Общество
Любоў Лунёва, ”Радыё Свабода”

На дыктоўку пайшлі сем’ямі

У першай агульнанацыянальнай дыктоўцы ўзялі удзел прадстаўнікі розных слаёў грамадзкасьці — ад школьнікаў да пэнсіянэраў.

Некаторыя прыходзілі сем’ямі. У Менску дыктоўку пісалі на сядзібе партыі БНФ і ў офісе Таварыства беларускай мовы. Дыктоўка адбылася й ў абласных цэнтрах. А ў Лідзе мясцовыя ўлады не далі магчымасьць людзям сабрацца разам для напісаньня дыктоўкі.

На сядзібе партыі БНФ ад 11 гадзіны да 5 вечара дыктоўку пісалі кожную гадзіну. Напачатку сабралася столькі народу, што не хапіла месца ўсім жадаючым. Так што некаторым давялося чакаць гадзіну, каб сесьці ў залі на вольнае крэсла.

Дыктоўка пачыналася зь песьні Сяржука Сокалава-Воюша “Маналёг Багушэвіча”. Пасьля гэтага пачыналася дыктоўка тэксту — прадмовы Францішка Багушэвіча да кнігі “Дудка беларуская”.

Тэкст для дыктоўкі адаптаваў літаратар Уладзімер Сіўчыкаў:

“Гэта павінен быў быць тэкст сакральны і сьвяточны, таму што мы дыктуем яго ў сьвята. Самі адносіны дыктоўшчыка і тых, хто піша, у нейкай ступені нагадваюць адносіны сьвятара і паствы”.

На сядзібу партыі БНФ і ў офіс ТБМ людзі прыходзілі са сваімі дзецьмі. Дыктоўку пісала ўся сям’я Законьнікава — жонка, дзьве дачкі, зяцьці і ўнукі. Віктар Івашкевіч прыйшоў са сваім бацькам, братам і пляменьніцай.

“Я вельмі рады, што пабачыў тут і спадара Грыба, аўтара нашай першай Канстытуцыі. І Сяргея Антончыка, кіраўніка страйкавых камітэтаў, і Ляўковіча. На жаль, прадстаўнікі іншых партый чамусьці праігнаравалі, але затое шмат якія іншыя людзі ўзялі ўдзел”.

На сядзібу партыі БНФ нечакана для ўсіх прыйшлі некалькі школьнікаў і студэнтаў, якія раней не ўдзельнічалі ў грамадзкім жыцьці. Сярод прысутных былі заўважаны і супрацоўнік міліцыі, які таксама разам зь іншымі пісаў тэкст.

Хлопец: “Лічу, што беларуская мова, адраджэньне яе і напісаньне дыктоўкі — гэта таксама добрая справа”.

Дзяўчына: “Гэтая дыктоўка нешта большае, чым простае напісаньне словаў — гэта як аб’яднаньне людзей, аб’яднаньне нацыяў за адной справай”.

У Віцебску Барыс Хамайда сеў на цэнтральнай плошчы з магнітафонам і пачаў пісаць дыктоўку. Да яго падыйшлі міліцыянты і пацікавіліся чым ён заняты. Але той не адказваў. Праз некалькі хвілінаў каля Барыса Хамайды сабралася зь дзясятак міліцыянтаў. Пасьля таго, як яны пераканаліся ў тым, што апазыцыянэр сапраўды піша дыктоўку, то адышліся ў бок. Спадар Хамайда паведаміў, што нейкі палкоўнік міліцыі нават загадаў, каб яму не перашкаджалі.

Лявон Баршчэўскі спадзяецца, што дыктоўка па-беларуску набудзе ня толькі агульнанацыянальны маштаб.

“Была ідэя зрабіць супольна з літоўцамі, палякамі, украінцамі, каб пашырыць яе маштаб. Чыноўнікі не прыйшлі, але, калі ім дадуць загад, яны прыйдуць. Вось далі загад зрабіць “круглы стол” пра БНР, зрабілі і апублікавалі. Заўтра, я ведаю, нашы гісторыкі будуць чытаць лекцыю перад слухачамі Акадэміі кіраваньня пры прэзыдэнце пра гісторыю БНР. Можа, на наступнай дыктоўцы валам будзе валіць чынавенства”.

15 сакавіка дыктоўку пісалі амбасадары, рэдактары недзяржаўных выданьняў і літаратары ў рамках сьвяткаваньня 90-х угодкаў БНР. Потым да яе далучыліся іншыя ўдзельнікі. 25 сакавіка апошні дзень напісаньня дыктоўкі.

Таксама на гэтую тэму

Са шпаргалкамі і падказкамі замежныя дыпламаты напісалі беларускую дыктоўку

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)