Беседка
Руслан Гарбачоў

«Мы не дзікуны, якія не змогуць жыць у гатэлі. Ненавіджу межы і візы»

Паэт і празаік Серж Мінскевіч распавёў «Салідарнасці», чаму на яго і Лявона Вольскага напалі рэкеціры, пры якіх абставінах з’еў «маладога паэта» і што падвергла яго напісаць кнігу пра Крышціяну Раналду.

Фота з сайта movananova.by

– Мінскевіч – гэта ваша сапраўднае прозвішча?

– Цяпер такое прозвішча ў мяне і ў пашпарце. Насамрэч яно не сапраўднае, хаця ў інтэрнэце я знайшоў некалькі чалавек з такім імём. Расшыфроўваецца яно лёгка – сын горада Мінску. Не Менску, а Мінску – застойнага гораду 70-80-х гадоў, часоў майго дзяцінства, калі я жыў на плошчы Перамогі каля тэлевежы. Калісьці надрукаваў некалькі вершаў пад прозвішчам Мінскевіч у «Чырвонай змене», псеўданім да мяне прычапіўся і я вырашыў яго ўзаконіць.

– Дык сапраўднае ваша прозвішча якое?

– А навошта гэта афішаваць? (усміхаеццаС.). Паколькі я пісаў пад псеўданімам, то была блытаніна з ганарарамі, навуковымі артыкуламі. У 2003-м пайшоў узаконьваць псеўданім. Занёс кіпу артыкулаў, у тым ліку пераклад «Дзядоў» Міцкевіча на беларускую мову, дзе прысутнічалі і мае фотаздымкі. Пасля яны згубілі паперы, прыйшлося ўсё рабіць па новай, такім чынам працэдура заняла два гады.

Але імя Серж так і не дазволілі напісаць у пашпарце. Сказалі, што гэта не ў традыцыі беларускага народа, маўляў, у нас не прынята даваць такія імёны, хаця гэта не так. Таму ў пашпарце я застаўся як Сяргей. Сёння ўжо як хочаш можаш змяніць імя ў пашпарце – адно плаці грошы. Але тады давядзецца мяняць шмат розных папер: пасведчанні аб нараджэнні, шлюбу, ваенны білет, правы, дакументы на жыллё і г.д.

– Ваша маладосць прыйшлася на пачатак 90-х…

– Вярнуўся з войску ўвесну 1989 года. Да паступлення ва ўніверсітэт быў час і я пайшоў працаваць у археалагічны атрад Інстытута гіторыі. Працаваў, у тым ліку, на раскопках царквы Святога Духа ў Менску.).

Раскопкамі кіраваў Зянон Пазьняк. Казаў, у якім месцы і як капаць, а як знаходзілі які прадмет ці чарапы, косткі пахаваных, ён падыходзіў і фатаграфаваў. Працаваць з ім было лёгка. Задачы Пазьняк ставіў вельмі дакладныя і канкрэтныя. Яшчэ што запомнілася: тады дзіўна было чуць ад чалавека чыстую беларускую мову. Калі пераехаў жыць на Ангарскую, аказалася што там таксама жывуць Пазьняк і Хадановіч. Сустракаў Зянона ў тралейбусах, віталіся, паводзіў ён сябе сціпла – пазнавалі толькі па шляпе.

– Як вы аказаліся на плошчы Незалежнасці падчас путчу 19 жніўня 1991-га?

Серж Мінскевіч – крайні злева. Фота са старонкі Cяргея Навумчыка ў Facebook

– Ну тады многія мінчукі цікаваліся падзеямі ў краіне. Быў Гарбачоў, а тут ён раптам знік: што гэта такое?! Людзі хацелі некай справядлівасці. Гэта быў час, калі людзі былі актыўныя, былі жывыя размовы, спрэчкі. На вуліцы выходзілі нават не мітынгаваць, а каб расказаць пра свае адчуванні, думкі, абмеркаваць, як жыць далей.

– Вы - адзін з арганізатараў і ўдзельнікаў постмадэрновага літаратурна-мастацкага руху «Бум-Бам-Літ». Якая акцыя вам найбольш запомнілася?

– У гэтым годзе «Бум-Бам-Літу» 20 гадоў, можа ўвосень якую акцыю правядзем. А з іншага боку: а чаму мы павінны прымеркаваць яе да круглай даты?

…Мы, маладыя паэты і творцы, таксама вырашылі ладзіць акцыі: але не палітычныя, а эстэтычныя. Назваліся «Бум-Бам-Літам», каб людзі не пыталі: хто гэта такія? Абвесцілі, што будзем фармаваць творы ўжывую ў Парку Горкага. Узялі тазік, малаток майго дзеда і брэнцалі, каб людзі падыходзілі паслухаць вершы. У нас не было размоваў: кепскі паэт ты ці не. Ёсць імпэт тварыць – наперад. І людзі цікавіліся жывой літаратурай, падыходзілі, стваралі кола.

У Лепелі на наш выступ у клубе набілася столькі людзей, што на нас напаў рэкет. Хлопцы падумалі, што мы зарабляем шмат грошай. Падчас выступу за кулісы прайшлі два бамбізы, выклікалі мяне і Лявона Вольскага: скідвайцеся, палову грошай нам. Я давай даказваць, што мы выступаем бясплатна. Нам не паверылі: што ты трындзіш, давай грошы. Я тады выскачыў на сцэну і сказаў у мікрафон, што зараз з’явіцца чалавек, які агучыць свае патрабаванні. Пачуў з-за кулісаў крыкі: я цябе знайду, я цябе заб’ю! Прыехала міліцыя, але гэтыя два бамбізы ўжо ўцяклі.

А праз некалькі год меў непрыемную сустрэчу ўжо не з рэкецірамі, а з міліцыяй. 1996-ты, рок-канцэрт супраць фашызму у Парку Горкага. Адыйшоўся з кампаніяй у бок, падыходзяць АМАПаўцы: прайдзёмце. Паказаў журналісцкае пасведчанне газеты «Культура» – нуль рэакцыі. У мяне выбілі дыктафон, надавалі па нагах, вынялі касету, раструшчылі, забралі нас у пастарунак, а мяне яшчэ і вывезлі на УАЗіку ў лес на Баравую. Пасля кульгаў на дзве нагі, Зміцер Вішнёў жартаваў: Панікоўскі не памірае.

Да гэтага часу не ведаю, што гэта было. Можа АМАПаўцы вырашылі, што я як журналіст за імі сачу? Але на наступны дзень галоўны рэдактар газеты дабіўся, каб вярнулі дыктафон. Іх начальнік тады прабачаўся.

Пасля гэтага з міліцыяй доўга не сутыкаўся, пакуль не здарылася чыста жыцейская гісторыя. Праз «барахолку» на «Анлайнеры» набыў мабільны тэлефон. Праходзіць літаральна  тыдзень – званок з міліцыі: тэлефон скрадзены, просім вярнуць. Аказалася, скралі тэлефон ў інваліда-вазочніка – відаць, нехта падбег і атабраў. Скрадзеная рэч па ланцужку трапіла да мяне. Але прадавец выбачыўся і аддаў мне іншы тэлефон.  

– Як у «бум-бам-літаўцаў» складаліся адносіны з пісьменнікамі старэйшага пакалення?

– Нам закідалі, што мы выступаем супраць класікаў, хаця насамрэч мы выступалі супраць забранзавеласці. А як на нас «наехалі» за выступленне з авангарднымі вершамі каля помніка Янкі Купалы! Ілля Сін зрабіў з батона цела маладога паэта, трымаў яго ў руках і чытаў за яго вершы. А паколькі мы былі галодныя, то пасля выступу з’елі «маладога паэта» пад напоі. Пасля выйшаў разгромны артыкул: быццам бы мы пакрыўдзілі Купалу сваімі вершамі. А што мы такога зрабілі? Было ж весела і цікава.

Нас лічылі ледзь не клоўнамі і не ўлічвалі, што мы займаемся сур’ёзнай навуковай працай, сярод нас ёсць кандыдаты навук. Зараз вось пад помнікамі Коласа і Купалы вершаў амаль не чытаюць.

Ды і па-за працай не толькі літаратурай займаліся. Я, да прыкладу, быў яшчэ заняты бардаўскай песняй і рок-гуртом «Жах», дзе выступаў як саліст, аўтар тэкстаў і музыкі (разам з Валянцінам Саўранчуком). Рэпетавалі там, дзе і «Ляпіс Трубецкой» – у Доме культуры МТЗ. Аднойчы яны запрасілі нас на торт з півам. Сказаў Міхалку, што ўпершыню песню «Ау» пачуў ў народзе, а пасля ўжо непасрэдна ад яго. 

Байкі пра нашыя адносіны з алкаголем? Адкажу так: нам было далёка да таго кола, якое сфармавалася вакол Анатоля Сыса, дзе кожная сустрэча ўвечары сканчалася злоўжываннем. Сыс мог падыйсці пасля вечарыны: Мінскевіч, купі бутэлечку. Але я яго не асуджаю, ён сам выбраў такі шлях. Не судзіце, ды не судзімы будзеце.

Дарэчы, пра ўсе гэтыя забароны. У гэтым годзе, калі былі выпускныя, пайшоў у краму за хлебам. Абураліся ўсе, хто забыў пра забарону і хацеў набыць піва. Затым праязджаў ўздоўж леса на Ангарскай: выпускнікі са стужкамі і з пакетамі загадзя купленага піва ішлі святкаваць заканчэнне школы. Дык чаму дарослым людзям нельга?

Калісьці напісаў класны санэт пра Панікоўку (сквер каля Купалаўскага тэатраС.). Такое ўтульнае месца было! Прыгожы парк, перад намі – хлопчык з лебедзем, збоку – Палацык вызвалення (грамадская прыбіральня – цяпер там білетныя касы тэатра). Дарэчы, у Берліне такія месцы засталіся. Чаму кажуць, што забарона піць піва на вуліцы – еўрапейская традыцыя, не ведаю. У Берліне нават у метро п’юць піва. Я спецыяльна стаў каля паліцэйскага, піў піва – нуль рэакцыі.

Таму маё меркаванне: трэба не забараняць, а падвышаць культуру. Я калі іду на пікнік, то ўсё смецце забіраю з сабою ў пакеце. Але ж прайдзіцеся па лясах – гэта жах. Фактычна смецце кідаецца на косці нашых людзей – тут жа столькі войнаў прайшло. А ў Даніі быў – ідэальная чысціня ў лясах і не толькі. У Капенгагене сыраежкі можна збіраць і есці.

Трэба падвышаць культуру, а для гэтага – падымаць фінансаванне навукі і гуманітарных сфер. Трэба падымаць нашы легенды. Вось адна з самых прыгожых: жыў князь Менск, у якога быў млын, дзе ён перамолваў камяні ў пірагі, карміў імі сваю дружыну, ад чаго людзі станавіліся волатамі і абаранялі нашу радзіму. Чаму не паставіць у горадзе гэты млын, побач князя Менеска на кані, каб людзі любілі сваё зямлю? Культура – базіс народу.

– Як здарылася, што вы напісалі кнігу «Золотой мяч Криштиану Роналду»?

– Па-першае, я заўсёды цікавіўся футболам. Па-другое, не люблю, калі на чалавека пачынаюць незаслужана «наязджаць». Шмат казалі: Раналду такі-сякі, сімулянт, робіць «ластаўкі» і «ныркі». Я пачаў уважліва сачыць за ім і зразумеў, што ў людзей склаўся непраўдзівы вобраз.

Чалавек стабільна забівае аграмедную колькасць галоў, пры тым што ў яго своеасаблівая костка у стапе – фактычна ўроджанае адхіленнем ад нормы. Таму ён так цікава бегае, быццам на насках, і таму, калі бяжыць, то не мае той раўнавагі, якая ёсць у таго ж Мессі. А выглядае быццам бы ён спецыяльна падае.

– Пытанне, якое даўно хваляе многіх заўзятараў свеце: Раналду – гей?

– Думаю, гэта блытаніна паняткаў. Ён – метрасэксуал, чалавек, які ўважліва сочыць за сабою. Раналду з беднай сям’і, яго бацька любіў выпіць, адна з мэтаў Крышціяну – зарабіць як мага больш грошай для сябе і сям’і. Калі ён аднойчы зарабіў ладную суму грошай, то сказаў маме: больш ты працаваць ня будзеш. Вялікія сродкі Раналду атрымоўвае на рэкламе (у тым ліку парфумы), на прадажы сваёй знешнасці. Таму ён вельмі уважліва сочыць за сабою. Жанчыны, з якімі ён сустракаўся, гэтага не разумелі, яны хацелі, каб ён быў прывязаны да іх. А ў нас яшчэ спрацоўвае такі чыннік: калі мужчына добра выглядае, «прылізаны» , то ён не брутальны, не мачо.

Ніякіх кампраметуючых фактаў у біяграфіі Раналду я не знайшоў.

– Што вас засмучае і радуе сёння? 

– Засмучае стан культуры і творчых людзей, гуманітарыяў, іх нізкае матэрыяльнае забяспячэнне. А радуе тое, што я цяпер гуляю ў футбол з маладымі людзьмі, якія размаўляюць па-беларуску. У маім дзяцінстве і юнацтве гэта было цяжка ўявіць.

Фота з сайта art-s.by

– Чаго вам найбольш хочацца?

– Адкрытых межаў. Колькі розных народаў вандруюць па свеце і маюць лёгкі доступ да багаццяў сусветнай культуры і архітэктуры! А нам атрымліваць шэнгенскія візы вельмі цяжка. Мяне гэта нават не засмучае, а абражае. Беларусы – культурная нацыя, мы не дзікуны, якія не змогуць жыць у гатэлі. А нас правяраюць ледзьве не як злачынцаў.  Я ненавіджу межы, усе інстанцыі звязаныя з імі і візы.

– Традыцыйнае пытанне да літаратара: вашы творчыя планы? 

– Мяне засмучае, што ў беларускім тэатры ўсё меней з’яўляецца п’ес на беларускай мове. Таму ёсць ідэя стварыць зборнік фантастычных п’ес. І хачу даперакласці Гамлета на беларускую мову (ужо маю 30% п’есы), бо старым перакладам больш за 50 гадоў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(4)