На зоне Алесь Бяляцкі шые галаўныя ўборы для рабочых

У адным з першых ужо «атрадных» лістоў з бабруйскай калоніі праваабаронца апісвае новыя рэаліі, да якіх ён паступова прызвычайваецца.

Распавядае пра ўсё, як заўжды, з тонкай самаіроніяй і ўменнем трапна падмеціць у любых жыццёвых абставінах пацешныя сітуацыі і персанажаў.

У лісце ад 2 красавіка Алесь Бяляцкі піша, што ўжо другі тыдзень як ён пераведзены ў 14-ты атрад выпраўленчай калоніі №2 Бабруйска:

— Тут зноў іншая сітуацыя, чым у каранціне. Атрад працоўны, адпаведна і рэжым прыстасаваны да 1-й ці 2-й змены працы. Мінулы тыдзень была 1-я змена, значыць пад’ём быў у 5:30, а ў 6:10 мы ўжо ішлі на сняданак. Затым праверка, і ў 8:00 мы ўжо былі на «промцы». На гэтай «промцы» ёсць «швейка» – швачны цэх. Вось туды я і хаджу. Напачатку мяне прызначылі ў вучні ўпакоўшчыка. Два дні я пахадзіў, ужо і пакаваць навучыўся рукавіцы.

Засталося засвоіць упакоўку рабочых робаў, якія тут таксама шыюць, як раптам прыйшло іншае указанне – пасадзіць мяне за швачную машыну. Ну а мне дык што, за машыну дык за машыну. Адно, што адтуліну ў іголцы я ўжо бачу слаба… Сеў – першы раз у жыцьці, паддаў газку і паехаў – пастрачыў, як сляпы кулямётчык. Страчу-страчу, а куды – ня бачу. У суботу ўжо сшываў нейкія працоўныя берэты. Спадзяюся, што іхнія атрымальнікі ня будуць моцна мацюгацца на мяне :)

У вольны час, якога за ўсімі справамі застаецца ня шмат, Алесь піша лісты на волю і чытае. Напрыклад, выходнага дня хапае і на класічныя раманы, а «патрошку перад сном» – Марыну Цвятаеву, якую называе «вельмі літаратурнай паэткай».

Аднак паэзія мяжуе з прозай жыцця:

— Заўтра будзе першая мая тут атаварка. Ужо па новых мерках (паводле КВК РБ, які рэгламентуе правы асуджаных, ёсць магчымасьць «штомесяц расходваць на набыццё прадуктаў харчавання і прадметаў першай неабходнасці грашовыя сродкі з асабовых рахункаў у памеры пяці базавых велічынь» - «Вясна»). Базавая велічыня стала 100 тысячаў, і адзіныя, хто гэтаму, мабыць, радыя, дык гэта зэкі…

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)