Нацыянальныя сымбалі — у кожны дом

Гомельскія актывісты грамадзкай ініцыятывы «Хопіць піць — трэба жыць» распачалі кампанію распаўсюду беларускіх гістарычных сымбаляў.

Гомельскі актывіст Кастусь Жукоўскі кажа, што нават моладзь не заўсёды адкажа, што вершнік на кані — гэта беларускі гістарычны герб «Пагоня», які на пачатку 90-х гадоў выкарыстоўваўся як афіцыйны герб незалежнай Беларусі.

Гэты герб і бел-чырвона-белы сьцяг былі скасаваны ўладамі пасьля рэфэрэндуму 1995 году.

Жукоўскі: «Супольнымі намаганьнямі мы вырабілі больш за тысячу шэўронаў, а таксама сотню белых кубкаў і саколак з выявай Пагоні. Замовілі й надрукавалі шмат перакідных календароў з партрэтамі нацыянальных герояў Беларусі пад агульнай назвай «Выбітныя дзеячы зямлі беларускай».

Па словах Жукаўскага, некаторыя рэчы з нацыянальнымі сымбалямі яны раздалі мінакам. А вось кубкі з Пагоняй, календары й шэўроны падрыхтаваны ў якасьці прызоў за допісы на сайт грамадзкай ініцыятывы spasemstranu.com. Даслаў на гэты сайт заметку на значную сацыяльную тэму — атрымаў прыз з нацыянальнымі сымбалямі.

Лідэр ініцыятывы "Хопіць піць – трэба жыць" — Карашкоў Зміцер. Аўтары ідэі каляндароў — Павал Грабавец і Алег Боклаг.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)