Политика
Алег Грузьдзіловіч, ”Радыё Свабода”

“Мне прапанавали пакаяцца, але я адмовіўся”

Былому лідэру “Маладога фронту” Паўлу Севярынцу, які адбывае “хімію” ў Полацкім раёне на лесанарыхтоўках, адмовілі ўва ўмоўна-датэрміновым вызваленьні. Актывіст называе такое рашэньне “цалкам палітычным”.

“Павал Севярынец ня варты ўмоўна-датэрміновага вызваленьня, паколькі не пакаяўся ў злачынстве”. Гэтак вырашыла камісія Наваполацкай спэцкамэндатуры, якая 20 лютага разгледзела справу асуджанага да абмежаваньня волі Паўла Севярынца.

Нагадаем, з двух гадоў “хіміі” Севярынец адбыў паўтара, ён ня меў спагнаньняў за парушэньні дысцыпліны й паводле закону мог разьлічваць на ўмоўна-датэрміновае вызваленьне. Але камісія вырашыла, што Павал Севярынец ня стаў на шлях выпраўленьня.

“Мяне выклікалі на камісію і прапанавалі пакаяцца, але я адмовіўся”, — распавёў Павал Севярынец ужо дарогай у вёску Малое Сітна, дзе яму давядзецца адбыць яшчэ шэсьць месяцаў.

Павал Севярынец сказаў, што ў размовах зь міліцыянтамі паставіў ім свае ўмовы.

Севярынец: “На што я адказаў, што гэтае пытаньне — ці раскайваецеся вы ў злачынстве? — мы зададзім кожнаму супрацоўніку міліцыі, які парушаў закон у час дыктатуры”.

Пытаньне пра ўмоўна-датэрміновае вызваленьне Паўла Севярынца разглядалася ў час, калі дзейнічаюць прапановы Эўразьвязу да беларускага рэжыму аб наладжваньні дыялёгу — Эўропа гатовая ісьці насустрач пасьля вызваленьня палітвязьняў ды іншых крокаў дзеля дэмакратызацыі. Між тым сам Павал Севярынец кажа, што ніколі не чакаў ад беларускага рэжыму рэальных крокаў насустрач патрабаваньням аб’яднанай Эўропы.

Севярынец: “Рэжым Лукашэнкі можа стаць беларускім, толькі калі пакаецца ў антыбеларускіх дзеяньнях і зробіць пэўныя дзеяньні. Гэта перадача ўлады дэмакратам, выпраўленьне сытуацыі зь беларускай мовай, высьвятленьне праўды пра зьніклых. Толькі пасьля такога пакаяньня магчымыя размовы з гэтым рэжымам, у тым ліку і з боку Эўропы”.

Паводле Паўла Севярынца, разам зь ім на “хіміі” адбываюць пакараньне болей за дзьвесьце чалавек. Гэта пераважна асуджаныя за нявыплату алімэнтаў, хуліганства, крадзяжы. Кожныя тры месяцы склад “хімікаў” абнаўляецца амаль на палову, у тым ліку і праз умоўна-датэрміновае вызваленьне, кажа Павал Севярынец. Паводле яго, “адмова яму ўва ўмоўна-датэрміновым вызваленьні цалкам палітычная”.

У вёсцы Малое Сітна Павал Севярынец працуе стропальшчыкам на лесанарыхтоўцы. Ён распавёў, што ў некаторыя дні даводзілася працаваць у вельмі моцны мароз.

Севярынец: “Мінус 32 градусы было ў пачатку лютага. І цяпер, калі працуем у другую зьмену да дванаццатай ночы, бывае складана. Але, мяркую, Дашкевіч і Казулін прамянялі б гэтыя маразы на сваю турму зь вялікім задавальненьнем. Ім цяпер значна цяжэй”.

У вольны ад працы час Павал Севярынец плянуе пісаць артыкулы на палітычныя тэмы, а таксама працягваць працу над раманам пра беларускае жыцьцё.

У беларускіх турмах і на “хіміі” застаюцца прынамсі шэсьць зьняволеных, якіх у Беларусі й сьвеце лічаць палітвязьнямі. Гэта Аляксандар Казулін, Зьміцер Дашкевіч, Мікалай Статкевіч, Артур Фінькевіч, Кацярына Садоўская, Павал Севярынец. Назіральнікі не выключаюць, што яны выйдуць на волю пасьля амністыі, якую рыхтуюць беларускія ўлады. За апошнія тры месяцы на волю выйшлі палітычныя актывісты Цімафей Дранчук, Іван Крук, Андрэй Клімаў, Мікалай Астрэйка.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)