Филин

Юлія Кот

«Найлепшы эталон, да якога трэба імкнуцца»

Расказваем, што такое Стамбульская канвенцыя, чаму Беларусь яе не ратыфікавала, ці патрэбны нам такі механізм абароны правоў жанчын.

Больш як дзесяць год таму камітэт міністраў Рады Еўропы прыняў міжнародную дамову супраць гвалту ў дачыненні да жанчын і гвалту ў сям’і. Гэта самае маштабнае міжнароднае пагадненне  вядома таксама як Стамбульская канвенцыя — праваабаронцы называюць яго «залатым стандартам» у абароне правоў жанчын і дзяўчат.

Першай з усіх краін свету яго ратыфікавала Турцыя (і яна ж першай выйшла з канвенцыі, спаслаўшыся на «падмену сутнасці»). На сёння дамову падпісалі 46 краін свету, плюс ЕС у цэлым. Беларусі і Расіі ў гэтым спісе няма, а вось Літва, Латвія, Польшча і Украіна — ёсць.

Здавалася б, у час, калі на фоне вайны ва Украіне разгортваюцца новыя ваенныя канфлікты — у Нагорным Карабаху, а цяпер у Ізраілю — ці дарэчы адцягваць увагу на праблемы, якія доўжацца дзясяткі і сотні гадоў? Але, магчыма, у тым і рэч, што беспакараны хатні гвалт і гвалт над жанчынамі, калі яго не спыніць, разрастаецца, становіцца часткай ідэалогіі і прыводзіць да жахлівых вынікаў у міжнародным маштабе?..

«Гэтая тэма заўсёды застаецца важнай і злабадзённай, паколькі гвалт працягваецца», — канстатуе Караліна Ласен Дыяс, старшыня Рады Еўропы па барацьбе з гвалтам у дачыненні да жанчын.

Днямі Филин узяў удзел у анлайн-дыскусіі аб прадухіленні і барацьбе з дамашнім гвалтам — яе зладзіла Фем-група Каардынацыйнай рады і кантактная група па Беларусі ў Радзе Еўропы. Расказваем пра сутнасць пагаднення, складанасці  прасоўвання гэтага інструменту і чаму беларусам усё ж трэба гэта рабіць.

Аб чым гаворка

Важна разумець, што Стамбульская канвенцыя распаўсюджваецца ў асноўным, але не толькі на жанчын, бо ахвярамі хатняга гвалту могуць быць і мужчыны, і дзеці, і пажылыя людзі. Дамова грунтуецца на чатырох прынцыпах, якія мусіць выконваць кожная дзяржава-удзельніца пагаднення:

  • прадухіленне (інфармацыйна-асветніцкія кампаніі, барацьба з гендарнымі стэрэатыпамі, падрыхтоўка спецыялістаў, навучанне негвалтоўным паводзінам мужчын, і г.д.);
  • абарона (развіццё службы падтрымкі, крызісных цэнтраў і прытулкаў для ахвяр гвалту, доступ да рэгіянальных і міжнародных механізмаў падачы скаргаў, рэакцыя ўладаў, разнастайныя судовыя загады);
  • судовы пераслед (дзейсныя праваахоўныя і судовыя меры, заканадаўчая крыміналізацыя розных відаў гвалту, забеспеячэнне правоў ахвяр, у тым ліку дзяцей);
  • каардынаваная палітыка (супраца дзяржавы і НДА, міжведамаснае ўзаемадзеянне, грамадская рэакцыя, фінансаванне адпаведнай палітыкі, даследаванне і збор дадзеных, абмен досведам з іншымі краінамі).

Ратыфікуючы Канвенцыю, урады абавязваюцца прыняць адпаведныя законы і зрабіць практычныя захады па барацьбе з гвалтам у дачыненні да жанчын і хатнім гвалтам. За апошнія 30 гадоў, зазначаюць міжнародныя эксперты, дзяржавы-удзельніцы Рады Еўропы зрабілі шмат крокаў у гэтым кірунку. Але нярэдка дзеючае заканадаўства выкнваецца не ў поўнай меры, а ўзровень падтрымкі і абароны ў розных краінах істотна адрозніваюцца.

Чаму гэта патрэбна

— Гендарная роўнасць — гэта каталізатар дэмакратычных пераўтварэнняў, — упэўненая прадстаўніца Каардынацыйнай Рады Марына Корж. — Гэта стратэгічная патрэба для ўсіх прадстаўнікоў дэмсілаў, і шлях да больш інклюзіўнай, справядлівай і дэмакратычнай Беларусі, якой мы ўсе можам ганарыцца.

Пагадзілася з гэтым меркаваннем і лідарка беларускіх дэмакратычных сілаў Святлана Ціханоўская.

— Праблемы  хатняга гвалту вельмі знаёмыя нам у Беларусі не толькі на ўзроўні асобнай сям’і, але і на ўзроўні грамадства, — зазначыла яна ў адмысловым відэазвароце да Рады Еўропы.

 

Мы не раз чулі, што наша Канстытуцыя «не для жанчын», што жанчыну-прэзідэнтку народ не прыме. І мы не павінныя мець ілюзій: гэтыя сэксісцкія падыходы захоўваюцца ў нашым грамадстве. Незалежныя жанчыны — гэта тое, з чым ніколі не пагодзіцца аўтарытарны рэжым, але жанчыны гераічна абаранялі дэмакратыю ў 2020 годзе.

Святлана Ціханоўская

—  Мы хочам пабудаваць краіну, дэмакратычную для ўсіх, таму сёння распрацоўваем законы для будучай Беларусі. І таму мы далучымся да Стамбульскай канвенцыі, ратыфікуем яе, як толькі гэта будзе магчыма.

Практычны досвед

Шлях да пазітыўных зменаў, хутчэй за ўсё, будзе не хуткім. Так, у Грузіі, распавядае Бабуца Патарайя, прадстаўніца лакальнай НДА па абароне правоў жанчын Сапары, ад падпісання ў 2011-м да ратыфікацыі канвенцыі прайшло 6 гадоў.

Дзеля гэтага грамадскія актывісты правялі вялізную падрыхтоўчую працу: шчыльна ўзаемадзейнічалі з міністаркай юстыцыі, якая стала галоўным палітычным рухавіком ініцыятывы, вялі кулуарныя перамовы з чыноўнікамі розныхведамстваў, і з мужчынамі-парламентарыямі, з медыя і святарамі, які маюць вялікі ўплыў.

У выніку, зазначае грузінская актывістка, грамадская супольнасць усё ж перамагла: са 150 чалавек у парламенце 81 прагаласаваў «за» ратыфікацыю дамовы, 0 — «супраць». Аднак імплементацыя — выкананне абарончых праграм на практыцы — працягваецца дагэтуль.

Што да Беларусі, на сёння даводзіцца канстатаваць: наша краіна не гатовая далучыцца да канвенцыі. Дасюль няма нама нават спецыялізаванага заканадаўства, не кажучы ўжо пра ўзаемаедзеянне паміж структурамі, паміж дзяржавай і грамадствам, эфектыўнае пакаранне і карэкцыйныя праграмы для гвалтаўнікоў. Але патрэба ва ўсім гэтым ёсць, і вельмі моцная.

Флешмоб у падтрымку беларускіх палітвязынак, люты 2022. Фота: https://t.me/femgroupbelarus

— Яшчэ ў 2017 годзе намеснік міністра МУС РБ, тады гэта быў Мікалай Мельчанка, зазначаў, што высокія стандарты Стамбульскай канвенцыі — найлепшы эталон, да якога трэба імкнуцца. І на той момант МУС былі нашымі аднадумцамі, у публічнай прасторы вельмі шмат гаварылася, што Беларусь мусіць далучыцца да канвенцыі, — згадвае Вольга Гарбунова, прадстаўніца АПК па сацыяльнай палітыцы. — Уяўляеце — людзі, якія ў 2020-м і дасюль катавалі, збівалі, знішчалі мірных пратэстоўцаў, у тым ліку жанчын, раней былі гатовыя лабіяваць далучэнне да канвенцыі!

Беларускія рэаліі

Нават па публікацыях, якія прасочваюцца ў афіцыйныя медыя сёння, можна меркаваць пра тое, што адбываецца ў краіне.

Вось толькі некаторыя паведамленні за верасень 2023 года: «жыхар Мінска нанёс 34 удары нажом за тое, што былая жонка не разблакавала тэлефон», «жыхар Слуцка нанёс былой дзяўчыне 27 удараў металічнай трубой (цяпер у яе інваліднасць)», «жыхар Магілёва амаль не задушыў сваю 13-гадовую дачку, таму што яна плакала, калі ён у гасцях збіваў яе маці», «жыхар горада Круглае ледзь не забіў жонку з-за вопраткі».

І гэта — толькі вяршыня айсбергу, выпадкі, якія мелі цяжкія наступствы, дайшлі да праваахоўных органаў і выклікалі рэзананс. А колькі спраў спыняюцца на стадыі скаргаў на хатні гвалт і рэакцыі «вось заб’юць, тады прыходзьце» — на сёння сказаць не ўяўляецца магчымым. Лічбы, якія зрэдчас мільгаюць у інтэрв’ю з сілавікамі і чыноўнікамі, вельмі адрозныя, і незразумела, каму верыць.

— Ці трэба нам далучацца да канвенцыі? Так, вельмі патрэбна. Магчыма гэта зараз зрабіць? Амаль што не, — канстатуе Вольга Гарбунова.

Хоць некаторыя крокі ў гэтым кірунку адбываюцца і ў Беларусі. Напрыклад, у нас шмат гадоў дзейнічаюць ахоўныя прадпісанні, менш эфектыўныя за ордэры, але іх можна было б паляпшаць. Цяпер ліквідаваныя жаночыя НДА, але працягваюць дзейнічаць 136 дзяржаўных крызісных пакояў — недасканалая сацыяльная інфраструктура, аое ж яна ёсць і можа быць фундаментам для далейшай працы.

«Жанчыны ў чорным». Акцыя ў Вільнюсе, лістапад 2022. Фота: Радыё Свабода

Але ва ўмовах, калі няма ні спецыялістаў, ні фінансавання адпаведных праграм, няма і развіцця. А захады робяцца вельмі спецыфічныя. Напрыклад, да рэестру па фактах хатняга гвалту, які ствараецца ў РБ, публічнага дасягу не будзе — карыстацца ім змогуць адно сілавікі, КДБ, ААЦ і Саўбез. І вялікае пытанне, як сілавікі гэтымі звесткамі скарыстаюцца — знішчаць дадзеныя аб гвалце з боку супрацоўнікаў «праваахоўных органаў», падправяць і выдадуць прыгожую статыстыку раскрывальнасці, скарыстаюць для шантажу?

Сярод лічбаў, якія ўладам не ўдаецца схваць — скачок кейсаў, звязаных з педафіліяй. Гэта, на думку Вольгі Гарбуновай, сведчыць не аб бліскучай рабоце сілавікоў, але аб тым, што маштаб праблемы пашыраецца.

Тое самае, лічыць яна, звязана і з тэмай хатняга гвалту. У адказ на петыцыю актывістаў МУС РБ паведаміла, што схавала гэтыя адзеныя, па-першае, таму, што мае права, а па-другое — бо гэтыя звесткі могуць «нашкодзіць нацыянальнай бяспецы». Яшчэ больш ускладняе сітуацыю з хатнім і гендарна абумоўленым гвалтам палітычны пераслед.

— Але я ўпэўненая, што трэба працягваць звяртацца ў дзяржорганы сённяшняй Беларусі, — зазначае Вольга Гарбунова, — інакш ёсць вельмі вялікая рызыка не зразумець, у які момант і ў якую Беларусь мы вернемся. Нам трэба збіраць доказы, збіраць тлумачэнні ад тых дзяржаўных структур, якія займаюцца тэмай хатняга гвалту, праводзіць даследаванні ў супрацы з існуючымі дследчымі цэнтрамі — каб прагназаваць будучыню, хоць трохі разумеючы, якое зараз становішча ў беларускіх жанчын, якія ў іх патрэбы. То бок, працы шмат.