Міліцыю непакоіць майка гомельскага актывіста (фота)

Гомельскаму грамадзкаму актывісту, сябру АГП Уладзімеру Няпомняшчых прыйшла позва зьявіцца 10 жніўня а 15 гадзіне ў Цэнтральны райаддзел міліцыі. Як сказана, дзеля афармленьня адміністрацыйнай справы. Якой канкрэтна — не пазначана.

Як мяркуе актывіст, выклік хутчэй за ўсё зьвязаны зь ягонай майкай з надпісам «За Беларусь бяз Лукашэнкі». З-за яе спадара Няпомняшчых, дарэчы, афіцэра міліцыі ў адстаўцы, супрацоўнікі Цэнтральнага РАУС затрымлівалі 27 ліпеня — у дзень сьвята беларускай незалежнасьці:

«Прыдраліся да маёй майкі, на якой напісана „За Беларусь без Лукашэнкі“, а на сьпіне — „Хопіць, дастаў“. Мяне прывялі ў апорны пункт міліцыі № 2 на вуліцы Савецкай, 50. Сфатаграфавалі з двух бакоў, потым старшы інспэктар прафіляктыкі Цэнтральнага РАУС Гомелю маёр Шукель напісаў рапарт, зьмест якога мне невядомы, і нібыта адпусьцілі».

Аднак не прайшло і двух тыдняў як міліцыя зноў кліча да сябе грамадзкага актывіста.

Раней Уладзімера Няпомняшчых арыштоўвалі за ўдзел у мітынгу прадпрымальнікаў у Менску, а таксама за гістарычную экскурсію ў гонар 90-х угодкаў БНР у Гомелі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)