Общество
Канстанцін Пахольчык

«Народу трэба хлеба і відовішчаў. А грошай няма»

Мясцовыя ўлады мястэчка Бобр (Крупскі раён) звярнуліся да мастака Алеся Пушкіна з просьбай дапамагчы правесці святкаванне 500-годдзя населенага пункта.

Два тыдні таму да Алеся Пушкіна і яго жонкі, настаўніцы Яніны Аляксандраўны, прыйшло запрашэнне ад старшыні Боборскага сельсавета Уладзіміра Загорскага прыняць удзел у паседжанні аргкамітэта па святкаванні 500-годдзя мястэчка.

Мястэчка Бобр, 1918 год

– Сказаць, што я здзівіўся, – нічога не сказаць, – распавёў «Салідарнасці» Алесь Пушкін.

Справа ў тым, што вышэйназваны старшыня сельсавета два гады таму ў Дзень Волі сарваў з падрамніка карціны мастака Алеся Пушкіна выяву герба «Пагоня» і разламаў яго.

Прыйшлося пісаць у Следчы камітэт аб узбуджэнні крымінальнай справы па факту вандалізма ў адносінах да гісторыка-культурнай каштоўнасці.

– Але ўлада не стала крыўдзіць свайго чыноўніка. Справу закрылі і ён пазбегнуў суда. Маю зламаную карціну аддалі на экспертызу ў Міністэрства культуры, адкуль прыйшоў адказ: герб «Пагоня» з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю, а тое, што намаляваў Пушкін – не, – распавёў мастак.

На паседжанні аргкамітэта акрамя Алеся Пушкіна і яго жонкі прысутнічалі: дырэктар мясцовай школы, камандзір вайсковай часткі, былы старшыня сельсавета, ксёндз, бацюшка і пастар.

– Старшыня Бобрскага сельсавета Уладзімір Загорскі звярнуўся да нас з прамовай. Сказаў, што прынята рашэнне святкаваць 500-годдзе мястэчка, але грошай няма і папрасіў дапамагчы, хто чым можа. Мы прыйшлі падрыхтаванымі. Жонка напісала цудоўную гістарычную даведку пра Бобр, а я свае прапановы паклаў у пісьмовым выглядзе на стол, – адзначыў Алесь Пушкін.

Фота Антона Сурапіна

Мастак пагадзіўся актыўна дапамагаць ў арганізацыі свята. Ён гатовы зладзіць мастацкую выставу, запрасіць у Бобор музыкаў і рамеснікаў. Але пры выкананні двух умоваў.

– Я прапанаваў: каб свята ўдалося, давайце яго не будзем палітызаваць, не будзем выкарыстоўваць для таго, каб пахваліць «геніяльную» ўладу, якая быццам бы вядзе нас правільным шляхам. Другая ўмова: каб свята праводзілася на беларускай мове, – распавёў Алесь Пушкін.

Свята ў Бабры запланавана на 25-26 чэрвеня. Мастак пакуль не ведае, што вырашылі мясцовыя ўлады, але, калі святкаванне будзе праводзіцца па-руску, ён удзельнічаць у ім не будзе. Гэта было б дзіўна, улічваючы, што Бобр па апошнім перапісе ўвайшоў у дзесятку самых беларускамоўных мястэчак краіны.

Нечаканую прапанову ўдзельнічаць у арганізацыі мерапрыемства Алесь Пушкін тлумачыць так:

– Народу трэба хлеба і відовішчаў. А грошай няма. Таму, ведаючы пра наш патрыятызм і жаданне нешта рабіць для мястэчка (у свой час я бясплатана распісаў мясцовую царкву, якая, на жаль, затым згарэла), улады прыйшлі да нас, нягледзячы на навешаны раней ярлык апазіцыі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)