БНР-100

Менгарвыканкам «разглядае мэтазгоднасьць» «дошкі БНР»

Рыгор Сітніца заявіў, што ўжо ёсьць адмоўнае рашэньне ўладаў.

Намесьнік старшыні Менгарвыканкаму Ігар Юркевіч другі раз адказаў на зварот наконт усталяваньня мэмарыяльнай дошкі на будынку, дзе 100 гадоў таму абвясьцілі незалежнасьць Беларускай Народнай Рэспублікі, паведамляе Радыё Свабода.

Менавіта Менгарвыканкам вызначае мэтазгоднасьць усталяваньня шыльды. Тэрміны прыняцьця рашэньня ня вызначаныя.

Чаму наконт «дошкі БНР» пішуць звароты?

У верасьні Ігар Юркевіч напісаў, што павесіць дошку перашкаджае «шэраг зваротаў ад грамадзянаў».

Пасьля гэтага пэтыцыю за ўсталяваньне дошкі падпісалі больш за 3000 разоў.

Журналіст Севярын Квяткоўскі папрасіў удакладніць, хто менавіта напісаў звароты супраць усталяваньня і колькі іх было. Юркевіч адказаў, што гэта канфідэнцыйная інфармацыя.

Блогер Максім Ляшко двойчы прасіў Менгарвыканкам адказаць, колькі зваротаў было за ўсталяваньне дошкі, а колькі супраць. Юркевіч адказаў пра больш як 3000 подпісаў «наконт памятнай дошкі», колькі за, а колькі супраць не ўдакладняецца.

Арганізатар «БНР-100» і бізнэсовец Павал Белавус запытаўся ў Менгарвыканкаму і Адміністрацыі прэзыдэнта пра дату ўсталяваньня мэмарыяльнай шыльды. На момант публікацыі адказу на звароты няма.

Ініцыятар усталяваньня «дошкі БНР», старшыня Беларускага саюзу мастакоў Рыгор Сітніца сказаў Свабодзе, што ёсьць рашэньне Менгарвыканкаму аб неўсталяваньні шыльды.

Калі і кім быў падпісаны дакумэнт, Сітніца дакладна не назваў, пацьвердзіць ці абвергнуць гэтую інфармацыю на момант публікацыі не ўдалося. Ён дадаў, што больш займацца дошкай ня будзе — ёсьць іншыя арганізацыі, каб падымаць гэтае пытаньне.

Што важна ведаць пра «дошку БНР»

1 сакавіка кіраўніцтва Менгарвыканкаму дазволіла ўсталяваць мэмарыяльную дошку на вуліцы Валадарскага, 9. Менавіта тут 25 сакавіка 1918 годзе была абвешчаная незалежнасьць Беларускай Народнай Рэспублікі.

Шыльду зрабілі з бронзы на ўзор папярэдняй, якую скульптар Алесь Шатэрнік адліў з сплаву алюмінію і крэмнію яшчэ ў 1993 годзе. Надпіс на новай дошцы зроблены афіцыйным правапісам; такое было патрабаваньне ўладаў.

Грошы на новую шыльду сабралі талакой усяго за тры гадзіны.

Дошку плянавалі ўсталяваць напярэдадні 23 сакавіка, але не ўсталявалі цягам наступных 5 месяцаў.

941 подпіс сабрала летась пэтыцыя за ўсталяваньне памятных знакаў на будынках зьвязаных з гісторыяй БНР.

Мінгарвыканкам: Шыльду да 100-годдзя БНР не ставім, бо атрымалі шмат негатыўных зваротаў ад грамадскасці

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)