Комментарии

 

 

Ірына Марозава

 

 

Мажэйка: «Рызыкі таго, што ў Беларусь прыйдуць ці то ўкраінскія дыверсанты, ці то проста рабаўнікі, якія закупяць на чорным рынку зброю, нікуды не падзеліся»

Палітолаг — пра магчымыя прычыны адмены дадатковага кантролю на расейска-беларускай мяжы.

Увечары 18 ліпеня ў чаце «Мяжа РФ-РБ», удзельнікі якога абменьваюцца навінамі аб сітуацыі на мяжы, з'явіліся паведамленні пра тое, што з боку Беларусі прыбралі памежныя пункты.

Нагадаем, у Беларусі ўвялі часовы памежны кантроль на ўсіх уездах з Расіі напачатку мая, спаслаўшыся на ратыфікацыю пагаднення аб узаемным прызнанні віз. Аднак ратыфікацыя праз месяц адбылася, а кантроль застаўся: ва ўсіх, хто ўязджаў у краіне з боку РФ, правяралі пашпарты, выбарачна глядзелі тэлефоны, даглядалі машыны, з-за чаго ўтварыліся доўгія чэргі.

Выезд з Беларусі ў Расію па трасе М-1, раніца 5 мая. Фота відавочцы Zerkalo.io

Цяпер жа ў Дзяржпагранкамітэце РБ Зеркалу пацвердзілі, што кантроль насамрэч адмянілі, аднак прычыны такога рашэння патлумачыць не змаглі. Спаслаліся толькі на рашэнне ўраду РБ і Лукашэнку — маўляў, якое распараджэнне атрымаюць, так і зробяць.

Пра тое, чым можна патлумачыць раптоўную адмену дадатковага кантролю і ці варта меркаваць, што гэта нейкім чынам звязана з ПВК Вагнера, часткі якой гэтымі днямі  прыбылі ў Беларусь, «Салідарнасць» спытала ў палітолага, каардынатара беларускай  экспертнай сеткі «Наше мнение» Вадзіма Мажэйкі.

Вадзім Мажэйка

— Аргументацыя наконт ратыфікацыі пагаднення аб узаемным прызнанні віз, якую мы чулі ў маі, па шчырасці, была дзіўнаватай, — адзначае палітолаг у экспрэс-каментары «Салідарнасці». — Бо і раней была гэтая «дзірка», што людзі могуць уязджаць з Расіі ў Беларусь па асобных візах, а потым ехаць з адной краіны ў іншую без кантролю.

Таму, на мой погляд, сапраўдная прычына была ў іншым — што Расія відавочна не здольная нармальна ахоўваць сваю мяжу, праз якую ў тую ж Белгародскую вобласць  свабодна заходзілі і ўкраінскія дыверсанты, і легіён «Свабода Расіі». Адпаведна, гэтак жа свабодна праз Расію дыверсанты могуць пранікнуць і ў Беларусь. А пасля дыверсіі ў Мачулішчах і іншых гучных падзей для Лукашэнкі гэта выглядала як пагроза.

Таму мяжа і была «прыкрытая». Але паколькі такое тлумачэнне было б досыць крыўдным для Пуціна, недыпламатычным, то яно і не рабілася.

Тое, што цяпер дадатковы кантроль адменены, заўважае Вадзім Мажэйка, выглядае не надта лагічным, бо доказаў таго, што Расія пачала нармальна ахоўваць свае межы, няма.

— З аднаго боку, прыбыццё вагнераўцаў у нейкай ступені змяншае ўзровень бардаку ў самой Расіі — калі яны ўжо і так прыйшлі ў Беларусь, то чаго кантроль на мяжы трымаць.

Але ўсё адно зняцце кантролю выглядае дзіўна, бо я звярнуў бы ўвагу на яшчэ адну праблему — тое, што мы бачым з цалкам афіцыйнай статыстыкі расійскага МУС. Гаворка пра тое, як з пачаткам вайны ўзрасла колькасць злачынстваў з выкарыстаннем зброі — калі не памыляюся, рост склаў ледзь не больш як 100% нават у Маскве і Пецярбургу.

То-бок, калі краіна ваюе, там ажыўляецца чорны рынак зброі і павялічваецца колькасць злачынстваў. І для ўсіх небяспечна, што гэта можа быць «экспартавана» ў Беларусь.

Ад таго, што пэўныя дэстабілізуючыя фактары, кшталту вагнераўцаў, перамясціліся з Расіі ў Беларусь, рызыкі таго, што ў Беларусь прыйдуць ці то ўкраінскія дыверсанты, ці то проста рабаўнікі, якія закупяць на чорным рынку зброю, нікуды не падзеліся. Таму адмена кантролю на мяжы не надта зразумелая.

Магчыма, Лукашэнка ўводзіў гэты кантроль, кіруючыся іншай логікай, і інакш ацэньвае рызыкі, — але на мой погляд, прынцыпова яны не зніклі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(30)