Мінгарвыканкам: Шыльду да 100-годдзя БНР не ставім, бо атрымалі шмат негатыўных зваротаў ад грамадскасці

Мінгарвыканкам патлумачыў, чаму на доме па адрасе Валадарскага, 9 дагэтуль не ўсталяваная мемарыяльная шыльда да 100-годдзя абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі.

Нагадаем, дазвол быў дадзены яшчэ ў сакавіку 2018 года, напярэдадні святкавання 25 Сакавіка. Грамада імгненна сабрала грошы, патрэбныя на выраб шыльды. За некалькі гадзін праз «Талаку» ахвяравалі 7500 рублёў пры заяўленых 6000 рублёў. Атрымаўся бронзавы варыянт дошкі замест састарэлага арыгіналу, зробленага ў 1993 годзе скульптарам Алесем Шатэрнікам.

Фота Радыё Свабода

Была нават прызначана дата ўстаноўкі, аднак пасля Мінгарвыканкам раптоўна здаў назад. Паседжанне, на якім чыноўнікі меліся зацвердзіць шыльду, пераносілі шмат разоў, у выніку праз паўгода мемарыяльная дошка так і не ўсталяваная.

Якое тлумачэнне гарадскія ўлады даюць цяпер?

«Інфармуем аб тым, што ў адрас Мінгарвыканкама паступіў шэраг зваротаў ад грамадзян Беларусі і прадстаўнікоў грамадскасці з негатыўным стаўленнем да пытання ўстаноўкі памятнай дошкі па вуліцы Валадарскага, 9. Пытанне аб мэтазгоднасці прыняцця рашэння Мінгарвыканкама па ўстаноўцы мемарыяльнай дошкі знаходзіцца на разглядзе», — гаворыцца ў адказе, які атрымала Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) ад намесніка старшыні Мінгарвыканкама Ігара Юркевіча.

Хто такі Ігар Юркевіч? Гэта 41-гадовы доктар, які летась стаў намеснікам старшыні Мінгарвыканкама і адказвае за сацыяльную абарону, адукацыю, ахову здароўя і ідэалогію. Юркевіч нарадзіўся ў Століне, скончыў Гродзенскі медыцынскі ўніверсітэт. Працаваў доктарам у Століне, у прыёмным аддзяленні Мінскай інфекцыйнай бальніцы, намеснікам галоўнага доктара гэтай установы, галоўным доктарам Дзіцячай інфекцыйнай бальніцы, намеснікам старшыні камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама, а пасля і старшынёй гэтага камітэта.

Ігар Юркевіч. Фота Яўгена Ерчака

Памочніца Ігара Юркевіча Ася Бірук паведаміла, што яе начальнік знаходзіцца ў адпачынку, таму не зможа пракаментаваць сітуацыю. Дарэчы, сама Бірук — актывістка «Лігі камуністычнай моладзі».

У прэс-службе Мінгарвыканкама атрымаць каментар таксама не ўдалося.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)