Беседка
Канстанцін Пахольчык

«Мая легкадумная бабуля замах на жыццё фашыста рабіла за кампанію»

Пісьменнік Павел Касцюкевіч – пра свой новы раман «План Бабарозы», матрыярхат у беларускіх сем’ях і інфантылізм беларускіх мужчын.

Павел Касцюкевіч – лаўрэат прэміі імя Ежы Гедройца за найлепшую беларускую кнігу прозы, выдадзеную ў 2011 годзе. Прэзентацыю новага рамана ён зладзіў у ложку, перадаючы інфантыльнасць галоўнага героя. Фота Facebook

– Павал, наколькі твая «Бабароза» аўтабіяграфічна?

– Кніга нарадзілася з прыватных расповедаў, падслуханых у электрычках, распаведзеных сябрамі пра сваіх продкаў на кухні, з ашмёткаў тэлефонных размоваў на вуліцы. Пра расійскія, польскія, савецкія і нямецкія ўлады, якія тут былі, пра калгасы, рэпрэсіі, меліярацыю, брэжнеўскае пазяханне і гарбачоўскі розрух.

«План Бабарозы» – гісторыя Беларусі ХХ стагоддзя на прыкладзе адной сям’і

– Раман поўніцца гісторыямі, гісторыйкамі і забаўнымі выпадкамі. А можаш прывесці прыклад цікавай гісторыі з рамана, якая сапраўды здарылася з табою?

– Аднойчы калі я яшчэ вучыўся ва ўніверсітэце, у інтэрнаце я сустрэў п’янага студэнта, які быў тры дні ў запоі. І мне, выпадковаму знаёмаму, ён распавёў, з якой прычыны залівае вочы. З гэтай гісторыі праз шмат гадоў і нарадзілася цэнтральная тэма, вакол якой круціцца ўвесь раман. А гісторыя такая.

У студэнта быў прадзед, якога ён нават і не паспеў убачыць, але які моцна на яго паўплываў адным сваім учынкам. Колісь, пасля пяці гадоў адседкі ў бальшавіцкіх лагерах прадзед студэнта прыдбаў такую зэкаўскую завядзёнку: перад уваходнымі дзвярыма, проста на кілімок, ён паверху ахайна слаў беласнежную анучу. І цяпер сябры, якія хадзілі да прадзеда ў госці, стаялі перад дылемай: наступіць на анучу ці пераступіць яе. З аднаго боку, здаецца, яе тут і паклалі, каб госці выціралі ногі, і пераступаць яе было прынамсі нявыхавана. З іншага – людзям рабілася шкада і, самае галоўнае, сорамна псаваць яе беласнежнасць. Пасля ж сыходу гасцей прадзед адчыняў дзверы і ўсяляк тую анучу абглядаў. Калі на ёй заставаліся сляды, дык з нейкай такой асалодаю ён цягнуў: «Паску-у-дзіш, сука!» Калі ж слядоў не было, бо анучу пераступілі, прадзед з не меншаю ўсцешанасцю выгукаў: «Грэ-э-эбуеш, сука!».

І вось, тры дні да нашай сустрэчы ў інтэрнаце студэнт, чарговы раз пачуўшы гэтую гісторыю пра свайго прадзеда і яго выбрык, запытаўся ў мамы (бо прадзеда даўно ўжо не было сярод жывых), у чым цымус, і дзе тут было выйсце, як можна было пазбегнуць прадзедавага здзеку. Шмат гадоў ён думаў, як трэба было паводзіць сябе перад дзьвярмі: наступіць ці пераступіць.

Мама студэнта здзіўлена ўскінула брыво і адказала: «Сынок, а хто табе сказаў, што ў жыцці заўсёды ёсць выйсце?». Менавіта пасля гэтага мамінага адказу студэнт горка напіўся.

– Так, але гэта чужая гісторыя. А што наконт гісторыі, якая здарылася з тваімі дзядамі?

– У «Бабарозе» я таксама распавядаю (вядома, крыху перапрацаваўшы) гісторыю пра замах на Гоберга, наступніка Вільгельма Кубэ, у якім трохі брала ўдзел мая бабуля. Гісторыя такая.

Бабуля працавала пакаёўкай разам з Надзяй Майсеевай (яе іменем назвалі медыцынскі інстытут) і сям'ёй Чыжэўскіх (у гонар іх ёсць вуліца). Але ў адрозненні ад сваіх сябровак, іменем маёй бабулі не названа ніводная вуліца ў Мінску, бо яна адзіная хто з сябрыны засталася жывая.

Сямейная легенда запэўнівае, што абсалютна легкаверная і легкадумная бабуля той замах рабіла за кампанію. Тут сямейныя летапісцы прыводзяць прыклад, як перад вайной яна паступіла за кампанію з сяброўкамі на лётніцкія курсы парашутыстаў, але ачомалася толькі калі стаяла з заплечнікам перад выхадам з самалёта. Тады яна, канчаткова ўсвядоміўшы свой учынак, сказала гістарычную фразу: «Падаць у неба? Я не ідзьётка!»

Падобная легкадумнасць, лічаць нашы дамарослыя летапісцы, праявілася і з замахам на Курта фон Готберга, кіраўніка камісарыяту Беларутэнія. Бабуля за кампанію са сваёй лепшай сяброўкай Надзяй Майсеевай завербавалася ў партызаны і нават прынесла бомбу з леса, не думаючы што гэтак робіць закладнікам не толькі сябе, але і ўсіх сямейнікаў (немцы за тэракты помсцілі цэлым сем'ям). На яе шчасце ў дзень замаху бабулю забралі працаваць у іншае месца, і калі замах не ўдаўся (бомбу знайшла служба бяспекі Готберга), мая бабуля паспела даць драпака разам з сямейнікамі ў лес.

– Такім чынам, аснова раману – сямейныя ўспаміны тваёй і іншых беларускіх сем'яў...

– Ну, яшчэ ў рамане гісторыі трэцяга гатунку. Тыя, якія адбыліся перад маімі вачыма. Аднойчы ў 2000-ыя я прачытаў у газеце, што адным з мінскіх мікрараёнаў выявілася бабуля, якая ў панэльным доме трымала на гаўбцы-лоджыі казу для малака.

Гэта адразу нагадала мне мой мінскі мікрараён Зялёны Луг, дзе сяліліся пераважна выхадцы з вёскі. Як у тамбурах высіліся скрыні з бульбай, якая патроху прарастала, мяхі з леташнімі яблыкамі і цыбуляй. Узгадаў, як хадзіў зачараваны пахамі і атмасферай тамбурных лабірынтаў, адчуваючы пачуццё нейкай такой патрыярхальнай абароненасці і спакою.

Мне гэтая вясковасць мінскіх мікрараёнаў так моцна запала ў памяць – ажно я ў адным з раздзелаў рамана гэтую жанчынку з казой зрабіў цэнтральным персанажам. Дадумаў, як адбываецца ранішняя дойка, як жанчынка сварыцца з суседзямі за казліны смурод, што пра яе пішуць у ЖЭС і гэтак далей.

Фота Яўгена Цiханава

Гэтая іншы вельмі важны раздзел найноўшай гісторыі Беларусі – міграцыя з вёскі ў горад – канец якога я добра памятаю. Як карэнныя гараджане з манерна-трасянкавым пранонсам пагардліва (але ў гэтай пагардзе была столькі забойчай паэзіі) абзывалі ўсіх былых вяскоўцаў, якія прыехалі працаваць і жылі ў інтэрнатах, «Аксанай з лаўсана» або «Воляй з камволя»...

– Твой раман яшчэ пра ўладу беларускіх жанчын над беларускімі мужчынамі. Галоўны герой Ігарок Качуня, 35-гадовы мінчук, халасцяк у кубе, жыве не толькі са сваёй мамай, але і бабуляй, і нават 109-гадовай прабабуляй Бабарозай, равесніцай мінулага стагоддзя. Дык што, якія высновы: у нас у краіне ўсталяваўся матрыярхат? А беларускія мужчыны – інфантыльныя і несамастойныя?

– Так, у нас ў грамадстве няроўнасць полаў. Жанчынам плацяць менш, да іх ставяцца паблажліва і не бяруць у рахубу. Гэта так. Але гэта толькі ў грамадстве, бо ніякі чалавек не можа жыць у прыгнёце ўвесь час. І таму ў нутраным коле сям'і ўсе гендэрныя расклады цудоўным чынам мяняюцца – жанчын бяруць сваё менавіта там.

Праўда не адразу, пакрысе. Тут жанчына з цягам часу назапашвае сілы і з узростам робіцца мацнейшай і ўплывовейшай. Вось жа, феміністкі і фемінсты змагаюца за роўнасць жанчыны ў грамадстве, а да сям'і пакуль відаць рукі не дайшлі, бо там зусім іншая логіка. І вось гэта я паказаў у рамане, але безумоўна, давёў усё да свайго любімага абсурда – матрыярх сям'і Бабароза ставіць свайго зяця, кандыдата навук, у кут за правіны. На сямейнай урачыстасці яна выхоплівае ва ўсіх гасцей талеркі з тортам (бо крэм ёй падаўся кіславатым). Без цырымоній мые падлогу ў кабінеце праўнуку-псіхатэрапеўту ў час, калі ў яго на прыёме дыскрэтныя пацыенты.

Дацягнуўшы ўсю сітуацыю з матрыярхатам да абсурда, я прыйшоў да высновы, што ўвогуле няясна, дзе заканчваецца дыскрымінацыя жанчын і дзе пачынаецца мужчынскі інфантылізм. І яшчэ такая дзіўная думка наведала мяне – «Бабароза – гэта я».

– Дык як змяніць у Беларусі няроўнасці паміж поламі і ці варта?

– Гэта становішча няроўнасці паміж жанчынамі і мужчынамі ў грамадстве ўжо мяняецца пакрысе. І часам спрацоўваюць іншыя ўнутраныя механізмы і свет робіцца лепшым як бы сам сабой. На гэтую тэму я ведаю прыгожую гісторыю пра міжвольны беларускі фемінізм, якую пачуў з расповядаў сваяка.

Дык вось. Прабабулю гэтага сваяка падчас царскай імперыі амаль усе жыццё рыхтавалі ў манашкі: вучылі толькі Бібліі, а гаспадарцы дык зусім не. І вось за месяц да пострыгу ў яе закахаўся будучы прадзядуля сваяка. Так закахаўся, што яго кахання хапіла, каб вырваць дзяўчыну з рук Усявышняга. Потым падчас іхняга супольнага жыцця прадзеду было абсалютна пляваць, ці ж умее яна гатаваць ці ж не. І рабіў усё за яе. Яны фактына памяняліся гендэрнымі ролямі.

Далей на далей, у гэта пары нарадзілася дачка, якой мама нічога перадаць не змагла, бо сама нічога не ўмела. Але ёй патрапіўся муж, у якога ў сям'і ўсё было патрыярхальна. І няўмельства гатаваць прыраўнівалася да сямейнай здрады. У іх у сваю чаргу нарадзілася дачка, маці апавядальніка, і пара праз кухарчыя скандалы хутка развялася.

Гэтак няўмельства весці хатнюю гаспадарку перакінулася ўжо на трэцяе пакаленне, на маці апавядальніка, бо яе бабуля і маці нічому не навучылі. Але ў гэты раз жанчына трапіла на чалавека, які бачыў свет як матор, і калі той не працуе, дык яго трэба папросту наладзіць. Ён замяніў жонку ў хатняй гаспадарцы. А яна ў падзяку за тое, што муж зняў з яе балючае побытавае пытанне, зрабіла кар'еру, стала добра зарабляць, і патроху вучыцца. Іх сын навучыўся збалансаванаму і роўнаму падзяленню працы, а таксама ўвазе мужчын да жаночых патрэб. Гэпі энд. І заўважце, без усякіх намаганняў з боку гендэрных актывістаў.

– Як бабулі і дзяды паўплывала на цябе і твой лёс?

– Паводле словаў галоўнай гераіні майго рамана румынкі Роні, усё самае важнае ў жыцці дзіцяці адбываецца ў дзядоўскай і бабульчынай хаце, а не ў бацькоўскай. Будні ў бацькоўскай хаце – дробязь у параўнанні з апафеозам на выходныя, калі дзяцей аддаюць бабулям і дзядам. Я згодны са сваёй гераіняй: менавіта ў дзядоў унукі вучацца максімальна чыстым, незакаламучаным і не абцяжараным побытам пачуццям і страсцям, бо бабулям і дзядам няма чаго дзяліць з ўнукамі.

Адносіны з бацькамі больш нагадваюць адносіны паміж Беларуссю і магутнымі дзяржавамі-суседзямі. Мы чагосьці ўвесь час просім, нам не даюць, але ўрэшце мы моцненька плачам ці капрызімся, дабіваемся свайго, але за гэта абмяжоўваюць нашу незалежнасць.

А адносіны паміж унукамі і дзядамі – гэта як нашы адносіны з Новай Зеландыяй: чыстая радасць. Мы любім яе за прыгожэнныя краявіды і далёкасць, і за гэтую любоў нічога ў яе не патрабуем. Эталон замілавання!

Можа, таму калі я пісаў «Бабарозу», Зыгмунд Фройд са сваімі казачкамі пра сэксуальную прагу сына да мацеры і рэўнасць да бацькі мяне не надзіў. Бо як можна параўнаць нейкае там несвядомае каханне да мацеры з праглядам фільма для дарослых, якое ўнукам майго пакалення па прастаце душэўнай дазвалялі дзяды пасля праграмы «Время»?

– Ты нядаўна стаў бацькам. Як з улікам «дзядоўскага» досведу збіраешся выхоўваць сваё дзіця?

– Максімальна самаўхіліцца ад выхавання і даць свабоду дзеянням дзядам і бабулям будзе даволі цяжка. Бо сам дакладна ведаю, што такое дзядоўская любоў. Гэта магутная моц, і па шчырасці невядома, як яе будуць выкарыстоўваць дзяды і бабулі. Таму падазраю, што разборкі і змаганні паміж пакаленнямі будуць працягваецца. Бо, як піша Уладзімір Арлоў у адным са сваіх вершаў: «Усё па-ранейшаму, толькі імёны змяніліся».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(1)