Руслан Гарбачоў
«Можа быць, калі б не літаратура, то павесіўся б»

Адзін з самых загадкавых беларускіх літаратараў Сяргей Вераціла распавёў «Салідарнасці», чаму ён змяніў каля 20 месцаў працы і з-за чаго лічыць беларусаў ведзьмакамі.

Летась Сяргей Вераціла выдаў сваю першую кнігу, а сёлета 53-гадовы аўтар трапіў з ёю ў лонг, а пасля і ў шорт-ліст прэміі Гедройца. Літаратуразнаўца і гісторык Анатоль Трафімчык сказаў «Салідарнасці»: «З-пад пяра Сяргея Верацілы мастацкія творы выходзяць рэдка, але ўсе яны вартыя ўвагі. Чытач не пашкадуе,ўзяўшы іх у рукі. Адчуваецца, што Вераціла піша перадусім душою».

– Што вы адчулі, калі даведаліся, што вашая кніга «Разбітае сэрца Вітаўта» прэтэндуе на прэмію Гедройца?

– Я ведаў, што яна туды трапіць. Бо я напісаў кніжку. Не ўсё, што на паперы і пад вокладкаю, з’яўляецца кніжкай, але я напісаў кніжку. Таму ў мяне не было ніякага здзіўлення. Здзіўляўся я ўжо на ўручэнні прэміі, калі мне не далі ніякага месца.

– Колькі месцаў працы вы змянілі за жыццё?

– Ой, шмат.

– Каля 10?

– Каля 20. Працаваў і токарам, і слесарам, і інструктарам, і перакладчыкам ў БелТА... Дзе толькі не працаваў. Нават докерам (грузчыкам) працаваў у Клайпедзінскім порце.

– Вы таксама некалькі гадоў працавалі вартаўніком, ахоўвалі лецішчы пісьменнікаў у Лысай гары.

– Так, працаваў у кааператыве Саюза пісьменнікаў «Узгор’е».

– Былі спробы рабавання?

– Былі. Але ж няма там чаго асабліва рабаваць. У савецкія часы людзей маглі зацікавіць сякеры і рыдлёўкі, а зараз усё капеечнае, няма сэнсу красці.

Няма ў нас матэрыяльна багатых пісьменнікаў. Хіба што Лёня Дайнэка, але ён жа не як пісьменік багаты, а як уладальнік брэнду гарэлкі «Генерал». Гэта ж не савецкія часы. Мне за кнігу далі 200 долараў. На гэтыя грошы я зрабіў вечарыну ў музеі Багдановіча. Але я яшчэ задаволены, што мне не прыйшлося плаціць за выданне кніжкі.

Ахоўнікам на лецішчах працаваў чыста для парадку. І мне там было добра. Беларускамоўнае асяродддзе, былі нават людзі, якіх можна назваць ітэлектуаламі, з якімі можна пагаварыць. Напрыклад, Максім Клімковіч, Алесь Жук, стары Алесь Савіцкі – хоць ён з таго сабачага саюза (мы, пісьменнікі, паміж сабой кажам: наш – гэта нячэсны саюз, а іх – сабачы). Але ў нас было пагадненне, што на некаторыя тэмы мы проста не гаворым, каб не сварыцца.

Зімою там таксама вельмі добра было. Нікога навокал, снег, печка, музыка, кніжкі, рукапісы. Я па натуры воўк, мне гэта падабалася.

– Зараз чым зарабляеце на жыццё?

– Як сацработнік – даглядаю маці, ёй 88 гадоў. У нас двухпакаёўка ў мястэчку Краснае сяло, Ваўкавыскі раён. Пра краснасельскія мелавыя кар’еры, беларускія Мальдзівы чуў? Вось там я і жыву.

У мястэчку 8 тысяч насельніцтва, шмат прадпрыемстваў. Робяць цэмент, шыфер, вапну, і людзі трохі зарабляюць. Машын як гразі, у двары стаіць ці не па дзве на сям’ю. Пенсіянеры жывуць, як ніколі яны не жылі. За Сталіным пенсіі ж увогуле не давалі.

Слой насельніцтва, які сёння сапраўды пакутуе, – маладыя людзі. Бо існуе праблема жытла. Вось ты жывеш у Мінску, для цябе набыць жытло – па-за ўзроўнем мары.

– Чаму вы змяняеце месцы працы?

– Каб было за што жыць, я бы ўвогуле нідзе не працаваў. Чытаў бы, пісаў бы, музыку слухаў, кіно глядзеў, садам бы займаўся.

Можа быць, калі б не літаратура, то зараз павесіўся б. Літаратура для мяне значыць абсалютна ўсё. Калі мне яшчэ некалькі гадоў адпушчана, хачу напісаць і расказаць людзям трохі таго, што амерыканцы называюць story.

– Вы жылі ў Эквадоры. Як вас туды занесла?

– Калі вучыўся на філфаку БДУ, пазнаёміўся з дзяўчынаю родам з Лацінскай Амерыкі. Паводле паходжання яна басконка, а паводле пашпартнай прыналежнасці эквадорка. У нас нарадзіўся хлопчык, Ян Францыск Сяргеевіч Вераціла Бэрэсуэта. Мы ажаніліся, паехалі ў Эквадор.

Пражылі там 9 месяцаў і зразумелі, што не магу я там. Ёсць людзі, якім усё роўна дзе жыць. А я адчуваю повязь з гэтай зямлёю. І не проста з тэрыторыяй, якая завецца Рэспубліка Беларусь, а канкрэтна са сваёю Радзімаю – Ваўкавыскаю зямлёю.

Мы вярнуліся з сям’ёю сюды, жонка давучвалася, у нас нарадзілася дачка, Ляля Марыя Эліза. Дзеці з’ехалі з Беларусі вельмі маленькімі, былая жонка жыве ў Англіі, замужам. Дачка ў Лондане вучыць маленькіх дзетак з розных краін свету. Сын жыве ў Эквадоры. Хаця яму там даволі няўтульна, бо ён не падобны да асноўнага насельніцтва краіны. Сын высокі, светлы. Спрабаваў нават фарбаваць валасы ў чорны колер, каб быць падобным на астатніх. Ён чалавек разнабакова развіты, любіць мяняць працы. Ён спартовец, вэб-майстар, музыкант, мастак.

– Дзеці вас наведваюць?

– Не. Дачка звоніць з Лондану час ад часу. Бо я не ўмею карыстацца кампутарам, калі навучуся, то будзем размаўляць па скайпу і перасылаць адзін адному емэйлы. Прыемна, што дачка пачала вучыць беларускую мову.

– Вы сапраўды 10 моваў ведаеце?

– Гэта трошкі перавелічэнне. Ведаю гішпанскую, разбіраюся ў італьянскай, румынскай, партугальскай, трошкі магу чытаць па-французску. Трошкі ведаю нямецкую, ну і славянскія мовы.

– Вы маглі калі-небудзь загінуць?

– Мільён разоў. У дзяцінстве чатыры разы тануў, але сам выплываў. У дарослым жыцці бывала зашмат выпіваў. Потым сам адыходзіў, але мог упасці і прапасці.

– Вы можаце назваць сябе п’яніцай?

– Так. Магу выпіць і кожны дзень, а магу і не піць. Я не залежу ад гарэлкі, хай яна ад мяне залежыць, хай яна за мною ходзіць.

– Беларусь нядаўна абвесцілі самай пітушчай нацыяй. Якія, на ваш погляд, прычыны гэтага?

– Думаю, гэта ў асноўным сацыяльнае п’янства, выкліканае безвыходнасцю. Малады чалавек ведае, што як бы ён ні стараўся, у яго не будзе ўласнага кутка.

Другая прычына – інтравертнасць беларусаў. У нас вельмі закрытыя людзі, і каб трохі разняволіцца, ім трэба выпіць альбо травы пакурыць. Можа таму, што мала ў гэтай краіне сонца. Усё ў сабе носяць. Магчыма, гэта прычына і вялікай колькасці самагубстваў. Паміранне ад гарэлкі – той жа від самагубства. Я б рэкамендаваў нічога не ўжываць, калі можна абыходзіцца без алкаголя.

Плюс Чарнобыль паўплываў. У мяне нядаўна, з 8 на 9 траўня, у Берліне сябар памёр. Вельмі абалдзенны гітарыст. У гарадскім сімфанічным аркестры граў. У яго меланома была, рак скуры. Помню, ехалі мы з ім у маладосці з Грузіі перакладнымі, вылезлі ранкам у Жлобіне. А ўжо пачалася спякота, мы знайшлі возера, распрануліся і цэлы дзень ляжалі пад сонцам. Гэта было 27 красавіка 1986 года. Думаю, гэтае чарнобыльскае сонца яму войкнулася.

– Якія рысы беларускага нацыянальнага характару вы можаце вылучыць?

– Беларус начальства не любіць, якое б яно не было. Але ў душы кожны беларус – начальнік. У савецкай арміі з беларусаў набіралі сярэдні склад афіцэрскага саставу. Маёры, палкоўнікі – вельмі шмат беларусаў сярод іх было. Выканаўчыя, службістыя, адказныя, спакойныя. І пры гэтым не імкнуцца стаць генераламі.

Чытаў артыкул са статыстычнымі дадзенымі па беларускай дыяспары ў ЗША. Няма сярод яе мультымільянераў. І амаль што няма тых, хто жыве, як кажуць, на вуліцы. Мара беларуса – быць сярэднім класам. Быць як усе. Каб усё было як у людзей.

Калі беларус дасягнуў вызначанага для сябе ўзроўню дабрабыту, яго не будуць хваляваць ніякія праблемы. Хоць скажы яму, што заўтра сонца абрынецца на зямлю. Вось у яго шырспажывам кватэра набітая, чатыры калясы пад сракай ёсць, лядоўня набітая – усё астатняе яму пофіг.

Мы столькі перажылі хваляў этнацыду, што прывыклі хавацца ў бульбу, у гліну, у лес, куды заўгодна. А яшчэ беларусы амаль пагалоўна ведзьмакі.

– У сэнсе?

– У прамым сэнсе. Яны пра гэта самі не ведаюць. Кепскае вока, цяжкая рука – гэта ў беларусаў павальна.

Я ўсё сваё жыццё адчуваю зайздрасць (хаця не магу зразумець з-за чаго – можа маёй свабодзе зайздросцяць?) і што мяне сурочылі. Узяць хаця б маё сямейнае жыццё, якое развалілася на пустым месцы. Некалькі гадоў таму я моцна хварэў, перанёс на нагах інфаркт. Пачаў адчуваць з дня ў дзень, што я вельмі слабы, вельмі хутка стамляюся. І вось мы з сябрам абганялі бульбу. Ён быў за каня, я ішоў за плугам...

– Хацелі сказаць, сябар вёў каня?

– Ды не, ён запрэжаны быў. А я за плугам ішоў. Сябар кажа: бачу, ты ледзь не падаеш, табе зусім кепска. Правёў рукою (а ён усё вельмі добра адчувае) і кажа: у цябе зусім ніякае сэрца. Я пайшоў, зрабіў кардыяграму, УЗІ. Таня, доктарка, расказвае: цукар, халестырын, ныркі, печань – усё добра.

– А сэрца?

– Вераціла, табе прыемна сказаць ці праўду?

– Праўду.

– Сэрца – гаўно.

Пасля гэтага сябар зняў мне сурокі. Для гэтага трэба купіць, не гандлюючыся, адно яйка, сесці на усход, і каб табе гэтае яйка пакаталі па спіне. Сябар як разбіў яйка, то жаўток быў проста чорны. Вось так знялі сурокі, а таму, хто мне гэта зрабіў, стала кепска.

– Раскажыце пра сваё знаёмства з Караткевічам.

– Мне 14 гадоў тады было. Зайшоў у госці да свайго далёкага сваяка, дзядзькі Міхася Верацілы. Сядзяць у яго мужыкі, пра цікавае расказваюць. А я тады быў рускамоўны і індэнтыфікаваў сябе з рускім. Паслухаў іх і кажу: «Такие умные дядьки и говорят на этом колхозном языке».

Караткевіч паглядзеў на мяне: «Такі разумны прыгожы малады чалавек, а саромеецца роднай мовы». Мне стала вельмі няёмка і я сышоў.

– Знаёмства з Анатолем Сысам чым запомнілася?

– Мы пазнаёміліся, калі ён яшчэ не піў і спортам захапляўся. Качаўся, лёгкай атлетыкай займаўся, не лаяўся і не ўжываў брыдкіх расійскіх словаў.

– Што з ім пазней здарылася?

– Думаю, яго папсавала ранняя слава. Прыехаў у Мінск – «О, Толя, вялікі паэт... давай вып’ем». Усё так лёгка, усе вакол геніі, і ты геній. Назаўтра баліць галава, трэба пахмяліцца, ізноў геніі сабраліся. Шмат у каго так. Непітушчыя пісьменнікі – адзінкі.

Па-другое, у яго не было схільнасці (і ніхто яго не навучыў) да сістэмных заняткаў. Калі чалавек нечым сістэмна займаецца, у яго выпрацоўваецца звычка, а значыць менш часу застаецца на распусту. Толік проста распусціўся. Казаў, што збіраўся пісаць прозу, аповесць пра Паўлюка Багрыма, але я ведаў, што ўсё гэта лапша.

– У каго яшчэ са знаёмых літаратараў назіралі трагічны лёс?

– Пісьменнік сам па сабе – гэта ўжо трагічны лёс. Гэта ж ненармальна – сядзець і нейкія словы звязваць паміж сабою. Гэта выракае чалавека на самоту. Ды яшчэ ў нашых умовах, калі беларуская літаратура нікому не патрэбна...

З інашга боку, у гэтым нешта ёсць: пісаць на мове паміраючага народу. Як казаў нямецкі паэт Гёрдзерлін, вельмі лёгка плыць уніз па плыні, але куды больш годна стаяць пасярод плыні як скала і рассякаць яе на дзве часткі.

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 0 (оценок:0)