Общество

«Мне патрэбна аперацыя» (фота ліста)

У лісце да хроснай маці Наталлі Ясевіч Зміцер Дашкевіч напісаў, што хоча напісаць заяву з просьбай зрабіць яму аперацыю на калене.

Тэкст ліста прыводзіць mfront.net.

«Вось я на новым месцы сваёй дыслакацыі. Што тут будзе да чаго ня ведаю, але ў любым выпадку – радаснага мала. Адзінае цяпер спадзяваньне на Госпада, што нейкім чынам Ён мяне адсюль выбавіць.Як я мару пра гэта! Як я мару пра нашую сустрэчу! Пра тое, як мы засядзем за столік, ля вогнішча з шашлыкамі ў нашым садзе! А там ужо і пладоў можна назьбіраць трошку!

Ня ведаю, ці пісаў я Вам раней — Вы запісаны ў маёй асабістай справе. Гэта азначае, што Вы на правах роднага мне чалавека можаце мяне наведаць на кароткатэрміновую нават доўгатэрміновую сустрэчу. Гэта ў тым страшным разьвіцьці падзеяў, калі я буду і надалей у зоне. Я, дарэчы, думаю пісаць заяву, калі так усё і застанецца, з просьбаю зрабіць мне на калене аперацыю, на меніск. Для гэтага мусяць калі дамагуся я, везьці мяне ў Менск, на Валадарку – там цяпер тая бальніца, якая была раней на Кальварыйскага. Аднак, канешне. малюся я з усяе моцы, каб мне вырвацца адсюль і пабачыць Вас на волі. Абняць Вас, родненькага майго брата, Насьцюленьку, Леапольдзіка! Болей нічога мне для шчасьця ня трэба, як толькі быць побач з Вамі ўсімі… І я ўжо адчуваю, што доўга бяз вас я не вытрываю… Моц мая мяне пакідае… Падаецца мне, што няма ні пачатку, ні канца гэтаму жаху, у якім я жыву апошнія месяцы. Аглядаюся назад і не разумею, як я ўсё гэта пераадоліў, і яшчэ менш разумею, як гэта можна пераадольваць болей?.. Маліцеся за мяне, міленькая мая, каб быў я да вас вернуты… Бо інакш жыць я не магу… Гэтыя 9 месяцаў даліся мне як гадоў 9 катаргі. Шклоў* (маецца на ўвазе шклоўская калёнія, у каторай Дашкевіч адбываў пакараньне ў 2006-2007 г. за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі С.) — гэта проста нішто ў параўнаньні з тым, што вымушаны я быў прайсьці і праходжу яшчэ зараз. Можаце ўявіць сабе такое і адпаведны мой духовы стан? Я і сам уявіць не магу. Думаю аб усім гэтым і трэскаецца галава… У прамым і пераносным значэньні.

Добра, ня буду болей Вас мучыць сваім болем… Проста так хацелася мне напісаць Вам – трошку з Вамі, такім чынам, пагаварыўшы :-*

Вельмі моцна-моцна люблю Вас, Дзімулю, Наташу. Вас абдымаю і за Вас уісх малюся!»

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)