«Мова ці кава» ізноў пад пагрозай закрыцця
Расійска-украінскі канфлікт ад самага пачатку раскалоў беларускае грамадства — унутры сем’яў, працоўных калектываў, палітычных партыяў. Зараз чарга дайшла да грамадскіх ініцыятыў.
Моўныя курсы “Мова ці кава” пад пагрозай закрыцця — аўтарка ідэі Кацярына Кібальчыч стала на абарону сепаратыстаў, у той час як астатнія чальцы каманды ў гэтым канфлікце падтрымліваюць адзіную Украіну.
Бясплатныя гарадскія курсы беларускай мовы “Мова ці кава” з’явіліся ў 2013 годзе ў Маскве. Арганізатаркай выступіла журналістка з Беларусі Кацярына Кібальчыч, якая працуе на тэлеканале ОРТ. Яна ж была рэжысёрам дакументальнага фільма “Беларуская мара” пра жыццё беларусаў ва ўмовах дыктатуры з фіналам на Плошчы-2010.
Пазней заняткі сталі праводзіцца ў Мінску. Першым вядучым быў журналіст і блогер Глеб Лабадзенка, але праз канфлікт унутры каманды на наступны сезон ён разам з паплечнікамі арганізаваў новыя курсы “Мова нанова”, а Кацярына працягнула развіваць “Мову ці каву” з іншай камандай.
Курсы збіралі сотні людзей. Заняткі былі арганізаваныя ў выглядзе дыскусій. На 15 кастрычніка быў запланаваны першы занятак новага сезону.
Але, як кажуць арганізатары, ён жа можа стаць і апошнім для дадзенага праекту.
Паміж Украінай і Расіяй
Журналістка ОРТ Кацярына Кібальчыч сваю пазіцыю па расійска-украінскім канфлікце выказвала неаднаразова — і ў сюжэтах, і на старонцы ў сацыяльных сетках.
Апошняй нагодай стала праява салідарнасці беларусаў, якія падчас футбольнага матча Беларусь — Украіна падтрымалі ўкраінскіх фанатаў з крычалкай “Пуцін — х**ло!”.
— Нельга скакаць на стадыёне і пісаць, што адбываецца свята, калі ідзе грамадзянская вайна і столькі ахвяраў з абодвух бакоў. Гэта катастрофа, трагедыя. І ў чалавека з душой і розумам не можа быць адчування “кайфа і эйфарыі”, — напісала Кібальчыч у Facebook. — Мне здавалася, усе разумеюць — ва Украіне ідзе грамадзянская вайна. Для мяне, чалавека які быў у Данецку не раз, гэта факт. Апалчэнцы — мясцовыя жыхары (за рэдкім выключэннем). Яны карыстаюцца вялікай падтрымкай насельніцтва Данбасу.
Гэты допіс выклікаў шмат негатыўных каментарыяў, у якіх Кацярыну як супрацоўніцу расійскага тэлеканала, вядомага прапагандысцкімі сюжэтамі, абвінавацілі ва саўдзеле распальвання варожасці і вайны ва Украіне, у ілжывым інфармаванні гледачоў па сітуацыі на Данбасе.
Але выказаліся не толькі выпадковыя чытачы Facebook, але і каманда Кацярыны Кібальчыч, з якой яна арганізуе ў Мінску курсы беларускай мовы.
Паэтка і тэлевядучая Валярына Кустава напісала:
— Па этычных прычынах, у звязку з апошнімі допісамі Каці пра вайну ва Украіне, меркаванні выказаныя ў якіх я асабіста не падзяляю (але не ў гэтым прычына), я стаю перад дылемай і думкай, каб пакінуць курсы “Мова ці кава” і больш там не выкладаць. А прычына вось у чым: мне бачыцца, што ў сваіх допісах Каця тлумачыць вайну, пры чым — збольшага з пазіцыі Расіі, што спрыяе не спыненню вайны, а яе працягу. А я ж як паэт і беларуска хачу вайну не тлумачыць ці апраўдваць, а спыніць.
Яшчэ адзін выкладчык курсаў — тэлевядучы Алесь Залеўскі, які павінен быў заўтра адкрываць новы сезон курсаў, таксама выказаў заклапочанасць: — Не магу браць адказнасці за тое, што заўтрашнія заняткі не будуць ператвораныя ў тэатр абразаў ды бясконцых палітычных спрэчак. Я прыходзіў на Мову акурат за адваротным”.
Перад Кібальчыч паставяць ультыматум
Па словах яшчэ аднаго вядучага Франака Вячоркі, заўтра чальцы каманды паставяць ультыматум перад Кацярынай Кібальчыч — або яна больш не выказвае прарасійскую пазіцыю па сітуацыі на Данбасе, або ў такім складзе каманда “Мова ці кава” працаваць у Мінску больш не будзе.
— Гэта пазіцыя большасці сябраў каманды, не ведаю, каб хтосьці яе не падтрымліваў, — кажа суразмоўца. — Кацярына апраўдвае вайсковую агрэсію Расіі на тэрыторыі Украіны. У такой сітуацыі немагчыма працаваць разам, паколькі ў нас з ёй разыходзяцца паняцці агульначалавечых каштоўнасцяў.
Кацярына Кібальчыч сцвярджае, што пазіцыю Франака падзяляюць не ўсе сябры каманды, аднак прызнае — канфлікт унутры калектыва існуе.
— У нашым статуце дакладна прапісана, што палітычныя ці рэлігійныя перакананні не могуць быць перашкодай для ўдзелу ў курсах, — кажа журналістка ОРТ. — Я ніколі не забараняла чальцам каманды выказваць у сацыяльных сетках ці інтэрв’ю сваё асабістае меркаванне, хоць часам яно разыходзілася з маім. Дык чаму ж цяпер мне дыктуюць, што пісаць на сваёй старонцы ў Facebook?
Усе правы на брэнд “Мова ці кава” належаць Кібальчыч
Па меркаванні Кібальчыч, яе пазіцыя не нашкодзіла рэпутацыі курсаў, а наадварот, стварыла дыскусію ў грамадстве па вельмі важным пытанні.
— Ідэя курсаў “Мова ці кава” ў тым, што там могуць збірацца абсалютна розныя людзі, якія маюць права выказаць сваё меркаванне. Гэта не месца для апазіцыйнага гета. У нас працуюць розныя выкладчыкі. І ў нас былі праблемы з-за таго, што хтосьці працуе на польскім праамерыканскім тэлеканале, а хтосьці вядомы як апазіцыяер. Але я нікому з іх не адмовіла ў супрацы. Дык чаму зараз мне ставяць у віну, што я працую на расійскім тэлеканале?
Франак Вячорка, у сваю чаргу, кажа, што Кацярына ўспрымала курсы, як бізнэс-праект.
Кібальчыч катэгарычна абвяргае гэта:
— Першы год я рабіла курсы за свае грошы. Прыкладна чвэрць майго гадавога заробку сышла на гэту справу. Не думаю, што хтосьці іншы з грамадскіх дзеячаў можа сказаць тое самае пра сябе. Я са сваёй кішэні плаціла ганарары Глебу Лабадзенку, калі ён быў выкладчыкам “Мовы ці кавы”. Таму казаць, што для мяне гэта бізнэс — недарэчна. Я вельмі шмат асабістага ўклала ў гэты праект.
Дарэчы, менавіта Кацярыне Кібальчыч належыць брэнд “Мова ці кава”. Па словах журналісткі, яна аформіла патэнт на сваё імя. А таму ў выпадку канфлікта іншыя чальцы каманды не змогуць скарыстаць назву курсаў без згоды ўладальніцы правоў.
— Заўтра адбудзецца першы запланаваны занятак “Мовы ці кавы” ў новым сезоне. Ён жа можа стаць апошнім, калі ў нас не атрымаецца знайсці супольнае рашэнне, — падсумоўвае Кацярына.
Па словах Франака Вячоркі, калі дамовіцца з Кібальчыч не атрымаецца, выкладчыкі гатовыя запачаткаваць новыя курсы. Магчыма, на базе “Арт-сядзібы”.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное