Выборы-2020

Мілінкевіч: «Крэмль рыхтуе сабе «новага Лукашэнку»

Былы кандыдат у прэзыдэнты Аляксандар Мілінкевіч ў размове з Радыё Свабода папярэдзіў пра мэты Расеі ў беларускай прэзыдэнцкай кампаніі.

— Асноўная гульня пойдзе паміж уладай, якая хоча самазахавацца і будзе праводзіць выбары, якіх насамрэч няма, і ня будзе лічыць галасы, і Расеяй, якая будзе спрабаваць узмацніць кантроль над Беларусьсю, — лічыць Мілінкевіч. — Некаторыя сьмяюцца і кажуць: «Вы ўжо нас дасталі гэтымі размовамі пра анэксію». Але гэта абсалютна рэальна.

Ёсьць ужо Грузія, ёсьць Украіна, ёсьць анэксія і вайна. Расейская імпэрыя ня толькі ў нашых вачах імпэрыя, яна сама гэта дэкляруе і вызнае адпаведную ідэалёгію. Але вядома: імпэрыя, калі не захоплівае чарговыя тэрыторыі, то памірае. Пуцін паміраць не зьбіраецца.

Для Расеі выгадна скарыстацца нашымі крызісамі і слабасьцю дэмакратычнай апазыцыі і максымальна ўзмацніць тут свой уплыў. Крызіс улады нават у маіх Берштах, што для мяне асаблівы шок, прыводзіць ужо да размоваў: «А можа і праўда, раз улада ні на што ня здольная, можа пайсьці пад Расею?»

У мяне па целе дрыжыкі ідуць. Людзі ад безвыходнасьці фармулююць такія рэчы. Гэта найбольшая небясьпека — калі ў грамадзтве будзе сьпець думка, што калі не Лукашэнка, то Пуцін.

— Вы кажаце, што ўсё безнадзейна, але зь іншага боку зьявіўся малавядомы ў краіне прэтэндэнт, які за пару дзён сабраў у сваю ініцыятыўную групу амаль 10 тысяч чалавек. Статкевіч кажа аб пратэстах, Севярынец рыхтуе страйк і кажа пра байкот.

— Вылучэньні Бабарыкі і Цапкалы выклікаюць цікавасьць. Новыя твары, усе стаміліся ад старых. І ня толькі ад Лукашэнкі, але і ад апазыцыі, незалежна і ад яе ўзросту.

Хоць шмат хто крытыкуе ў Эўропе партыйную палітыку, якая цікавіцца людзьмі збольшага толькі падчас кампаніяў, але ёсьць і плюс у партыйнай сыстэмы — гэта прадказальнасьць. У іх ёсьць статуты, праграмы, людзі могуць ведаць, чаго спадзявацца, калі тыя прыйдуць да ўлады.

І Лукашэнку можна прадказаць — ня будзе стратэгіі і нічога ў сутнасьці ня зьменіцца.

Але калі ідуць новыя людзі, то цікавасьць вялікая ўжо таму, што хай «любы, абы не сёньняшні».

— Прэтэндэнты кажуць, што праграмы маюць, абяцаюць апублікаваць пасьля рэгістрацыі. Але першыя заявы сьведчаць аб тым, што яны ідуць не працягваць палітыку Лукашэнкі, а выпраўляць яго памылкі.

— Але я вось ня ведаю, якую Беларусь хоча будаваць Цапкала. Ня ведаю, якая Беларусь Бабарыкі. Людзі найчасьцей задаюць пытаньне — яны ад улады ці самастойна?

Але ёсьць яшчэ ж адзін варыянт. А можа яны ідуць ад Расеі?

Я не хварэю на кансьпіралёгію і шпіёнаманію, проста жадаю ведаць, што будзе зь Беларусьсю, калі прыдуць новыя, хоць і вядомыя людзі. Яны пакуль кажуць, што нельга агучваць праграму.

Мы таксама ўдзельнічалі ў розных палітычных кампаніях, але пра асноўныя прынцыпы заўсёды адразу казалі. Прынцыпы вельмі важныя. Калі я чую на пытаньне «Чый Крым» адказ Бабарыкі, які сыходзіць ад канкрэтыкі паўжартам, то ў мяне гэта выклікае велізарны непакой. Для мяне прычына тут вельмі простая — ён хоча спадабацца Маскве.

— Калі б ён хацеў спадабацца Маскве, то чаму б не прызнаць, што Крым расейскі? Яго адказ, наадварот, можа выклікаць непрыняцьце ў Расеі — ён адназначна не пацьвердзіў расейскасьць Крыму.

— Увесь цывілізаваны сьвет ведае, што адбылася анэксія Крыму. Я цудоўна знаю, што адбывалася тады ў кабінэтах Брусэлю ў 2014, што ўкраінцаў рэальна не падтрымалі ў той момант. Ня толькі яны вінаватыя. Іх угаворвалі не страляць і абяцалі падтрымку.

Вядома, ніхто на Захадзе не хацеў вайны. Але яна ўсё роўна прыйшла ва Ўкраіну, значыць, і ў Эўропу. Кожны сумленны і дэмакратычны чалавек, які чытае інтэрнэт, ведае, што Крым нахабна захоплены Расеяй. Бо гэта імпэрыя.

Палітык, які ідзе на выбары, мусіць на гэтае пытаньне цьвёрда і ясна адказаць. Адказ можа быць толькі «так» або «не».

І нашая незалежнасьць пад пагрозай, таму так важна даваць канкрэтныя адказы, каб людзі разумелі, што адбываецца. А ў нас пытаньне ўдзелу беларускіх палітыкаў у рэалізацыі крамлёўскіх стратэгіяў у грамадзтве амаль не абмяркоўваецца. Мне здаецца, што і экспэрты найчасьцей саромеюцца гэтай тэмы.

— Пытаньне прарасейскага кандыдата заўсёды прысутнае ў кожнай выбарчай кампаніі. І гэта часта паралізуе ўсякія дыскусіі. Ці не перабольшваецца гэты расейскі ўплыў?

— Перабольшваць нельга. Трэба апэраваць ня фразамі кшталту «я думаю», «мне прысьнілася», «мне здалося». Я апэрую фактамі. Кажу тое, што знаю.

Пачынаючы ад 2001 году ніхто не сумняваўся, што на выбарах былі кандыдаты, за якімі стаяла Масква. І Ганчарык гэта адкрыта казаў — фінансаваўся з Масквы. Я не кажу, што ён здраднік. Тады была такая завядзёнка, мода, і яна захавалася да сёньняшняга дня. Калі не ярлык у Маскве атрымаць, то фінансаваньне. І сказаць, што мы будзем з вамі сябраваць яшчэ лепш, чым Лукашэнка.

— Адкуль Вы ведаеце, што Ганчарык атрымліваў грошы з Масквы?

— Я гэта ведаю, бо працаваў у ягоным штабе. Давайце шчыра пра гэта казаць, калі ёсьць такая практыка. Многія людзі, якія распрацоўвалі стратэгію кампаніі, таксама былі зьвязаныя з маскоўскімі аналітыкамі. Калі і мяне абралі адзіным кандыдатам, то штаб вырашыў, што я мушу таксама першую паездку зрабіць у Маскву, хаця мог і ў Варшаву, і ў Брусэль паехаць. Але, шчыра кажучы, там мяне не маглі падтрымаць з многіх прычынаў, нават дэмакраты. Бо я казаў пра эўрапейскія імкненьні, адзіную беларускую мову. Але Ганчарык маскоўскай падтрымкі і не хаваў.

Амаль на кожных выбарах у дэмакратаў дамінавала такая думка: без Масквы ну аніяк. На Захадзе таксама многія палітыкі так меркавалі. Бо гэта ж «расейская зона ўплыву».

Казулін у 2006 годзе таксама не хаваў, што яго фінансуе Масква. Ён хадзіў па амбасадах у Менску і казаў, што яго падтрымлівае Расея, а таму падтрымайце і вы, і так мы, маўляў, заменім Лукашэнку на больш дэмакратычнага…

— А чаго Масква хоча дамагчыся на выбарах, калі там цудоўна разумеюць, што ў Беларусі гэта не інструмэнт зьмены ўлады?

— Пачынаючы з 2001 году Масква, як правіла, фактычна ўва ўсіх прэзыдэнцкіх кампаніях у Беларусі хацела дасягнуць трох мэтаў.

  1. Падзяліць і аслабіць аб’яднаную апазыцыю;
  2. Напалохаць Лукашэнку, каб ён лепш інтэграваўся;
  3. Пасварыць Беларусь з Захадам.

Як робіцца апошняе, Мілінкевіч прадэманстраваў на прыкладзе Казуліна, які пасьля мітынгу павёў пратэстуючых да спецпрыемніка на Акрэсьціна:

— Гэты паход быў мужны, несумненна. Гэта дэманстрацыя сілы. Але ці быў шанец вызваліць адтуль людзей? Ніякага. Скончылася тым, што жорстка абышліся з Казуліным і пасадзілі яго. Калі Казулін сядзіць у турме, то адносіны з Захадам цалкам разрываюцца.

Гэта вельмі пашкодзіла Беларусі, бо калі на Захадзе маем санкцыі, ізаляцыю, то застаецца курс выключна на Маскву. Казуліну «куратары» абяцалі, што вызваляць яго з турмы пасьля паходу на Акрэсьціна, але яго проста «кінулі», бо чым даўжэй ён у турме, тым даўжэйшыя заходнія санкцыі.

Калі група падтрымкі Казуліна паехала ў Маскву прасіць, каб яго выратавалі, як было дамоўлена, то ад іх запатрабавалі круглую суму за доступ да «куратара», якой у беларусаў і не было. Няхай людзі зь ягонага штабу пра ўсё гэта раскажуць…

Кожны выконваў тую ролю, якую лічыў неабходнай. Але калі ты ідзеш на прэзыдэнцкія выбары, а гэта сур’ёзныя гульні, то ты нясеш пэрсанальную адказнасьць і за Плошчу, і за грошы, якія ты бярэш, і за стратэгію, якую ты рэалізуеш.

Нават у 2010 годзе некаторыя з прэтэндэнтаў казалі: «Вось мы з Масквой пагуляем, а потым іх „кінем“». Я хацеў бы пабачыць тых людзей, якія выйгралі выбары пры падтрымцы Масквы, а потым яе кінулі.

Ня ведаю, ці самастойныя гэтыя новыя цікавыя кандыдаты з добрым бэкграўндам, Цапкала і Бабарыка. Я гэта і для іх кажу: ёсьць велізарная адказнасьць за тое, да якога выніку ты прывядзеш і ці працуеш ты ў рамках беларускай стратэгіі, ці ты хочаш рэалізаваць беларускую ідэю.

Тым больш гэтым разам мэта ў Крамля, у адрозьненьне ад мінулых прэзыдэнцкіх выбараў, — падрыхтаваць замену Лукашэнку на лепшага для сябе «новага Лукашэнку».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 3(91)