Комментарии

Сямён Печанко

Нас нямала. І мы ёсць

З асабістага. Думкі, якія дапамагаюць захоўваць аптымізм.

Юнаком я таемна выношваў план: прабрацца на дах навагрудскай воданапорнай вежы і ўзняць там бел-чырвона-белы сцяг. З моманту ганебнага рэферэндуму мінулі лічаныя гады, сцяг паспеў стаць сімвалам супраціву.

Гэта быў канец 90-х, я чытаў незалежную прэсу і выдатна разумеў, чым можа скончыцца такая прыгода. З тэхнікума, у якім я тады вучыўся, нашмат прасцей было выляцець за палітыку, чым за крадзеж ці бойку.

Урэшце, рацыя перамагла юначы максімалізм. Ад сваёй ідэі я адмовіўся. Быў яшчэ адзін істотны момант. Усе чатыры гады вучобы ў Навагрудку я адчуваў сябе падпольшчыкам. Увесь гэты час я ездзіў на дэманстрацыі і канцэрты ў Мінск, вяртаючыся адтуль нібы з-за мяжы. Не тое, каб горад падаваўся мне варожым, але глухім і заснулым дакладна.

Сёння Навагрудак абудзіўся: на акцыі салідарнасці тут выходзяць дзясяткі чалавек са сцягамі. Нехта скажа, што для 30-тысячнага горада гэта мала. Але, як пяецца ў добрай песні — «мало, но есть». Сцягоў, па-за рэдкімі рыцарскімі турнірамі, тут не бачылі з тых самых 90-х. Нядаўна адзін залунаў на вежы замка — дзякуй незнаёмцу, што зрабіў тое, на што некалі не адважыўся я.

***

Партызанскі крэатыў 2020-га

Разносячы па паштовых скрынях самвыдат у Карэлічах у пачатку нулявых, я па-ранейшаму пачуваўся падпольшчыкам. Жыхары дамоў, што заходзілі ў пад’езды, глядзелі на мяне ў лепшым выпадку з цікаўнасцю, большасць — з падазронасцю або варожа. Палітыкі ў райцэнтры не было ўжо з дзясятак год.

У жніўні гэтага года ў Карэлічах на шэсці салідарнасці выходзілі дзясяткі і сотні чалавек. Для невялікага мястэчка гэта тое самае, што стотысячны марш у Мінску.

***

25 сакавіка 2006-га я вяртаўся ў Серабранку на 30-м тралейбусе. Мы з калегамі тады не дайшлі да месца, дзе калону дэманстрантаў сустрэлі байцы Паўлічэнкі. У вушах яшчэ стаялі словы знаёмага, што перадаваў па тэлефоне з месца падзеяў. Словы, што змешваліся з крыкамі жанчын і пошчакам дубінак. 

Мы акурат выязджалі на праспект Ракасоўскага, калі я пачуў навіну пра моцна параненых і, магчыма, забітых, на праспекце Дзяржынскага. А ў Серабранцы ў той момант было іншае жыццё, паралельная рэальнасць. Нібы і не было нічога ў той дзень у цэнтры горада — ні цісканіны з амапаўцамі, ні выбухаў і збіцця дэманстрантаў.

Сёння і Серабранка, і Малінаўка, і «Рыга», і «Пушкінская» з «Каменнай Горкай» — новыя адрасы пратэстаў, што назаўжды ўвайшлі ў гісторыю 2020 года.

***

З год таму, пабачыўшы сюжэт «Настоящего времени» пра Ніну Багінскую, не мог пазбавіцца ад асацыяцый з героем Сервантэса. З фота на сайце глядзела адважная жанчына пад сцягам на вялізным пустым пляцы ў цэнтры сталіцы.

Сёння ж нават адыёзны расійскі Рен ТВ паведамляе пра нашу гераіню так, нібы гэта адна з расійскіх зорак: «Багинская наорала на пришедших к ней с обыском».

Сёння Ніна Багінская не адна. Яна натхняльніца сотняў і тысячаў беларусак, што вышлі на вуліцы гарадоў пасля выбараў. 

***

За дзесяць гадоў жыцця ў Заслаўі да гэтага лета я ўсяго колькі разоў бачыў тут «Пагоню». Сёння, каб убачыць з дзясятак бел-чырвона-белых сцягоў, мне дастаткова прайсціся па суседніх дварах і зазірнуць у вокны.

Сцягі па-партызанску з’яўляюцца ўздоўж чыгуначных шляхоў у ваколіцах горада, яны намаляваныя на прыдарожных слупах і на фасадах дамоў. Іх зафарбоўваюць, ім прымалёўваюць зялёную паласу, а яны з’ўляюцца зноў і зноў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(67)