Зьміцер Панкавец, ”Наша нiва”
“Мы проста абдурваем самі сябе”

На днях зьявілася інфармацыя, што палітычная рада Дэмакратычных сілаў пастанавіла, што Аляксандар Мілінкевіч ня мае права адзін выкарыстоўваць брэнд “За Свабоду”, бо ён… належыць усёй апазыцыйнай кааліцыі. Каб пераканацца ў гэтым, мы зьвярнуліся да кіраўнікоў партыяў, што ўваходзяць у кааліцыю, а таксама да Мілінкевіча.

Старшыня АГП Анатоль Лябедзька мяркуе, што такім чынам палітрада папросту расставіла па месцах усе знакі прыпынку, каб пазьбегнуць блытаніны. “Аб стварэньні руху “За Свабоду” было дамоўлена супольнымі намаганьнямі ўсёй кааліцыі, — кажа Анатоль Лябедзька. — Таму цяпер, калі гэты брэнд выкарыстоўвае ў сваіх мэтах толькі адзін суб’ект кааліцыі, я лічу не зусім карэктным, бо ён належыць усім, а не аднаму якому-небудзь асобна ўзятаму чалавеку. Што датычыць руху “За свабоду”, то мы не зусім канкрэтна разумеем, што адбываецца зь яго фармаваньнем, якія там ідуць працэсы. Заяўка пэўнага суб’екта на стварэньне руху нібыта ёсьць, але мы ня бачым, што ёсьць у рэале. Сябры нашай партыі самі вызначаюць у якіх партыях, рухах ці клюбах ім быць, мы нікому з партыйцаў не забараняем уступаць у рух “За свабоду”, але такі падыход ня дасьць плёну. 1+1, як ні круці, заўсёды 2. Таму, калі ў “За Свабоду” будуць уступаць прадстаўнікі партыяў, апазыцыя ня выйграе, бо вынік будзе той самы. Мы проста абдурваем самі сябе”.

Падобнае меркаваньне мае і старшыня Партыі БНФ Вінцук Вячорка, які кажа, што рух “За Свабоду” зьяўляецца супольным, кааліцыйным, а не выключна рухам Мілінкевіча. Сп.Вячорка пацьвердзіў, што на апошнім сойме партыі быў прыняты мараторыюм, які прадугледжвае неўступленьне сяброў ПБНФ у рух “За Свабоду” на гэтым этапе. “Бо мы цяпер не зусім разумеем, што менавіта за рух такі стварае Мілінкевіч, якія асноўныя прынцыпы і палажэньні ён будзе мець, якія ў руху кропкі сутыкненьня для супрацы з ПБНФ таму, натуральна, што нам патрэбны час, каб прыгледзецца да гэтай ініцыятывы”, — сказаў В.Вячорка.

“Нічога кепскага я ня бачу, калі сябры нашай партый зьяўляюцца адначасова і сябрамі руху “За Свабоду”, — кажа Валер Ухналёў, намесьнік старшыні Партыі камуністаў. — Ня ведаю, што датычыць іншых партыяў з дэмакратычнай кааліцыі, але мы ня чынім абсалютна ніякіх перашкодаў, каб нашыя партыйцы ў адначасьсе станавіліся і ўдзельнікамі руху “За Свабоду”. Што датычыць руху, то ён сапраўды супольны, а не выключна Мілінкевіча. Але ж на дадзены момант абсалютна ніхто ня ставіць пад сумнеў лідэрства Мілінкевіча ў палітычнай радзе, таму адпаведна ён зьяўляецца і лідэрам руху “За Свабоду”.

Сам лідэр дэмакратычных сілаў Аляксандар Мілінкевіч кажа,што ён заўжды працаваў на аб’яднаньне апазыцыі, а не на яе разьяднаньне. “Цяпер у кіраўніцтвах нашых дэмакратычных партыяў папулярная тэза аб тым, што партыйцы найперш павінны працаваць на карысьць сваіх партыяў, а ня нейкіх рухаў, — гаворыць сп.Мілінкевіч. — Я не падзяляю гэты погляд. Людзі ў рэгіёнах, у тым ліку і партыйцы, гатовыя працаваць на карысьць Беларусі. Ім няма розніцы працаваць з кім менавіта, ці са сваёй партыяй, ці з рухам “За Свабоду”. Ведаеце, я стварыў гэты рух, гэта маё дзіця і мы будзем працаваць з гэтымі людзьмі, якія сталі сябрамі руху, у любым выпадку”. Наконт паведамленьняў пра тое, што кіраўніцтва пэўных дэмакратычных партыяў не рэкамэндуе ўступаць сябрам сваіх партыяў у рух “За Свабоду”, Мілінкевіч адзначыў, што сапраўды чуў пра такія рашэньні, але не чытаў асабіста канкрэтныя дакумэнты, таму пакуль не гатовы камэнтаваць гэтыя рашэньні.

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 0 (оценок:0)