на мірных людзей. Сотні людзей зьбілі, хаця яны не супраціўляліся. Потым, калі падзеі завяршыліся, паглядзелі, што не хапае. Мэта ж была адцягнуць увагу ад сапраўднага злачынства – захопу ўлады. Паглядзелі, не хапіла доказаў. Тады пайшлі на фальшаваньне. Прывезьлі бутэлек нібыта з кактэйлем Молатава, прывезьлі, раскідалі і зрабілі пратакол. Але знайшліся экспэрты, якія паказалі, што там звычайная вада. Але гэтыя рэчы суткі да агляду мусілі ляжаць на марозе і мусілі замерзнуць у лёд. а яны напісалі – вадкасьць. Унікальная беларуская вада,якая не замярзае пры 14 градусах марозу.

Зараз мы ўбачым муляж правасудзьдзя. Зьнешне ўсё нармальна – адвакаты, судзьдзя – але насамрэч муляж. Як і з выбарамі – муляж. Парлямэнт – муляж. Хто ў гэтым сумняваецца?

Нават нашу эканоміку праелі і паступова ператвараюць у муляж, як і беларускую валюту.

Гэтак і наша жыцьцё ператвараюць у муляж – быццам эўрапейцы, апранутыя нармальна. Але насамрэч як муляжы жывём. Час вяртаць Беларусь да нармальнага жыцьця. Але гэта немагчыма без змаганьня.

Дзякую за мужнасьць тым, хто прыйшоў на плошчу. І прашу прабачэньня у тых, хто быў ні за што зьбіты, апынуўся ў клетках. Хачу сказаць сваякам, што вам не павінна быць сорамна за сваіх сыноў, братоў, якія сядзяць у клетцы. Зараз гэта высокае месца. Вышэй, чым на тым канцы залі.

Зьвяртаюся да дыпляматаў – ня трэба прапаноўваць злачынцам грошы. Калі вы зробіце гэтага, у нас будуць новыя закладнікі. А я згодны ахвяраваць сабой.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)