Общество
Альгерд Невяроўскі, ”Радыё Свабода”

На менскім мэмарыяле “Яма” адбыўся жалобны мітынг

2 сакавіка 1942 году ў Менску фашысты забілі 5 тысяч габрэяў. Гэта адбылося ў раёне Юбілейнай плошчы — месца згубы вядомае як Яма. Сёньня, у 65-я ўгодкі трагедыі, прадстаўнікі Беларускага саюзу габрэйскіх грамадаў і арганізацыяў правялі на месцы расстрэлу мітынг памяці ахвяраў фашызму.

Сёньня раніцай да мэмарыялу Яма, што на скрыжаваньні менскіх вуліцаў Заслаўскай і Мэльнікайтэ, прыйшло каля ста чалавек. Гэта былі ў асноўным актывісты розных габрэйскіх арганізацыяў, а таксама прадстаўнікі дыпляматычнага корпусу.

Прысутнічалі амбасадары: Ізраілю — Зэеў Бэн Ар’е, Вялікабрытаніі — Браян Бэнэт, Расеі — Аляксандар Сурыкаў, Латвіі — Майра Мора і намесьнік амбасадара ЗША Джонатан Мур. Гаворыць арганізатар мітынгу, старшыня Саюзу габрэйскіх грамадаў і арганізацыяў Леанід Левін:

“2 сакавіка быў пагром. І гэты помнік прысьвечаны гэтаму пагрому. Ён захаваўся, ён ёсьць. І мы ў гэты дзень зьбіраемся тут, на Яме”.

У лістападзе мінулага году скульптурную кампазыцыю мэмарыялу апаганілі вандалы. Паводле Леаніда Левіна, вынікі расьсьледаваньня гэтай справы габрэйскай грамадзкасьці дагэтуль невядомыя. А вось што сказаў пра трагедыю галакосту і сучасных вандалаў амбасадар Ізраілю ў Беларусі Зэеў Бэн Ар’е:

“Менская габрэйская грамада ніколі ня ўспамінае гэтых падзеяў, бо яна іх ніколі не забывае. У сэрцах і думках габрэяў гэта жыве заўсёды. Канечне, ёсьць жалобныя дні, калі ўсе зьбіраюцца, каб ушанаваць памяць ахвяраў, але гэта тое, з чым мы жывем.

Гэта нашая гістарычная памяць, што прымушае нас няспынна думаць і клапаціцца пра тое, каб праявы антысэмітызму, нават тыя, якія называюцца дробным хуліганствам, не адбываліся. Каб вінаватыя былі пакараныя. Бо мы ведаем, што менавіта з гэтага вырастае тая страшная небясьпека і для габрэяў асобных краінаў, і для габрэяў усяго сьвету”.

Падчас жалобнага мітынгу храналягічна згадаваліся трагічныя даты беларускага габрэйства часу Другой усясьветнай вайны, выступалі навучэнцы менскай габрэйскай школы, гучала малітва па ўсіх загінулых.

Слова ўзяў і прадстаўнік Камітэту ў справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў Уладзімер Ламека:

“Я маю магчымасьць разьдзяляць з вамі смутак той страшнай трагедыі, якая адбылася шэсьцьдзесят пяць гадоў таму на гэтым месцы. Мы сабраліся дзеля сьвятой памяці”.

Жалобны мітынг скончыўся ўскладаньнем вянкоў і кветак да помніку ахвярам галакосту.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)