Вкратце
Аляксандр Старыкевiч

Мяжа годнасьцi

Гэты ўсьмешлівы выраз твару больш пасуе да якога-небудзь эўрапейскага курорту. Аднак Павал Севярынец зараз знаходзіцца не на Канарах, а на папраўчых работах у маленькай вёсачцы на мяжы з Расеяй. Там мы і сустрэліся.

Севярынцу далі два гады так званай “хіміі” за тое, што ён разам з тысячамі менчукоў аспрэчваў вынікі рэфэрэндуму, якія агучыў Цэнтрвыбаркам. Улады палічылі, што менавіта Павал разам зь лідэрам часткі сацыял-дэмакратаў Міколам Статкевічам “арганізавалі групавыя дзеяньні, якія груба парушылі грамадзкі парадак”. За тое іх і пакаралі. Статкевіча выслалі ў Баранавічы, а Севярынца — у вёску Малое Сітна, што на Полаччыне. Але на работу яму даводзіцца штодня езьдзіць за шэсьць кілямэтраў на станцыю Алёшча.
“Я працую памочнікам печніка, — распавядае Павал. — А яшчэ часам выконваю абавязкі штабялёўшчыка, ну і дзесьці там сьмецьце прыбраць, дзесьці — піла-віньне... Праца дастаткова ўмоўная: дзяржава робіць выгляд, што нам плоціць, мы робім выгляд, што працуем”.
Паводле Севярынца, тут ён стаў сьведкам вынішчэньня нацыянальнага багацьця. Хваёвы лес, які павінен сьпець 70 гадоў, сякуць у 20-30-гадовым узросьце, каб адправіць за мяжу: у Вугоршчыну, дзе зь яго робяць мэблю і вязуць сюды; у Італію, дзе робяць кошыкі і прадаюць турыстам па 70-100 эўра; у Фінляндыю, якая свой лес ашчаджае, а наш — вось, калі ласка...
“Зараз, апроч удзелу ў гэтым злачынным лесапавале, я займаюся яшчэ й тым, што кансультую маладафронтаўцаў, сябраў-хрысціянаў, грамадзкіх актывістаў, якія прыяжджаюць сюды, — кажа Севярынец. — Прыяжджае людзей багата. Таксама прыйшло з паўсотні лістоў. Сюды яны даходзяць парваныя з надпісам “пашкоджана пры мэханічнай апрацоўцы”. Прычым так акуратненька пашкоджана, што проста адарвана там, дзе звычайна надрываецца — і ўсё”.
Мабільнікі ў гэтых мясьцінах не працуюць. Павал ужо аблазіў усе тутэйшыя высоткі і нават сямімэтровыя хвоі, але безвынікова. Затое Севярынец знайшоў дзіўны савецкі плякат, які павесіў над уласным ложкам. Карціна: жанчына, змрочна вельмі, апускае бюлетэнь у выбарную скрыню, на бюлетэні напісана: “Галасую “за”. І сьпераду, і ззаду ў яе ўпіраюцца два аўтаматы. Подпіс:

“Мир видит, что свободы в Чили нету.
Но видит и другое: гнев растёт.
Страна ещё подвластна Пиночету,
Но вскоре час возмездия придёт!”

“Народ тут беларускі, добры, — лічыць Севярынец. — Але ў сувязі з тым, што навокал няма ні царквы, ні касьцёлу, ні малітоўнага дому, людзі практычна пагалоўна хварэюць на алькагольную залежнасьць”.
Паводле падлікаў Паўла, прыкладна палова тутэйшых ужо гатовая галасаваць за адзінага кандыдата. Ёсць і некалькі прыхільнікаў Лукашэнкі. Але толькі таму, што “больш нікога мы ня ведаем, а вы лепш ня зробіце…” Астатнія пакуль што вагаюцца. Магчыма, ім дапамогуць вызначыцца незалежныя выданьні, якія дзякуючы Паўлу пачалі трапляць сюды ў значна большых памерах. Севярынец сьцьвяр-джае, што ці не найбольшай папулярнасьцю сярод мясцовага люду карыстаецца прафсаюзны бюлетэнь “Стекляшка”, які выдаюць актывісты з полацкага “Шкловалакна”.
Між іншым, Павал згадвае, што і сам піша кнігу. Мы з калегамі пачынаем распытваць, што ды як. “Ну, я заўчасна не хачу рэклямаваць. Але гэта — мастацкая літаратура: гэта раман. Пра Беларусь. Пра тое, як яно, на мой погляд, усё будзе…”
У наш бок раз-пораз кідаюць позіркі тыя, хто працуе на станцыі. Відавочна, што з той пары, як тут атабарыўся Севярынец, яны ўжо прызвычаіліся да частых наведвальнікаў. Толькі жартуюць: “Паша, обед уже закончился, иди работать”.
“Рэжым у мяне просты, — гаворыць Севярынец. — Праца ад 7-й да 16-й. Потым паеў — і зноў за працу, толькі ўжо інтэлектуальную. Трэба адказваць на лісты, якія прыходзяць практычна кожны дзень, распрацоўваць матэрыялы па беларускай хрысьціянскай дэмакратыі… Адна субота на месяц — непрацоўная. Звычайна ў гэты дзень я высыпаюся, а на наступны еду ў Полацак у царкву… У цэлым тут ёсць усе магчымасьці — як гэта Аляксандар Рыгоравіч пра аграгарадкі — для фізычнага, інтэлектуальнага разь-віцьця, самарэалізацыі моладзі… за 70 тысячаў беларускіх рублёў у месяц”.
Павал лічыць, што ў любым разе пачуваецца вальней, чым, напрыклад, Статкевіч, за якім у Баранавічах увесь час сочаць спэцслужбы. А тут міліцыянты, каб дабрацца ў Малое Сітна шукаюць машыну, бэнзын і г.д. Жыве Севярынец у звычайным інтэрнаце. Акрамя сукамэрнікаў, кампанію яму складае кот па мянушцы Партызан.
“Я вельмі спадзяюся на Мілінкевіча, — кажа на заканчэньне Павал. — Ён нармальны беларус, ён вельмі добры дзядзька. Гэта не прафэсія, але, калі ідзе змаганьне, беларускасьць можа стаць вырашальным чыньнікам. Я веру ў тое, што ціхія-ціхія беларусы, калі даходзяць “да рысы”, упіраюцца так, як ніводная нацыя ў Эўропе. І дай Бог, каб у выпадку зь Мілінкевічам гэты эфэкт мы назіралі…”
Відавочна, што Севярынцу не бракуе аптымізму — у адрозьненьні ад большасьці тых, хто прыяжджае сюды з волі. Разьвітаўшыся з намі, Павал рушыць у бок станцыі, дзе ён мусіць спыніцца на два гады.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)