Общество
Галіна Абаунчык, Радыё Свабода

На Ўсходніх могілках адкрылі помнік паэту Генадзю Бураўкіну

На цырымонію адкрыцьця помніка прыйшлі родныя паэта — жонка, дзеці і ўнукі, вядомыя беларускія літаратары, паплечнікі.

У дзень нараджэньня славутага беларускага паэта Генадзя Бураўкіна на ягонай магіле на Ўсходніх могілках сталіцы адкрылі помнік. Аўтар помніка — скульптар Алесь Шатэрнік.

Помнік мае выгляд разгорнутай кнігі. На адной старонцы — барэльеф і надпіс «Генадзь Бураўкін, паэт», а на другой — радкі зь ягоных вершаў: «Ты, мой народ, мяне не папракнеш, я ўсё табе аддаў — жыцьцё і сілы...»

Сын паэта Аляксей Бураўкін патлумачыў, што напісаць гэтыя словы на помніку быў запавет самога Генадзя Мікалаевіча.

На цырымонію адкрыцьця помніка прыйшлі родныя паэта — жонка, дзеці і ўнукі, вядомыя беларускія літаратары, паплечнікі — Сяргей Законьнікаў, Уладзімер Арлоў, Анатоль Вярцінскі, Уладзімер Някляеў, Барыс Пятровіч, Радзім Гарэцкі ды іншыя.

Хоць Генадзь Бураўкін цягам доўгіх гадоў быў вядомым дзяржаўным дзеячам — пастаянным прадстаўніком Беларусі ў ААН, Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом, дэпутатам Вярхоўнага Савету БССР 10 і 11 скліканьня, старшынём Дзяржтэлерадыёкампаніі, нікога з афіцыйных асобаў на адкрыцьці помніка не было. Цырымонія была цалкам нефармальная, зладзілі яе выключна родныя і сябры.

Многія людзі прыйшлі зь бел-чырвона-белымі кветкамі, запалілі сьвечкі, усе разам прасьпявалі «Магутны Божа».

Генадзь Бураўкін нарадзіўся 28 жніўня 1936 году, памёр 30 траўня 2014 году.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)