Общество
Анастасія Пiлюгiна, intex-press

«Многія выхавацелі глядзяць на іх як на ворагаў народа»

Intex-press паразмаўляла з аднакласнікам кадэтаў Ястрамбельскага вучылішча, каторыя 16 кастрычніка выклалі «ВКонтакте» фотаздымак, на якім яны дэманструюць на футболках герб «Пагоня».

– Што адбываецца ў вучылішчы па стане на вечар 19 кастрычніка?

– Адміністрацыя дала загад не размаўляць з журналістамі без дазволу бацькоў. У СМІ адміністрацыя сцвярджае, што Мікіта (хлопец, што выклаў фотаздымак у суполку “ВКонтакте”) ужо вярнуўся ў вучылішча. Але гэта няпраўда! Мікіта не вернецца сам, бо разумее, якое будзе стаўленне да яго з боку дарослых.

– Мікіта сам вам пра гэта сказаў?

– Гэта маё меркаванне. Мікіта з 17 кастрычніка ні з кім не падтрымлівае кантакту. Іншыя хлопцы са здымка не звязваюцца з журналістамі, бо пра гэта можа стаць вядома адміністрацыі.

– Што зараз адбываецца з імі?

– Дзякуючы салідарнасці кадэтаў і шырокай падтрымцы ў грамадстве ім цяпер значна лягчэй. Кажучы пра наш клас, мы ўсе падтрымліваем хлопцаў. Мы спрабуем неяк дапамагчы ім і словам, і справай. Адна з такіх падтрымак – нашыя пастаянныя кантакты з журналістамі. Аднак гэта робяць не ўсе кадэты, бо многія баяцца пераследу.

А вось сярод навучэнцаў з іншых узводаў стаўленне да гэтай сітуацыі неадназначнае: нехта падтрымлівае, нехта гэтым незадаволены.

– Як ставяцца да хлопцаў выкладчыкі і афіцэры?

– Многія выхавацелі глядзяць на іх як на ворагаў народа. Быццам бы хлопцы зрабілі нешта звышнатуральнае.

– Вы сочыце, як падзеі ў вучылішчы асвятляюцца ў СМІ. Ці заўважалі вы нейкія недакладнасці?

– Так. Напрыклад, дырэктар сцвярджае, што гаворкі пра адлічэнне кадэтаў за "Пагоню" не было. Але 16 кастрычніка, калі здымак толькі выклалі ў сацсеткі, адміністрацыя патэлефанавала бацькам усіх чатырох кадэтаў і паведаміла пра іх адлічэнне. Аднак, калі бацькі прыехалі, дырэктар сказаў, што "пагарачыўся" і папрасіў у іх прабачэння. Мне здаецца, ён зразумеў, што гэтая сітуацыя мае вялікі розгалас па ўсёй краіне і нават за межамі Беларусі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)