Политика
Аліна Таранік

Міліцыянты затрымалі актывіста, які здымаў на відэа кадэбіста на мітынгу КХП-БНФ (абноўлена, фота)

Пасля мітынгу ў Лошыцкім яры супрацоўнікі праваахоўных органаў у цывільным затрымалі Юрася Навіцкага, а пазней - Уладзіміра Юхо. Мерапрыемства, дазволенае ўладамі, зладзіла 6 лістапада Кансерватыўна-хрысціянская партыя – БНФ.

Міліцыянты здымалі мітынг і шэсце на відэа. Актывіст руху "За Свабоду" Юрась Навіцкі хацеў зняць на відэа кадэбіста, але той увесь час закрываўся. Калі не выйшла, з усёй сілы даў па камеры, і і яна выпала з рук Навіцкага.

Пасля мітынгу актывіста затрымалі. Машыну, у якой ён ехаў, спынілі і абшукалі. Навіцкага вывелі з аўто, пасадзілі ў міліцэйскі УАЗік і павезлі ў невядомым накірунку. Іншага ўдзельніка шэсця - актывіста КХП-БНФ, які падчас канфлікту Навіцкага з "ціхаром" знаходзіўся спераду ды ад атрымаў камерай у патыліцу, затрымалі ўжо калі пасля мітынгу ён быў каля ДК камвольнага камбінату.

У Лошыцкім яры да памятнага крыжа ўсклалі кветкі. Намеснік старшыні КХП-БНФ Юрась Беленькі падчас мітынгу ўзгадваў не толькі ахвяраў рэпрэсій, але і час, умовы, ў якіх яны адбываліся. Закранулі і цяперашні эканамічны, сацыяльны, экалагічны стан краіны.

– Эканамічная сітуацыя ёсць фонам нашага жыцця. Гаварыць пра той час і не сказаць пра сённяшні дзень, гэта, напэўна, быць адарваным ад рэчаіснасці. Мы жывем у рэальнай сітуацыі – палітычнай, эканамічнай – і мусім закранаць гэтую тэму, бо тады таксама была рэальная палітычная сітуацыя, і яна прывяла да такіх наступстваў. Мы не мусім дапусціць такога, мы мусім зрабіць усё, каб гэта не паўтарылася, – распавёў карэспандэнту «Салідарнасці» Юрась Беленькі.

Падчас мітынгу ўзяла слова жанчына сярэдняга веку. Яна пачала гаварыць пра тое, што расстрэльвалі ў Лошыцы не толькі акупанты, але і тыя, хто жыў на гэтай зямлі. Юрась Беленькі абурыўся. Жанчыну груба асадзілі і не дазволілі ей дагаварыць. Некаторыя адкрыта назвалі яе правакатаркай. Адна з актывістак КХП-БНФ ледзьве не пабілася з ёю.

У размове з карэспандэнтам «Салідарнасці» жанчына патлумачыла, што хацела звярнуць увагу прысутных на тым, што сення многія беларускія школьнікі не ведаюць ні беларускай мовы, ні хто такія ахвяры сталінскіх рэпрэсій.

Сакратар КХП-БНФ Валер Буйвал нагадаў падчас мітынгу, што ў Лошыцкім парку, на Белай дачы знаходзілася адмысловая каманда НКУС, да якой пасля арышту накіроўвалі беларусаў, што траплялі ў Савецкі Саюз з-за польскай мяжы. Многіх з іх пасля допытаў расстралялі ў Лошыцкім яры.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)