Лица

На беларускай заспяваюць нават канадцы

У суботу пад Мінскам адбудзецца чацвёрты фолк-фэст "Камяніца", які будзе цягнуцца рэкордныя дзевяць гадзін. Гледачоў чакаюць выступы сучасных калектываў і аматарскіх хораў, народныя забавы і майстэрні рамёстваў.

Тэрыторыя Музею народнай архітэктуры і побыту (пас.Азярцо, 5 км. за аўтарынак "Малінаўка") будзе адчынена для наведвальнікаў з 10 гадзін раніцы. Квіток музею і будзе квітком на фэст, таму госці мерапрыемства будуць мець магчымасць паглядзець усю экспазіцыю музея, дзе захоўваюцца ўзоры беларускай драўлянай архітэктуры 18-20 стагоддзяў.

Музычная частка фэсту распачнецца ў 12 гадзін выступам дзіцячых фальклорных калектываў на аматарскай сцэне, якая будзе працаваць да самага вечару. На яе таксама выйдуць дарослыя ансамблі і гурты, якія адгукнуліся на заклік арганізатараў. Сярод іх "Ула", "Сёмуха", Vuraj і яшчэ дзясятак калектываў.

– Было вельмі шмат заявак і мы стараліся нікога не пакрыўдзіць, – адзначае куратар аматарская сцэны Руся. – Узрост удзельнікаў вельмі розны – ад дзяцей дашкольнікаў да бабуль 80 з лішкам гадоў. Геаграфія таксама шырокая – ад Палесся да Канады, якую прадставіць удзельніца гурта "Яваровыя людзі".

Трохі паздней да музычнага марафону далучыцца галоўная сцэна – выступы на ёй адчыніць легендарны фолк-ансамбль "Ліцвіны" пад кіраўніцтвам Уладзіміра Берберава. Яны былі аднымі з першых, хто яшчэ прыканцы 80-х распачынаў хвалю беларускага культурнага адраджэння.

– Да "Ліцвінаў" фальклор выконвалі прафесіяналы з кансерваторскай адукацыяй, але без нацыянальнага ўсведамлення, з-за чаго ён пераўтвараўся ў якуюсь цалкам дэкаратыўную музыку. "Ліцвіны" жа па сутнасці яго рэанімавалі – яны адраджалі інструменты, вопратку, абрады, песні і ўсё гэта сталася істотным элементам росту цікавасці грамадства да беларускай культуры, – распавёў кансультант фестывалю Алег Хаменка.

Пасля іх на галоўную сцэну выйдуць яскравыя прадстаўнікі новай хвалі – фэнтэзі-фолк-гурт Irdorath і пажарны этна-аркестр "Гаротніца". Гледачы таксама пабачаць выступы гуртоў Re1ikt, Silver Sky, Pawa, "Крамбамбуля", FolkRoll і Наста Някрасава. На аматарскай сцэне выступяць гурты "Ула", "Сёмуха", Vuraj і "Яваровыя людзі" (Канада). Адмысловы госць фестывалю – расійскі гурт "Иван Купала" з новай програмай "Родина" на падставе народных спеваў Палесся.

Сродкі ад рэалізацыі квіткоў ідуць музею, дапамагаючы захоўваць патрабуючыя сталага догляду драўляныя збудаванні. Кошт квітка для дарослых складае 25 тыс.руб., для школьнікаў – 12,5 тыс.руб., для дашкольнікаў і гледачоў у нацыянальных строях – бясплатна. Партнёрам мерапрыемства традыцыйна з’яўляецца ААТ "Банк БелВЭБ".

Даехаць да музея можна на асабістым аўто ці ровары (з роварам можна ўвайсці на тэрыторыю), рэйсавымі аўтобусамі ад аўтастанцыі "Паўднёва-Заходняя" і фестывальным аўтобусам (бясплатна, па запаўняльнасці) ад прыпынка "Малінаўка 6" (скрыжаванне вуліц Слабадской і Громава), які курсуе з 11 гадзін. Апошні фестывальны аўтобус на Мінск адыходзіць у 22.00.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)