Общество
Аліна Машкова

«На Кальварыю да Ядзі»

Саюз беларускіх пісьменнікаў страціў аднаго са сваіх сябраў — пайшоў з жыцця Іван Навуменка, таленавіты беларускі пісьменнік, якога Мікалаю Чаргінцу так і не ўдалося перацягнуць у створанае ім аб'яднанне падуладных літаратараў. Пахаванне адбудзецца заўтра. Развітвацца з народным пісьменнікам будуць у ягонай кватэры.

— Гэта бацькава воля, — сказала «Салідарнасці» дачка пісьменніка Валерыя Навуменка. — Так атрымалася, што маці першай пайшла з жыцця. І тады тата загадаў брату адразу браць падвоенае месца і сказаў, што хоча быць пахаваным «з хаты — на Кальварыю да Ядзі».

Па словах Валерыі, кіраўніцтва Акадэміі навук Беларусі прапаноўвала сваякам арганізаваць развітанне ў залі цэнтральнага будынку акадэміі.

— Але не трэба гэта — цягаць майго бацьку з паверха на паверх. У сваёй хаце лепш. Мы жывем тут з лютага 1964 года. Аўра ў нашай кватэры асаблівая, дом пісьменніцкі. Паверхам вышэй жыў Янка Брыль. Нашу кватэру займаў раней Іван Шамякін, насупраць некалі жыў Мележ… Па-людску — калі са сваёй хаты. Жалобны стол будзе накрыты ў Доме літаратара.

Асноўнымі тэмамі твораў былога партызана Івана Навуменкі былі Вялікая Айчынная вайна, а таксама жыццё інтэлігенцыі, прырода. Самыя вядомыя ягоныя раманы — «Сасна пры дарозе», «Вечар у соснах», «Восеньскія мелодыі».

Доўгі час Іван Навуменка быў дырэктарам Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы. У 1980 годзе стаў акадэмікам, у 1982 быў абраны віцэ-прэзідэнтам Акадэміі навук Беларусі. Ён узнагароджаны ордэнамі Кастрычніцкай рэвалюцыі, Працоўнага Чырвонага Сцяга, Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны ІІ ступені, Айчыны ІІІ ступені.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)