«Мой дзядуля быў беларусам. Яго апошнімі словамі былі: «І я цябе люблю. Жыве Беларусь, пахне чабор»
Архітэктарка ў інтэрв’ю «Салідарнасці» — пра мару адрадзіць сядзібу ў Беларусі і беларускі кантэнт у эміграцыі.
— Беларускасць заўсёды была ўва мне: у дзяцінстве мне спявалі калыханкі на беларускай мове, кожны год на ўсё лета я прыязджала ў вёску да свайго дзядулі, — ўспамінае Марыя (імя зменена) ў інтэрв’ю «Салідарнасці». — Памятаю, як святкавалі Купалле: плялі вяночкі, палілі вогнішчы, якія, здавалася, былі да неба. На Тройцу на кожны плот вешалі кляновы лісцік, а калі хтосьці паміраў, збіралася ўся вёска.
Беларусь жыве ўва мне і дзякуючы майму дзядулю. Ад яго я чула беларускую мову, з ім мы чыталі беларускія кнігі. Ён заўсёды падтрымліваў мяне. Але ў лістападзе мінулага году яго не стала.
Мой дзядуля быў беларусам, чыімі апошнімі словамі былі: «І я цябе люблю. Жыве Беларусь, пахне чабор». Адзінае, што я магла зрабіць, каб развітацца з ім — замовіць дастаўку кветак. Гэта было 500 валошак.
Гэта, канешне, вельмі страшна. Бо калі не маеш магчымасці нармальна развітацца, менш асэнсоўваеш гэтую страту. Я разумею, што калі павярнуся дадому, без дзядулі гэта будзе ўжо іншае месца.
Беларуская мастачка і архітэктарка з Менску Марыя зараз жыве ў Польшчы — яна вучыцца на магістратуры і прысвячае вялікую частку свайго кантэнту беларускай тэме.
На ўмовах ананімнасці яна паразмаўляла з «Салідарнасцю» пра свае ўлюбёныя месца ў Кракаве, звязаныя з Беларуссю, становішча беларускіх сядзіб і палацаў, а таксама які досвед беларусы могуць атрымаць, жывучы ў Польшчы і чаму ім не стае тактоўнасці ў беларускамоўным кантэнце.
«Ці змагла б я зараз напісаць магістарскую на беларускай лацінцы ў Беларусі? Напэўна, не»
— Калі я скончыла ліцэй БНТУ, зразумела, што, на жаль архітэктура — гэта не тая спецыяльнасць, якой трэба вучыцца ў Беларусі. Яна патрабуе свабоды, а ў нас гэтага няма — толькі нормы, ДАСТы.
І вось, нягледзячы на тое, што беларускасць заўсёды была ўва мне, менавіта ў Польшчы мне паказалі, што не трэба саромецца, што ты беларус. Польскія выкладчыкі раскрываюць нас.
Памятаю, як нам трэба было зрабіць дызайн інтэр'еру, грунтуючыся на нейкім творы мастацтва. Выкладчык прапанаваў зрабіць нешта сваё, бо палякам цікава даведацца пра беларускую культуру.
Гэта было вельмі прыемна, бо шмат хто з нас прыстасоўваўся да ўмоў: маўляў, мы ў Польшчы, таму і рабіць будзем адпаведна з гэтым. А тут нам кажуць: рабіце сваё! Я ўзяла за базу Слуцкія паясы, і калі зразумела, што палякам гэта падабаецца, вырашыла ў кожнай працы браць беларускі элемент.
Цяпер я пішу магістарскую працу на беларускай лацініцы, дублюючы побач на польскай мове. Ну крута ж: ці змагла б я зараз напісаць працу на беларускай лацінцы ў Беларусі? Напэўна, не.
«У расейскамоўных блогах таксама ёсць шмат памылак, але там ніхто нікому нічога не кажа»
З расейскай на беларускую мову Марыя перайшла ў 2021 годзе. За тры гады, прызнаецца дзяўчына, ёй ужо нават складана фармуляваць думкі на расейскай.
Перад тым, як пачаць весці свае сацыяльныя сеткі па-беларуску, дзяўчына зрабіла апытанне. Галасы падпісчыкаў падзяліліся пароўну: адны падтрымлівалі беларускамоўны кантэнт, іншыя — расейскамоўны. Але пытанне папулярнасці не стаяла, таму Марыя пачала весці ўвесь свой кантэнт на беларускай мове.
— І ніхто ў мяне потым не пытаў: а чаму на беларускай? Я увогуле сутыкалася з здзіўленнем, толькі калі прыязджала ў Беларусь. Пыталі: «Ты адкуль? Ого, з Менску, і на беларускай!». У замежжы мова не выклікала аніякіх пытанняў.
Мой кантэнт пераважна пра мастацтва, дызайн, архітэктуру, нейкае асабістае жыццё, а таксама цікавінкі пра беларускую культуру і мастацтва. Вядома, у мяне бываюць нейкія адкаты, асабліва пасля негатыўных каментароў у сацсетках.
Але я ўсё адно разумею, што беларуская тэма — гэта я. Яна ўсё адно баліць і недзе кранае. Я разумею, што інакш не змагу, бо гэта частка мяне.
Водгукі ад аўдыторыі заўсёды розныя і залежаць ад платформы. Напрыклад, у Instagram вельмі лайтовая аўдыторыя, а ў Х (былы твітар) — вельмі таксічная. У TikTok, мне здаецца, больш за ўсё пазітыўных водгукаў і захаванняў. Нейкі хейт можа пачацца ад 10 тысяч праглядаў.
Гэта звычайна наратывы тых, хто з Беларусі і пакрыўдзіўся (яны часцей за ўсё пішуць, што знаходжуся ў Польшчы і нешта тут распавядаю), ці тых, хто хоча неяк зачапіць наконт моўнай памылкі, маўляў, спачатку трэба мову вывучыць, а потым запісваць відэа па-беларуску.
Дарэчы, гэта нейкая адметна беларуская праблема. У расейскамоўных блогах таксама ёсць шмат памылак, але там ніхто нікому нічога не кажа. Палякі, калі ты хоць неяк спрабуеш размаўляць на польскай, заўсёды падтрымаюць: малайчына, усё атрымліваецца!
А ў нас чамусьці шмат хто сваіх жа пачынае чапляць. Такое можа адштурхнуць ад беларускай мовы. Калі чалавек просіць, можна падказаць, ну а так, навошта? Калі маленькае дзіцё толькі пачынае вучыць мову, яго ж ніхто не абражае, так павінна быць і тут.
«Прыйсці на магілку беларуса, калі ты ў роспачы — вельмі дапамагае, гэта таксама твая душа»
Публікацыі, якія набіраюць найбольш каментароў і праглядаў — гэта месцы ў розных гарадах, дзе ёсць беларускі след. Мы якраз падыходзім да аднаго з іх, пра якое Марыя здымала відэа — дуба Свабоды.
— Гэты дуб — насупраць Ягелонскага ўніверсітэта. Пад ім — зямля, прывезеная з месцаў расстрэлаў інтэлігенцыі ў галіне адукацыі з розных краін, у тым ліку з нашых Курапатаў. Для мяне было вельмі нечакана даведацца пра гэтае месца: у Польшчы — ды беларуская зямелька.
У Кракаве шмат месцаў, звязаных з Беларуссю. У некаторых з іх а адчуваю сапраўдную моц і энергетыку. Апроч дуба Свабоды, гэта таксама магіла нашага паэта Алеся Гаруна (знаходзіцца на Ракавіцкіх могілках).
Беларуская дыяспара даглядае яе: там заўсёды прыбрана, ёсць кветачкі, лампадкі, перыядычна праводзяцца чытанні.
Калі мне сумна, і ўсё нібыта не так, я проста прыходжу да магілкі Гаруна і разумею: я тут за мяжой не адна. Прыйсці на магілу беларуса, калі ты ў роспачы — вельмі дапамагае, гэта таксама твая душа.
Яшчэ адно месца — музей Чартарыйскіх. Тут над будынкам выгравіравана менавіта беларуская Пагоня, а ўнутры прадстаўлены Слуцкія паясы і рэчы з ваеннай атрыбутыкі з Пагоняй.
Таксама ў Кракаве захаваны арыгінал «Дудкі беларускай» Мацея Бурачка. Знайсці яго можна ў бібліятэцы Ягелонскага універсітэта. Уражвае, што звычайны чалавек можа прыйсці і ўзяць у рукі рэліквію. Можна фатаграфаваць, чытаць, гартаць старонкі!
— Ты пісала, што за тое, у якім стане знаходзяцца беларускія сядзібы і палацы, у цябе баліць душа. Чаму?
— У нас велізарная колькасць закінутых сядзіб і палацаў. І калі браць умовы, ў якіх альбо як гэта рэканструюецца, то хочацца сказаць: лепш не чапайце.
У нас на пары па кансервацыі ў Польшчы паказвалі, што беларуская рэканструкцыя — ў ліку тых, як рабіць не трэба. Звычайна на гэта ўплывае тое, што робяць не так, як гэта было ў рэчаіснасці: калі ў Польшчы стараюцца аднавіць такі выгляд, як яно рэальна было, або нічога не рабіць увогуле, то ў Беларусі карыстаюцца матэрыяламі, якія ёсць, а не якія патрэбныя.
У Наваградку каля старой прыгожай вежы ўзвялі сучасную, акая нагадвае штосьці старое, але матэрыял падабраны зусім не той. Ды й праз некалькі гадоў гэтая вежа ўвогуле развалілася, зараз яе трымаюць падпоркамі. Гэта і сведчыць пра якасць ды адказнасць.
У Польшчы, каб адрэстаўраваць будынак, трэба прайсці сто колаў пекла, як і ў Беларусі. Але калі тут з гэтага будзе вынік, то ў Беларусі гэта проста бюракратыя. Таксама, калі ў Польшчы гэта можа зрабіць любы чалавек, то ў нас не: будынкі альбо належаць дзяржаве, альбо, калі яго выкупіў просты чалавек, яму даюць тры гады, каб прывесці сядзібу ў парадак, а гэта немагчыма.
Павінны быць тэсты, аналізы муроў, вывучэнне гісторыі будынка, яго энергетыкі. За тры гады добра і якасна нешта зрабіць проста нерэальна. Таму й гінуць нашы сядзібы і палацы, альбо іх проста руйнуюць.
— Ты марыш па вяртанні ў Беларусь адрадзіць хаця б адну сядзібу. Якую?
— Пакуль што не ведаю, цяжка выбраць. Таксама трэба ўлічваць, што адрэстаўраваць мала. Трэба, каб да гэтага месца быў добры пад’езд, была інфраструктура. Калі там нічога няма, гэта не будзе працаваць. Трэба будаваць нешта і побач, а гэта дадатковыя высілкі. Таксама я разумею, што гэта валанцёрства, на якім не заробіш. І калі я хачу зрабіць рэстаўрацыю, я павінна мець капітал.
Гэта нялёгка, але важна, бо гаворка пра спадчыну. А калі няма спадчыны, няма нацыянальнага падмурку, няма нацыі. І беларус не можа сябе абараніць, бо не ведае сваю гісторыю. Калі ёсць месца, куды ты можаш прыехаць, убачыць, гэта ўплывае на свядомасць.
— Як архітэктарка, ты выказвалася наконт скаргаў беларусаў пра недахоп парковачных месцаў у жылым комплексе «Парк Чалюскінцаў». Ты напісала, што забудова не адпавядае нормам, але ў першую чаргу не будаўнічым, а маральным, бо ў гэтым месцы праводзіліся масавыя расстрэлы ў канцы 1920-ых-пачатку 1930-ых.
— Так, і пра гэта шмат хто не ведаў. Як звычайна, калі хочацца схаваць месцы злачынстваў, там паўстаюць нейкія інтэракцыі, якія ніяк не звязаныя з месцам. Вось парк Чалюскінцаў, атракцыёны, — тое, што ніяк не карэлюе з падзеямі ў Камароўскім лесе. Проста нішчаць нацыянальную гісторыю.
Цяпер парк Чалюскінцаў — гэта месца для весялосці, дзе можна паесці цукровую вату, пакатацца на атракцыёнах. Але між іншым, нават сёння там ёсць памятны знак, што там адбываліся забойствы.
У 2021 годзе яго прыбралі для рэстаўрацыі, потым паставілі назад, але калі раней там быў аўтэнтычны надпіс фарбай на дрэвы, то цяпер нейкая шыльдачка, якую ставяць на могілкі, калі па нябожчыку яшчэ год не прайшоў.
А потым адбылася і новая спроба знішчыць памяць пра мінулыя падзеі: пабудаваць на гэтыммесцы жылы комплекс.
— У мінулым годзе да цябе трапіла раздрукоўка з вершам Рыгора Барадуліна, які, як ты потым заўважыла, нідзе не публікаваўся. Распавядзі пра гэта.
— Мой дзядуля збіраў розныя выданні, і год таму перадаваў мне свае кнігі. Я ўбачыла, што ў кнізе Барадуліна нейкія няроўныя старонкі, нібы там штосьці ляжыць. Адкрываю, а там старая паперка з вершам Барадуліна, напісаным ад рукі.
У інтэрнэце я не знайшла ніякай інфармацыі пра гэты верш, падумала: можа, да мяне рукапіс трапіў?
Потым гэтую гісторыю ўбачыла беларуская літарарка, яна распавяла, што гэта ксеракс — такі самы захаваўся і ў яе, яна атрымала яго ў 1998 годзе падчас шэсця Чарнобыльскага шляху, але нават не падумала, што гэты верш — не апублікаваны.
Мой дзядуля нават і не памятаў, адкуль у яго тая папера з вершам. Ён сказаў: нікому іншаму гэта і не магло трапіць. Не ты выбрала гэты шлях, а ён цябе. Сцяг цябе ў рукі, давай. І я апублікавала гэты верш у сябе на старонцы, потым яго перадрукавалі медыя.
— 21 лютага – Дзень роднай мовы. Што параіш беларусам, якія толькі імкнуцца да роднай мовы?
— Па-першае, проста пачаць. Спачатку стаіць пытанне асяроддзя, большасць з якога расейкамоўнае. У мяне было таксама. Але калі я пачала размаўляць, гэта стала нейкім прыкладам для іншых: ты змагла, і я змагу.
Я пачала заўважаць, што нават людзі, якія ў паўсядзённым жыцці размаўляюць расейскай, са мной гавораць па-беларуску. І праз тое, што я іх не выпраўляю, яны не саромеюцца трасяніць.
Таму раю проста пачынаць, і мова прыйдзе. Тым, хто ў Беларусі, гэта лепш рабіць у вузкім асяроддзі. Раю чытаць, слухаць падкасты, глядзець фільмы, хоць іх і няшмат. А тым, хто ўжо размаўляе на беларускай мове, — перакладаць нейкія профільныя рэчы ў сваёй галіне.
Я, напрыклад, пераклала на беларускую мову сваю працу па архітэктуры: гэта вельмі цяжка, бо ў агульнадаступнай прасторы няма архітэктурных тэрмінаў. Але пераклала тое, што змагла, і выклала ў інтэрнэт. І гэта вельмі важна для акадэмічнага асяроддзя.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное