«Менавіта складаныя часы нараджаюць сапраўдных лідараў нацыі»

У беларусаў з’явіўся яшчэ адзін памятны дзень. Ці стане ён сапраўдным святам? Залежыць ад нас.

2 лютага беларусы будуць адзначаць Дзень герояў і гераіняў. Такую ініцыятыву прапанавалі ў прадстаўніцтве АПК па нацыянальным адраджэнні.

— Гэта новы памятны дзень, калі мы можам задумацца, хто тыя людзі, дзякуючы якім мы захавалі Беларусь і маем Беларусь сёння, — патлумачыла прадстаўніца АПК па нацыянальным адраджэнні Аліна Коўшык на Еўрарадыё. — Беларуская культура перажывала ўжо не адзін складаны час.

Напэўна нам бы ўсім хацелася жыць у лягчэйшыя часы. Але мы разумеем, што менавіта складаныя часы нараджаюць сваіх герояў, менавіта складаныя часы нараджаюць геніяў, менавіта складаныя часы нараджаюць сапраўдных лідараў нацыі. І я перакананая, што такіх мы зараз маем.

Аліна Коўшык адзначыла, што ўзгадаць людзей, якія натхнялі беларусаў у розныя часы, зараз вельмі важна, і назвала сама некалькіх герояў.

— Асабліва ў такія складаныя часы, калі здаецца, што змагацца супраць дыктатуры немагчыма, вельмі важна падкрэсліваць, наколькі моцныя беларусы, падкрэсліваць ролю асобы ў гісторыі.

Падкрэсліваць тое, наколькі важна мець пазітыўныя прыклады людзей, якія рабілі неверагодныя справы, якія падаваліся немагчымымі. Гэта акурат тыя прыклады для натхнення, якія зараз нам так патрэбныя.

Чаму менавіта гэта дата — 2 лютага? У гэты дзень нарадзіўся Кастусь Каліноўскі. Думаю, што гэта сімвалічная постаць нашай гісторыі, той чалавек, які натхняў, натхняе і будзе натхняць новыя пакаленні беларусаў.

Ён усім сваім жыццём паказаў, як варта змагацца за Беларусь і што за яе варта нават паміраць. Мне здаецца, што па ўзроўню сімвалізму і гераізму Кастусь Каліноўскі наш поп-сімвал — такі беларускі Чэ Гевара, — кажа Коўшык.

Каб сабраць кола беларускіх герояў і гераіняў, прадстаўніцтва АПК па нацыянальным адраджэнні прапануе ўсім, хто жадае, напісаць у сацыяльных сетках прадстаўніцтва імёны асобаў з гісторыі і сучаснасці, якія, на ваш погляд, абралі сваёй місіяй Беларусь.

Падпісаць прапановы трэба хэштэгам #мойгерой альбо #маягераіня.

— Хочацца падкрэсліць ролю людзей, якія неабавязкова змагаліся за Беларусь са зброяй. У нас вельмі багата нацыянальных герояў. Навідавоку, канешне, Кастусь Каліноўскі, Тадэвуш Касцюшка, князь Канстанцін Астрожскі, Эмілія Плятэр, Каміла Марцінкевіч, Ларыса Геніюш, нашы сучасныя гераіні Маша Калеснікава, Паліна Шарэнда-Панасюк, Галіна Дзербыш і шмат іншых жанчын, якія зараз трымаюцца ў зняволенні.

Дарэчы мы хацелі падкрэсліць асаблівую ролю жанчын у нашай гісторыі, таму назвалі гэты дзень «герояў і гераіняў».

Асабіста я з’яўляюся патронкай палітвязня Ігара Аліневіча. Для мене ён таксама беларускі герой. Гэта чалавек, які ўжо не першы раз за кратамі за свае погляды, за сваю мару пра Беларусь.

Я напішу пра Ігара і пра Ларысу Геніюш. Ведаю яе яшчэ са школьных часоў. Зараз, на жаль, дзеці ў Беларусі яе ўжо не вывучаюць. І нават помнік ёй знішчылі ўлады.

Яна натхняла людзей нават у ссылцы, пісала вершы, якія людзі называлі «глюкозай», калі не хапала ежы. Яна ніколі не прымала савецкае грамадзянства, ахвяравала ўсім дзеля Беларусі, у тым ліку адносінамі са сваёй сям’ёй, — нагадала Коўшык.

Дарэчы, новы памятны дзень ужо пазначаны ў календары на гэты год, дзе сабраныя ўсе беларускія святы, якія варта адзначаць. Каляндар можна спампаваць на сайце АПК.

— На дадзены момант мы гэты дзень акрэсліваем як памятны, але ў будучым у Вольнай Беларусі гэта можа стаць нацыянальным святам, — выказала спадзяванні прадстаўніца АПК.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(15)