Общество
Марыя Эйсмант, «Народная воля»

«Мы ведалі, на што ідзём…»

У пятніцу мы запісалі з Іванам Іванавічам інтэрв’ю. Як аказалася, апошняе.

Ён ляжаў у бальніцы, але пагадзіўся адказаць на пытанні. А раніцай 4 кастрычнiка доктара Шэгі, цудоўнага, разумнага чалавека, які шчыра вераў у новую Беларусь, не стала.

Яму было толькі 63 гады...

Іван Шэга нарадзіўся ў вёсцы Валеўка Навагрудскага раёна. Скончыў Валеўскую сярэднюю школу, а потым Мінскі медыцынскі інстытут.

З 1980 года жыў і працаваў доктарам-траўматолагам у Слоніме. Івана Шэгу ў горадзе ведалі ўсе.

У апошнія дваццаць гадоў ён актыўна займаўся палітыкай, з’яўляўся сябрам Сойма Партыі БНФ. Свае разважанні і думкі пра лёс краіны ён выказаў і паспеў выдаць асобнай кнігай «Пра краіну і пра нас». Калі Шэгу споўнілася 60 гадоў адміністрацыя Слонімскай ЦРБ не працягнула з ім працоўны кантракт і па сутнасці выкінула паважанага і вопытнага доктара, прафесіянала на вуліцу з-за яго поглядаў. Але ён не азлобіўся, стварыў кансультатыўнае бюро і бясплатна ладзіў прыёмы. Такім ён быў – адкрытым, бескарысным, разважлівым. На апошніх парламенцкіх выбарах быў кандыдатам у дэпутаты у Палату прадстаўнікоў.

Неабходныя для рэгістрацыі кандыдатам у дэпутаты тысячу подпісаў урач са Слоніма Іван Шэга сабраў за 4 дні і на працягу ўсёй перадвыбарнай кампаніі сцвярджаў, што мае велізарную падтрымку выбаршчыкаў. Аднак паводле вынікаў галасавання яму дасталося ўсяго толькі 13,3 працэнта галасоў. Гэта азначае, што за доктара Шэгу прагаласавалі толькі 6213 чалавек. А перамагла ў Слоніме былы дэпутат Ала Сопікава з проста ашаламляльным вынікам – 63,3 працэнта: 29.510 галасоў “за”. І яна зноў будзе прадстаўляць рэгіён у Палаце прадстаўнікоў.

– Іван Іванавіч, як вы ацэньваеце такі вынік галасавання па вашай акрузе?

– Нечаканасцяў не адбылося, усё прадказальна.

І гэтыя выбары ў парламент прайшлі па звыклым для нашай краіны сцэнарыі: каго ўлада прызначыла, той і стаў дэпутатам. Адзінае, што яны зараз дазволілі, – папрацаваць з народам. Мая каманда правяла каля 30 пікетаў, мы ездзілі па вёсках, аграгарадках, сустракаліся з людзьмі, мелі шмат кантактаў, і нам ніхто не перашкаджаў. Заплюшчвалі вочы нават на бел-чырвона-белыя сцягі. А ў астатнім – ніякіх рухаў наперад. Маглі мне і 5 працэнтаў напісаць, і 25.

– Вы думаеце, што за вас больш людзей прагаласавала?

– Безумоўна. Пасля выбараў мне тэлефанавалі, прыходзілі да мяне выбаршчыкі, абураліся: як жа так магло быць, калі літаральна сем’ямі галасавалі за Шэгу?! Мы ж не ў вакууме жывём. Слонім – невялікі горад, усе тут адзін аднаго ведаюць.

– Чаму вы тады не абскарджвалі вынікі галасавання?

– А што б гэта дало? Які сэнс? Мы ведалі, на што ідзём. Сёння няма магчымасці дамагчыся празрыстага падліку галасоў. Улады кожны раз прыдумляюць, як не прапусціць ва ўчастковыя камісія прадстаўнікоў апазіцыйных і дэмакратычных структур. Таму я і мая каманда прынцыпова ніякіх экзарцызмаў не рабілі, не біліся за месца ў камісіі. Назіральнікі ад партыі былі, але што можна пабачыць за метр ад стала, дзе лічацца галасы?.. Я адразу казаў, што мяне падлік галасоў у сённяшніх умовах правядзення выбараў не цікавіць. Для мяне было галоўнае – кантакты з людзьмі.

Але ж пазітыўныя моманты ад гэтых выбараў ёсць. У парламенце будуць людзі, якія прадстаўляюць інтарэсы дэмакратычных колаў Беларусі. Шкада толькі і вельмі дрэнна, што да працэсу татальных фальсіфікацый далучылі апазіцыю. Менавіта таму ішлі гарачыя спрэчкі, пакідаць у парламенце Ганну Канапацкую з АГП ці не. Маё меркаванне – гэту магчымасць трэба выкарыстоўваць.

– Іван Іванавіч, а са сваёй канкурэнткай Алай Сопікавай сустракаліся? Можа, з перамогай яе павіншавалі?

– Віншаваць чалавека, якога прызначылі дэпутатам, не выпадае.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)