Скандалы

На сястру Васіля Быкава напаў злачынца

Валянціна Быкава ў рэанімацыі, у яе пералом правай рукі і трох рэбраў.

Пра гэта паведаміў у Фэйсбуку журналіст Глеб Лабадзенка.

— Патэлефанавала яе суседка, распавяла жах, у які цяжка паверыць. Учора зранку (27 траўня – «С») Валянціна Уладзіміраўна пачула нейкі шум у бакоўцы, выйшла паглядзець, у гэты момант атрымала моцны ўдар. Стала крычаць, нападнік стаў заціскаць ёй рот. У выніку зламаў некалькі рабрынаў і руку.

Яна здолела выклікаць хуткую, цяпер яна ў рэанімацыі Вушацкай лякарні. У яе ўжо былі следчыя, міліцыя і кіраўніцтва райвыканкама. Удар быў ззаду, таму яна не пабачыла і не запомніла нападніка. Як сказала суседка, з хаты нічога не прапала — нападніка нешта спужала і ён уцёк.

Журналіст мяркуе, што спланаваны напад з мэтай пажывіцца выключаны.

– Хто быў у яе ў хаце – скажа, што браць там няма чаго, жыве яна сціпла. Хіба што якая п'янь шукала на бутэльку...

Апякуецца Валянцінай Уладзімераўнай яе суседка, спадарыня Тацяна. Яна мэдык, і ёй удалося трапіць да Валянціны Быкавай у рэанімацыю.

— Цёця Валя мяне пазнала, але яна ў стане моцнага стрэсу, — апавяла спадарыня Тацяна Радыё Свабода. Натуральна, яна дужа напалохалася і ператрывала вялікі боль! У яе зламаная правая рука і тры рабрыны зь левага боку, вельмі шмат гематомаў, усё сіняе. У шпіталь прыходзілі работнікі Вушацкага райвыканкаму. Усе лекары адчуваюць адказнасьць, стараюцца. Кажуць, што ўсе неабходныя мэдыкамэнты ў іх ёсьць, і яны імкнуцца падтрымаць Валянціну Ўладзімераўну — зьбіралі ўчора лекарскую нараду, ёй увесь час ставяць кропельніцы... Пакуль яна ў рэанімацыі, ніякія асабістыя рэчы ёй не патрэбныя. Есьць яна вельмі мала — крыху ёгурту, крыху кашы. Адчуваецца, што стрэс у яе быў дужа вялікі, яна вельмі перажывае, нэрвуецца.

У ліпені Валянціне Уладзіміраўне споўніцца 90 год.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)