Общество
Генадзь Барбарыч, «Радые Рацыя»

«Мы даведаліся ад былых вязняў, што адміністрацыя калоніі забараняе кантактаваць з Алесем»

Палітзняволены кіраўнік праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі нават пад пагрозай турмы не разглядаў вырыянта эміграцыі, бо ен не лічыў сябе вінаватым, распавяла яго жонка Наталля Пінчук.

Па яе словах, віна мужа ў судзе не даказана, таму зараз Бяляцкі павінен быць не проста вызвалены, але і рэабілітаваны.

Пра абставіны справы свайго мужа і пра два гады жыцця без яго, Наталля Пінчук распавяла ў інтэрв'ю.

РР: Амаль два гады прайшло з моманту, як Алесь Бяляцкі апынуўся за кратамі. Як прайшлі гэтыя гады, што дапамагае трымацца?

Наталля Пінчук: Падтрымка, якая сыходзіць ад людзей, якія жывуць тут, у Беларусі, і ад тых, хто жыве за мяжой. Я маю на ўвазе не толькі тых, хто задзейнічаны ў няўрадавых арганізацыях, але і звычайных людзей, якія да гэтага часу былі далекія ад палітыкі. Але ў выніку таго, што адбылося з Алесем, гэта іх у пэўнай ступені зварушыла, абудзіла ад пэўнай такой інэртнасці жыцця. І яны, наколькі могуць, настолькі аказваюць падтрымку словам і справамі – гэта дапамагае ў першую чаргу.

Страшная ізаляцыя, у якой ен знаходзіцца ў Бабруйскай калоніі. Але ўсе ж такі гэтая ізаляцыя не такая моцная, не такая шчыльная, і словы падтрымкі, словы салідарнасці даходзяць да Алеся. Я таксама адчуваю гэтую падртымку, што дапамагае ў пэўнай ступені перанесці гэты час.

РР: Але ці дастаткова і беларуская грамадскасць і міжнародная супольнасць робяць намаганняў, каб Алесь Бяляцкі, а таксама іншыя палітычныя зняволеныя выйшлі з-за кратаў як мага хутчэй?

Наталля Пінчук: Грамадства, няўрадавыя арганізацыі, палітычныя дзеячы, як у Беларусі, так і ў Заходняй Еўропе імкнуцца зрабіць усе для палітвязняў. У першую чаргу яны змагаюцца за тое, каб палітвязні выйшлі на свабоду і былі поўнасцю рэабілітаваныя.

Прысуд Алесю Бяляцкаму не правамерны не толькі адносна міжнароднага права, але таксама і паводле беларускага заканадаўства. Паколькі судовыя высновы былі зроблены паводле дакументаў, пацверджанне сапраўднасці якіх так і не было прадстаўлена ў судзе.

Нават сведкі з боку абвінавачвання каментуючы дакументы, на якія спасылаўся пракурор, гаварылі пра тое, што гэтыя дакументы не могуць быць прызнаныя сапраўднымі. І вось на падставе такіх, па сутнасці, маніпуляцый, на падставе гэтых не сапраўдных дакументаў, быў вынесены такі прысуд.

Больш за тое, парушаліся і правы абароны. Калі з боку абароны гучалі просьбы праверыць дакументы, прадстаўленыя абвінавачваннем, звярнуцца да пэўных арганізацый, якія маглі б пацвердзіць тыя ці іншыя словы Алеся, то гэтага таксама не было зроблена.

Таму гэты прысуд, на падставе якога Алесь зараз знаходзіцца ў зняволенні, не можа лічыцца сапраўдным. І гэта дае падставы розным, як міжнародным, так і беларускім няўрадавым грамадскім і палітычным арганізацыям змагацца за яго вызваленне і рэабілітацыю.

РР: А чаму ўлады так жорстка расправіліся менавіта з Алесем Бяляцкім, чым ен ім перашкаджаў?

Наталля Пінчук: Актыўная праваабарончая дзейнасць Алеся, дзейнасць арганізацыі, якую ен узначальваў, была накіравана на тое, каб дапамагаць пацярпелым ад рэпрэсіяў. Зразумела, што гэта ў значнай ступені змяншала той страх, які панаваў, ці які мог быць у грамадстве. Гэта было не на руку ўладзе, таму для яе Алесь найменш пагражаў за кратамі. Што яны, па сутнасці, і рэалізавалі.

РР: Калі два гады таму сітуацыя вакол Алеся Бяляцкага пачала абвастрацца, вы абмяркоўвалі яе? Ці абмяркоўваўся такі варыянт, як ад'езд з краіны? Некаторыя зараз нават папракаюць: “Чаму не з'ехаў, не было б праблем!”.

Наталля Пінчук: Сітуацыя, якая склалася вакол Алеся, безумоўна, абмяркоўвалася намі, не тое, каб доўга, не тое, каб дэтальна. Адразу было зразумела, што іншых варыянтаў, акрамя таго, які ў рэшце быў абраны Алесем, не будзе. Толькі гэты варыянт і мог быць. Таму іншых спосабаў выйсця мы і не абмяркоўвалі. Рашэнне было прынята, і мы ўжо не шмат пра гэта гаварылі. Проста жылі ў чаканні таго, як будуць разгортвацца падзеі.

Што тычыцца таго, што некаторыя зараз, ну і ў той час меркавалі, што можа быць варта было Алесю з'ехаць, то я хачу сказаць, што да такой думкі ен і не мог прыйсці. Паколькі, зразумела, ен сябе не лічыў вінаватым, паколькі ўсе яго жыцце прысвечана, як беларускай справе, адраджэнню Беларусі, яшчэ з пачатку 80-х гадоў, так і праваабарончай справе.

Ен чалавек ідэі, чалавек прынцыпаў, ен змагаўся за правую справу, і ў гэтым сэнсе ен па іншаму паступіць ніяк не мог. Яго рашэнне лагічна выцякала з усей той дзейнасці, якую ен праводзіў да гэтага. З тых ідэй, з тых каштоўнасцяў, якія ен мае, якімі ен кіраваўся.

РР: Алесь Бяляцкі нават у калоніі пад пільнай увагай рэпрэсіўных дзяржаўных структураў больш, чым іншыя асуджаныя. Як вы тлумачыце няспынны ціск на яго ў калоніі?

Наталля Пінчук: Зараз, калі ен ужо абмежаваны ў свабодзе, уладам здаецца, што гэтага таксама мала. Ен напрацягу гэтых 2-х гадоў пастаянна атрымліваў спагнанні. Прычым за першы год свайго знаходжання ў калоніі ен атрымаў такую колькасць спагнанняў, у выніку якой яго перавялі ў злосныя парушальнікі.

Такая тэндэнцыя з ціскам распаўсюджвалася і на іншых палітзняволеных, якія таксама ў 2012 годзе ўсе сталі злоснымі парушальнікамі. І гэта, зразумела, наўмысная палітыка, якая праводзіцца ў дачыненні да апанентаў улады.

На сенняшні дзень у Алеся сітуацыя ўскладняецца тым, што акрамя гэтых спагнанняў, акрамя пазбаўлення яго магчымасці мець спатканні з блізкімі, магчымасці атрымліваць нейкую грашовую дапамогу з волі, якая скарочана да 100 тысячаў рублеў, а што можна за іх купіць у краме калоніі, ен яшчэ пазбаўлены прадуктовых перадач.

Такім чынам, у 2013 годзе, ен не меў ні спаткання, ні магчымасці атрымаць належную яму 30-кілаграмовую прадуктовую перадачу. Дык і гэтага ўладам здаецца мала!

Ен ізаляваны яшчэ і ў самой калоніі, знаходзячыся сярод зняволеных. Любыя кантакты з ім дастаткова абмежаваныя. Паколькі адміністрацыя калоніі пад страхам пазбаўлення ўмоўна-датэрміновага вызвалення, пад страхам новых спагнанняў забараняе зняволеным мець нейкія кантакты з Алесем – гэта дадатковы моцны псіхалагічны ціск.

Але тым не менш, тое, што мы маем гэтыя звесткі пра сітуацыю, у якой знаходзіцца Алесь, гаворыць шмат аб чым. Таму, што Алесь звычайна ў сваіх лістах нічога не расказвае пра ўмовы ўтрымання. Асабліва не распаўсюджваецца ні пра стан свайго здароў'я, ні аб іншых момантах. А вось гэтая інфармацыя прыйшла ад тых вязняў, якія выйшлі з Бабруйскай калоніі. І нягледзячы на магчымую рызыку пераследу, яны ўсе ж такі здолелі данесці гэтую інфармацыю. Зараз сітуацыя з Алесем у калоніі вядомая, і зразумела, яна дастаткова цяжкая.

РР: Магчыма, адна з мэтаў гэтага ціску – спроба прымусіць Алеся напісаць прашэнне аб памілаванні?

Наталля Пінчук: Цалкам верагода, але пра гэта ен таксама нічога не гаворыць. Але разам з тым, сыходзячы з той інфармацыі, якая паступае ад іншых палітзняволеных, можна меркаваць, што гэты ціск здзяйсняецца, і не толькі ў адносінах да Алеся, але і ў адносінах да ўсіх палітвязняў, якія на сенняшні дзень знаходзяцца ў турмах і калоніях Беларусі.

РР: Тым не менш, момант, калі Алесь Бяляцкі будзе вызвалены, безумоўна адбудзецца. Як вы думаеце, калі? Ці хутка?

Наталля Пінчук: Што тычыцца гэтага моманту, я думаю, усе рэалізуецца і ўсе стане вядома толькі тады, калі гэта адбудзецца. Таму, што гадаць не даводзіцца. Колькі розных чутак, колькі розных неапраўданых спадзяванняў ужо было. Таму, я думаю, варта проста жыць кожным днем. Прыйдзе дзень волі – гэта будзе радасны дзень, ен стане для ўсіх відавочным.

***

Алесь Бяляцкі быў арыштаваны 4 жніўня 2011 года. Асуджаны на 4 гады і 6 месяцаў зняволення па артыкуле Крымінальнага кодэксу аб утойванні прыбыткаў у асабліва буйным памеры.

Але, як лічаць праваабаронцы, яго віна не даказана. За асабістыя прыбыткі следства і абвінавачванне выдала сродкі, якія не належалі Бяляцкаму, а прызначаліся на дапамогу пацярпелым ад рэпрэсій.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)