Коктейль
Сямён Печанко

«Мы вярнуліся ў 80-я, трэба пачынаць усё спачатку»

12 сакавіка 30-годдзе адзначыла найстарэйшая дэмакратычная арганізацыя Гродна — гісторыка-культурнае грамадскае аб’яднанне «Паходня». Зрэшты, сябры і заснавальнікі арганізацыі трымаюцца думкі, што яе ўплыў сягаў далёка за межы горада над Нёманам.

Першая сустрэча, 12 сакавіка 1986 года

30-я ўгодкі «Паходні» адзначылі ў мастацкай галерэі «Крыга». На юбілейную сустрэчу сабраліся каля двух дзясяткаў сябраў і заснавальнікаў аб’яднання. Кіраўнік «Паходні» Мікола Таранда на 30-годдзе арганізацыі падрыхтаваў шыкоўны падарунак сваім паплечнікам — адлічбаваў каля 700 архіўных фота.

— Глядзі, ты амаль на кожным здымку ёсць, — з удаванай рэўнасцю казаў адзін «паходнявец» другому. Той адказаў не адразу: — Божа, які я тады худы быў!

Фотаальбомы з архіўнымі фота карысталіся папулярнасцю

Фотаархіў Міколы Таранды неацэнны: тут і класікі беларускай літаратуры, і гонар айчыннай археалогіі, і маладыя музыкі — ад Данчыка да «Мроі». І, канечне, насычаныя будні «паходняўцаў» — археалагічныя раскопкі, расчыстка рэчышча Гараднічанкі, экалагічныя акцыі, перадвыбарчыя пікеты і многае іншае, што сведчыць пра бурлівыя гады на сутыку 80-х і 90-х.

«Мы прыводзілі на сустрэчы мэтраў»

Як прыгадвае ў інтэрв’ю Таранда, для яго ўсё пачалося з кнігі Кастуся Тарасава «Памяць пра легенды». Прачытанае настолькі ўразіла яго, што мадады навуковец захацеў арганізаваць сустрэчу з аўтарам кнігі.

Журналіст Сяргей Астраўцоў (злева) з першага дня ў «Паходні»

Але для гэтага павіны былі быць чытачы і памяшканне. Так ўзнікла ідэя стварэння клуба.

Першая сустрэча «Паходні» прайшла 12 сакавіка 1986 года. Яна сабрала 19 чалавек. Сярод іх былі супрацоўнікі мясцовага інстытута біяхіміі, універсітэта імя Янкі Купалы, мастакі і рабочы з «Азота».

Сябры «Паходні» ставілі перад сабой шэраг задач. Найперш пашырэнне беларушчыны, знаёмства беларусаў з родным краем і выбітнымі землякамі — як з класікамі, так і з сучаснікамі.

Акрамя асветніцкай дзейнасці «Паходня» актыўна адстойвала архітэктуру Беларусі — і калі будынак старога чыгуначнага вакзала сябрам арганізацыі не ўдалося адстаяць, то будынак архіва XVIII cт. на плошчы Леніна яны адваявалі.

«Паходняўцы» ўзялі пад апеку родавае гняздо Францішка Багушэвіча ў Кушлянах, адшукалі магілу маці Максіма Баглановіча, расчысцілі рэчышча Гараднічанкі, адрамантавалі і ўсталявалі вежавы гадзіннік на Фарным касцёле. Спіс дасягненняў можна працягваць доўга.

З падрабязным летапісам «Паходні» можна азнаёміцца тут.

— Мы прыводзілі на сустрэчы мэтраў літаратуры, гісторыі, — прыгадаў на юбілейнай гадавіне адзін з заснавальнікаў і старажылаў «Паходні» Аляксей Пяткевіч. Ён расказаў пра ролю ў стрварэнні арганізацыі археолага Міхася Ткачова, без якога «Паходні» проста б не існавала.

З такой думкай ніхто не спрачаўся. Хіба з імправізаванай залы прагучала колькі словаў ў падтрымку Таранды:

— Мікола і «Паходня» — як браты-блізняты, як Ленін і партыя.

Мікола Таранда (злева) і прафесар Алесь Астроўскі

Доктар медычных навук, прафесар Алесь Астроўскі правёў паралелі з 80-мі. Маўляў, зараз беларуская культура і сфера ўжытку мовы знаходзяцца прыблізна на тым жа ўзроўні, што і наконадні заснавання «Паходні». Многія пагадзіліся з такой думкай. Хтосьці дадаў, што агонь ад іхняй паходні не патух, і ад іскраў разгарыцца новае полымя.

Гараднічанка, выратаваная ў свой час «паходняўцамі»

Прагучала на вечарыне і такая думка: сапраўднае значэнне «Паходні» недаацэненае — ні на лакальным узроўні, ні на агульнанацыянальным.

— Наша дзейнасць — гэта траціна поспеху ўсяго нацыянальнага адраджэння, — пераконваў астатніх адзін са старэйшых сяброў арганізацыі. З ім цяжка не пагадзіцца: толькі ў Гродне з «Паходні» ўтрарылася некалькі самастойных арганізацый, сярод яе сяброў—вядомыя асобы ў навуцы, журналістыцы і музыцы.

«Паходня» выратавала ад камуністаў гістарычны архіў. Цяпер ён пустуе

З камсамольцаў — у бізнес і КДБ

Мой родны дзядзька з Гродна Аляксандр Базар таксама быў у «Паходні». На сустрэчу ён не мог прыйсці па сямейных абставінах, але пагадзіўся расказаць пра гады сяброўства ў клубе.

Легендарная «Мроя» і Cяржук Сокалаў-Воюш. Фота з архіва Міколы Таранды

— Мы ўсе разумелі, што насамрэч «Паходня», гэта «Пагоня», але ў такім выглядзе нас бы не зарэгістравалі, — прыгадаў дзядзька. Ён трапіў у клуб выпадкова: хтосьці з навагрудскіх землякоў расказаў, што ў ДК на Дзяржынскага збіраюцца людзі на беларускія вечарыны. Схадзіў на адну і застаўся.

Злева направа: Андрэй Федарэнка, Алесь Бяляцкі, Анатоль Сыс. Фота з архіва Міколы Таранды

Ён таксама перакананы, што галоўным ідэйным рухавіком арганізацыі быў Ткачоў:

— Ён сам быў партыйны. І перад уладамі нас выгароджваў. Казаў, што ён, як камуніст, мусіць узначаліць новы моладзевы рух, каб весці яго, не даць сысці з правільнага шляху. І начальства, скрыпучы зубамі, адступала.

Мой дзядзька Аляксандр Базар другі справа. Фота з архіва Міколы Таранды

Адступала, але не адмаўлялася ад новых спробаў уздзеяння на «Паходню».

— Калі мы ездзілі з экалагічнымі акцыямі на Палессе, то мясцовыя ідэлогі на нашым шляху настройвалі супраць нас мясцовае насельніцтва, — расказаў дзядзька.

Падобная гісторыя была, калі «паходняўцы» вырашылі адзначыць на гродзенскіх могілках Дзяды. Улады нагналі туды рабочых з мясцовых прадпрыемстваў, каб не пусціць «нефармалаў» да магілаў.

— Цікава, што пасля развала саюза большасць партыйных наменклатуршчыкаў падалася хто ў бізнес, хто ў КДБ.

Мая «Паходня»

З дзяцінства мне запомніліся сямейныя дэбаты, якія заўсёды ўзнікалі, калі ў госці прыязджаў дзядзька Саша з Гродна. Бясконцыя размовы пра незалежнасць — дзядзькава ўпэўненасць у яе неабходнасці, і асцярожнасць бацькоў.

Першыя сапраўдныя ўрокі беларускай мовы мы з братам атрымалі менавіта ад дзядзькі, які выпытваў у нас, вясковых хлапчукоў, як па-беларуску будуць словы «кружка» і «цепь».

Мікола Ермаловіч (на заднім плане). Фота з архіва Міколы Таранды

Потым былі дзядзькавы ўрокі гісторыі, якіх не было ў школьных падручніках. Мы даведаліся праўду пра дзядулю Леніна і ён назаўжды перастаў быць для нас «самым человечным человеком».

Цяпер, праз столькі год, я канчаткова зразумеў сэнс і мэту тых дзядзькавых урокаў. Дзядзька дзяліўся з намі атрыманымі на «паходняўскіх» сустрэчах ведамі-іскрынкамі. Каб агонь не згас.

Данчык і Барткевіч у Гродне. Фота з архіва Міколы Таранды

У пачатку 2000-х я вучыўся ў Гродне ў аграрным універсітэце. Адзін семестр у нас выкладаў Мікола Таранда.

Так я пачаў хадзіць на сустрэчы «Паходні» ў Дом культуры. Захапіўшыся, пачаў прыводзіць сяброў. У адзін з вечароў выступалі госці з Мінска: редактары часопіса «Arche» Валер Булгакаў і газеты «Наша Ніва» Андрэй Дынько.

Калі б мне нехта сказаў, што праз некалькі год я прыйду ў «НН» і адпрацую там амаль дзесяць год, я б не паверыў. Зараз жа разумею, што такі жыццёвы маршрут быў закладзены задоўга да той вечарыны ў гродзенскім ДК.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)