Мінскую «Арт-сядзібу» зачынілі ў трэці раз

Гэта адбылося за гадзіну да афіцыйнага адкрыцця культурнай пляцоўкі па новым адрасе.

"Арт-сядзіба” сёння мусіла адкрыцца пасля некалькіх месяцаў пошукаў у сталіцы новага памяшкання ды ўзгадненняў з адміністрацыяй. Каманда нарэшце пасялілася па адрасе: вуліца Масквіна, 4. Але перад пачаткам мерапрыемства кіраўнік “Арт-сядзібы” Павел Белавус атрымаў паперу, якая скасоўвае дамову, што была заключаная на тры гады! А два месяцы арэнды былі праплочаныя наперад.

Вось як патлумачыў сітуацыю Еўрарадыё Павел Белавус:

“Нас гэта здзіўляе, але цяпер мы, у прынцыпе, усё зразумелі, бо гэта ўжо нашая трэцяя спроба! Спачатку мы рэальна думалі, што пры першым закрыцці мы проста занадта шумелі ў нашым памяшканні на заводзе “Гарызонт”. У другі раз мы вырашылі, што нас закрываюць з-за таго, што мы запрасілі нібыта забароненага Лявона Вольскага. Але зараз, калі мы не правялі ніводнага мерапрыемства і адразу ж атрымалі паперу, то зразумелі, што прычына ў нас саміх. Але чаму? Таму накіруемся па тлумачэнні ў гарвыканкам, адкуль і ідуць усе забароны”.

Прадчуваючы падобную сітуацыю, Павел Белавус напісаў вялікі ліст у Адміністрацыю прэзідэнта, але пакуль не атрымаў адказу.

Нагадаем, што адкрытая культурная пляцоўка “Арт-сядзіба” існуе ў беларускай сталіцы амаль год. Яе стваральнікі запрашаюць на творчыя сустрэчы як маладых, так і добра вядомых музыкаў, літаратараў, культурных дзеячаў. Мерапрыемствы “Арт-сядзібы” звычайна бясплатныя і накіраваныя на прасоўванне беларускай культуры.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)