Мілінкевіч заспяваў
Лідэр дэмакратычных сіл Аляксандр Мілінкевіч нечакана для ўсіх заспяваў. Гэта адбылося падчас запісу каляднай праграмы на радыё Рацыя. Пра песню, якую палітык праспяваў разам з салісткай Indiga Русяй, і свае далейшыя музычныя планы ён распавёў карэспандэнту “Салідарнасці”.
Тое, што лідэр дэмакратычных сіл адразу ж адгукнецца на прапанову аб сумесных спевах, аказалася неспадзяванкай нават для самой Русі. “Я і не чакала, што спадар Аляксандр пагодзіцца разам са мной праспяваць, і для мяне стала прыемным сюрпрызам тое, што ён такі просты і душэўны чалавек, — адзначыла яна ў размове з карэспандэнтам «Тузіна Гітоў». — І голас у яго добры! Можна нават падумаць пра сумесныя спевы Мілінкевіча з беларускімі артыстамі”.
З гэтым згодзен і сам палітык. Пакуль “Го-го, каза” — адзіная песня ў ягоным рэпертуары, але Мілінкевіч не выключае, што ў хуткім часе могуць з’явіцца і іншыя.
— Калі мне паступяць такія прапановы ад беларускіх музыкантаў, я з задавальненнем іх прыму. Чаму б не? — адзначае ён. — Галоўнае, каб музыканты былі не супраць. А я дык заўсёды згодны.
І ўсё ж сольную кар’еру спевака Мілінкевіч пачынаць пакуль не збіраецца. “Кожны павінен займацца сваёй справай” — адзначае палітык.
Читайте еще
Избранное