Мітынг у Курапатах скончыўся ўсталяваньнем крыжоў

Некалькі соцень ўдзельнікаў памінальнага шэсьця ў Курапаты правялі ў нядзелю мітынг сярод магіл ахвяр сталінізму і ўсталявалі ў народным мэмарыяле 12 новых крыжоў.

Перад пачаткам акцыі на выхадзе са станцыі мэтро “Парк Чалюскінцаў” міліцыянты затрымалі 7 чалавек. Арганізатары паведамілі, што шэсьце не пачнецца, пакуль затрыманых не адпусьцяць. Праз некалькі хвілінаў затрыманых, у якіх перапісалі пашпартныя дадзеныя, адпусьцілі, і калёна рушыла ў бок Курапатаў.

На бліжэйшых да Курапатаў аўтамабільных стаянках міліцыя забараняла пакідаць машыны. На вуліцы Мірашнічэнка стаялі 2 аўтазака, а на ўскрайку Курапацкага лесу -- пажарная машына і 2 аўтобусы зь міліцыянтамі. Прылеглыя вуліцы ўзмоцнена патруляваліся.

Традыцыйна на Дзяды ўдзельнікі шэсьця робяць ў Курапатах два прыпынкі: ля крыжа Пакутнікам Беларусі, дзе сьпяваюць гімн "Магутны Божа" і на горцы з крыжамі, якую ў народзе называюць Беларускай галгофай. Сярод сотняў прысутных была заўважаная група моладзі з партрэрамі палітвязьняў Зьмітра Дашкевіча, Артура Фінькевіча, Паўла Севярынца. На гэта зьвярнуў увагу адзін з лідэраў КХП БНФ Валеры Буйвал.

(Буйвал: ) “Усе мы сёньня адчулі, што нешта зьмянілася, а зьмянілася вось што: наперадзе і большасьць з тых, хто ішоў з намі сёньня – гэта беларуская моладзь. Радуецца душа, сэрца напаўняецца надзеяй у нашую будучыню, таму што з намі беларуская моладзь”. Выканаўца абавязкаў старшыні партыі Юры Беленькі разьвіў гэтую тэму:

(Беленькі: ) “Мы прыйшлі ўшанаваць дзядоў, але гаворым пра моладзь. Можа гэта парадокс – не! Гэта жыцьцёвая неабходнасьць, шануючы папярэднія пакаленьні, якія зрабілі ўсё, каб пакінуць нам гэтую цудоўную зямлю. Мы мусім глядзець наперад, каб застацца жыць самім, каб жылі нашыя дзеці і ўнукі”.

Ад маладых слова далі новаму сябру КХП БНФ Янку Марозаву:

(Марозаў: ) “Хачу сказаць, што нам, беларусам, усім, хто жыве на гэтай зямлі, і старым і маладым, трэба трымацца разам. Бо толькі разам мы пераможа, трэба ўшаноўваць памяць, разам верыць змагацца і ўрэшце рэшт перамагаць”.

Выступіў на мітынгу і былы вязень ГУЛАГу Пётар Шашкель, які 60 год таму ў 2-х гадовым узросьце патрапіў у высылку ў Краснаярскі край.

(Шашкель: ) “Тысячы, дзесяткі тысяч людзей загінулі ў астрогах, у лягерах, на лесапавале… У імя загінуўшых я зьвяртаюся да вас: бараніце нашу краіну, нашу Беларусь”.

На мітынгу ў Курапатах быў зачытаны ліст Зянона Пазьняка, які назваў Дзяды гэта сьвятам і паклясьціся перад продкамі на вернасьць Айчыне.

Сярод палітычных заклікаў прагучала прапанова кіраўніцтва КХП-БНФ байкатаваць выбары ў мясцовыя саветы і верагодны рэфэрэндум наконт Канстытуцыйнага акту так званай Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі.

Прадстаўнікі незарэгістраванай арганізацыі "Малады фронт" прапанавалі прысутным прыйсьці ў панядзелак да будынку суду Кастрычніцкага раёну Менску і падтрымаць Зьмітра Дашкевіча, якога пачнуць судзіць паводле палітычных матываў.

Мітынг скончыўся малітвай сьвятара незарэгістраванай Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы Леаніда Акаловіча і ўсталяваньнем новых 12 крыжоў.

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 0 (оценок:0)