Общество
Ілья Лапато

«Міс Еўропа» з «краіны глухіх» (фота)

«Салідарнасць» вырашыла наведаць Наташу Рабаву і распытаць, як змянілася яе жыццё праз год пасля перамогі на конкурсе «Міс свету сярод глухіх і слабачуючых». Высвятлілася: ні падвышанай пенсіі па інваліднасці, ні хоць маральнай падтрымкі з боку чыноўнікаў дзяўчына не атрымала.

Пра мінскую школьніцу Наталлю Рабаву беларускія журналісты актыўна загаварылі мінулым летам. З Прагі, дзе праходзіў конкурс прыгажосці, беларуска прывезла карону “Міс Еўропы”.

Тады пра Наташу пісалі не толькі ў нас: тытул самай прывабнай дзяўчыны Еўропы ўпершыню ў гісторыі конкурса “Міс свету сярод глухіх і слабачуючых” прысуджалі дзяўчыне-беларусцы.

“Нас абяцалі запрасіць на “Міс Беларусь” у якасці госця”

Наташа Рабава разам з мамай Святланай жывуць у інтэрнаце аднаго са сталічных ВНУ. Дзяўчына ходзіць у школу, маці выкладае ва ўніверсітэце.

Яшчэ летась Святлана Рабава хадзіла на прыём да намесніка міністра культуры Уладзіміра Карачэўскага. Сабраўшы разам усе газетныя артыкулы пра дачку, дыскі з відэазапісамі, жанчына прасіла, каб Наташы дазволілі прыняць удзел у конкурсе “Міс Беларусь”. Рабавы былі натхнёныя выпадкам 1994 года, калі ў конкурсе “Міс ЗША” перамагла слабачуючая дзяўчына.

— Аб прысутнасці на якіхсьці пратакольных мерапрыемствах, дзе Наташа магла б прадстаўляць краіну як госць, гаворкі не ішло. Абяцалі запрасіць на “Міс Беларусь” у якасці госця, — прыгадвае Святлана. — Але хоць мы і пакінулі там свае каардынаты, ніхто нас нікуды не запрашаў — пра нас, напэўна, пасля нават і не памяталі…

Як прызнаецца Святлана, яны з дачкой былі б не супраць нават проста запрашэння на які-небудзь канцэрт. Аднак не…

— Ведаючы, як часамі прэміруюць тытулаваных беларусак, мы думалі, што Наташы як “Міс Еўропе” хаця б падымуць пенсію па інваліднасці. Мы вядома не зусім спадзяваліся на стыпендыю прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі, але надзея ўсё ж жыла. У цэлым мы хацелі б проста маральнай увагі да Наташы.

Тым часам такой увагай і прыемнай нечаканасцю для “Міс Еўропы” і яе маці стала прапанова паўдзельнічаць у выпуску праграмы тэлеканала ТРА, прысвечанай 8 сакавіка. Знайшлі іх нават не беларусы — маскоўскія прадзюсары канала:

— Сказалі, для іх гэта вельмі нечакана, што ў нашай краіне жыве “Міс Еўропа”. Яны звярталіся ў Мінкультуры, прасілі прыгажунь — ім далі дзяўчат з “Міс Беларусь”. Нас жа яны знайшлі самі.

“На BFW ледзь пальцам ні тыкалі: вунь, маўляў, “Міс Еўропа”

Пасля Наташынай кароны, заваяванай на конкурсе прыгажосці для глухіх, у Беларусі быў адроджаны конкурс прыгажосці для слабачуючых “Чатыры стыхіі”.

— Раней да гэтага конкурса ў Таварыстве глухіх было негатыўнае стаўленне, — прызнаецца Святлана. — Мне цяжка сказаць, чаму, але кажуць, нібыта пасля яго нашы дзяўчаты заставаліся за мяжой працаваць. Нам у мінулым годзе хадайніцтва на бясплатны Шэнген таксама не хацелі даваць. Але чэшскае пасольства пайшло насустрач і візу нам выдала. Пасля Наташынай перамогі стаўленне, вядома, рэзка змянілася. Цікаўнасць да міжнароднага конкурса ўзрасла, таму і лакальны конкурс аднавілі.

Сёлета, па прызнаннях Святланы, Наташу прызналі лепшай мадэллю на конкурсе “DзiKaVaTa-2012”. Ззяла “Міс Еўропа” і ў паказах Fashion Market і BFW.

— На тыдзень моды Наташа прыйшла сама, без падтрымкі якогасьці мадэльнага агенцтва, — радуецца Святлана. — Яе выбралі, ніхто не перашкаджаў. Падчас паказаў за кулісамі нават абмяркоўвалі, што вунь, маўляў, “Міс Еўропа”. Ледзьве ні пальцам тыкалі.

На “Млын моды”, адкуль Наташа ў свой час пачынала і дзе яе спаткала першая слава (тытулы “Супемадэль Беларусі” і “Суперфотамадэль”), дзяўчыну сёлета нават не пазвалі.

— Увогуле, зараз мы працуем толькі праз агента, — удакладняе Святлана. — Агенцтва “Імёны” — ператворанае дзецішча Цэнтра маладзёжнай моды БДУ. Уласнікі ў яго іншыя, аднак менеджары засталіся старыя, яны паднялі былую базу мадэляў і стварылі сваё агенцтва. Праз іх і працуем.

“Хачу, каб Наташа стала медыкам”

Мадэлінг для сваёй дачкі мама дзяўчынкі разглядае як хобі. З будучай жа прафесіяй школьніца Наташа яшчэ не вызначылася — наперадзе ў “Міс Еўропы” яшчэ год школьнага жыцця. Аднак улічваючы хваробу мадэлі — чацвёртую ступень тугавухасці (па-ўрачэбнаму “неасэнсорная тугавухасць”) — Святлана Рабава не надта аптымістычная.

— У Наташы страта слыху ў зоне, якая адказвае за мову. Яна мяне чуе, але не разумее. Нават адказы на пытанні даюцца ёй не проста. Аднак не трэба думаць, што мая дачка чымсьці горшая за іншых. Проста камунікацыя ў яе замаруджваецца. Чытаць па вуснах Наташа пакуль не ўмее: гэта здольнасць арыентавана, у асноўным, на дамысліванне — бачна літаральна літар дзесяць. Наташы ж трэба зразумець адразу блок, для гэта неабходна добра ведаць рускую мову: мы ж не гаворым інфінітывамі, форму змяніў — і ўжо новае слова.

Як высветлілася, у той спецшколе, якую наведвае дзяўчынка, “індывідуальныя заняткі з сурдаперакладчыкам не праводзяцца”. Як тлумачыць Святлана, “ў старэйшых класах гэтыя заняткі не прадугледжаныя праграмай”. Хоць па прызнанні самой Святланы, праграму яна дапоўніла б менавіта дадатковымі заняткамі з сурдаперакладчыкам.

Калі б Святлана Рабава магла вырашаць за дачку, то параіла б ёй ісці ў медыцыну.

— Урач — гэта прафесія, якая заўсёды застаецца з табой. Да таго ж, медыцынскія ўстановы могуць прымаць да 20 працэнтаў абітурыентаў з пэўнымі паталогіямі. У любым выпадку такі студэнт, як мая Наташа, са сваёй паталогіяй не будзе выклікаць у выкладчыкаў шок.

“Цікавасць да Наташы праяўляюць на Захадзе”

Святлану Рабаву можна смела назваць уласным агентам сваёй дачкі — яна ведае ўсе нюансы працы мадэлі на тых ці іншых мерапрыемствах. І, вядома, без згоды маці ніякіх кантрактаў “Міс Еўропа” не падпісвае.

— Не так даўно Наташа ўдзельнічала ў здымках сюжэта для тэлеканала “МИР”. Здымкі праходзілі ў Нацыянальнай школе прыгажосці (далей НШП — аўтар). Падчас паўзы да нас падышла супрацоўніца школы і прапанавала Наташы супрацоўніцтва: “Працы ў нас шмат і мы маглі б заключыць з Наталляй кантракт”. Мы спачатку, вядома, узрадаваліся: у базе НШП усе пераможцы “Міс Беларусь”. Але кантракт аказаўся вельмі жорсткім: 16 пунктаў — што ТЫ павінен, і 4 пункты — што табе павінны. Без дазволу нідзе не здымацца, без пісьмовага дазволу не ўдзельнічаць у конкурсах прыгажосці. Мы адмовіліся.

Сёння, як расказвае з гонарам за дачку Святлана, Наташай цікавяцца “выключна куратары міжнародных конкурсаў”. Якраз і цяпер дзяўчына рыхтуецца да чарговага конкурсу прыгажосці. На снежань атрымалі прапанову “прыехаць у якасці ганаровай госці на конкурс для слабачуючых мадэляў “Міс Германія”. А яшчэ — “запрашэнні ў краіны Еўропы і ЗША”.

— Цікавасць да Наташы ўсё больш праяўляюць на Захадзе, — канстатуе Святлана. — А хацелася б, каб і ў Беларусі людзі былі больш адкрытымі да людзей з абмежаванымі магчымасцямі…

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)