Общество
Руслан Гарбачоў

«Маўчанне ўладаў наконт рэзалюцыі ПА АБСЕ, якая асуджае злачынствы нацызму і сталінізму, — гэта ўжо вялікае дасягненне»

На прэс-канферэнцыі, прысвечанай Еўрапейскаму дню памяці ахвяраў таталітарных рэжымаў, усталяваным ПА АБСЕ на 23 жніўня, грамадскія актывісты абвясцілі пра жалобную выправу ў Катынь, заклікалі святароў ушанаваць памяць ахвяраў нацызму і сталінізму і пахвалілі ўлады за маўчанне.

Нагадаем, што Парламенцкая асамблея АБСЕ 3 ліпеня прыняла рэзалюцыю, якая асуджае злачынствы нацызму і сталінізму. Рэзалюцыя была прынята ў падтрымку ініцыятывы Еўрапейскага парламента абвесціць 23 жніўня, у які 70 год таму быў падпісаны пакт Молатава-Рыбентропа, Днем памяці ахвяраў сталінізму і нацызму.

На прэс-канферэнцыі 20 жніўня прадстаўнік Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, ЗБС «Бацькаўшчына» і Беларускага Шуманаўскага Таварыства Ігар Лялькоў паведаміў, што ў нядзелю 23 жніўня адбудзецца жалобная выправа ў мемарыяльны комплекс «Катынь» (Смаленскі раён).

Грамадскія актывісты наведаюць Польскія вайсковыя могілкі, дзе па загадзе Берыі і Сталіна ў 1939-м былі расстраляныя 5 тысяч ваеннапалонных афіцэраў Войска Польскага (значную іх частку складалі выхадцы з Заходняй Беларусі), а таксама пахаванні 15 тысяч ахвяраў рэпрэсій 1928-1938 гг. — вязняў турмаў і канцлагераў Смаленскага рэгіёна.

Юрась Губарэвіч, Вячаслаў Сіўчык, Iгар Лялькоў

Злева направа — Юрась Губарэвіч, Вячаслаў Сіўчык, Iгар Лялькоў

— Сярод гэтых рэпрэсаваных — прадстаўнікі так званага «Смаленскага адраджэння» 20-30-х г.г., якія мелі беларускія погляды і лічылі Смаленшчыну беларускай зямлёй, што павінна была далучыцца да савецкай Беларусі, — адзначыў Ігар Лялькоў .

Ён таксама дадаў, што грамадскія актывісты плануюць навесці кантакты з кіраўніцтвам мемарыяльнага комплексу «Катынь», каб абдумаць магчымае ўстанаўленне там знака забітым беларусам.

Кіраўнік аргкамітэта па стварэнні Руху «Разам» Вячаслаў Сіўчык і Ігар Лялькоў заклікалі ўсіх далучыцца да акцыі ў Катыні і прыняць удзел 23 жніўня ў акцыях ушанавання ахвяр нацызму і сталінізму па ўсёй Беларусі.

— Абсалютная большасць жыхароў Беларусі, якія трапілі пад рэпрэсіі таталітарызму, былі сялянамі, а значыць і веруючымі. Я звяртаюся да вернікаў і святароў розных канфесій, каб яны 23 жніўня ўшанавалі памяць знішчаных людзей, — сказаў Вячаслаў Сіўчык.

— У нашай інфармацыйнай прасторы прызнаюцца толькі пазітыўныя вынікі далучэння Заходняй Беларусі да БССР — і іх сапраўды нельга адмаўляць. Але ў выніку уз’яднання пацярпела вялікая колькасць людзей, якія былі выселены са сваіх дамоў, рэпрэсаваны, забіты. На жаль, цяпер пра іх не ўзгадваюць, — адзначыў намеснік старшыні Руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч. — Мы лічым, што немагчыма без асэнсавання тых падзеяў, без асуджэння тых злачынстваў на ўзроўні дзяржавы перайсці да паўнавартаснай пабудовы дэмакратыі.

Юрась Губарэвіч нагадаў, што Рух «За свабоду» вітаў рэзалюцыю ПА АБСЕ адносна пакта Молатава-Рыбентропа, якая прыраўняла фашысцкія і сталінскія злачынствы.

— Я лічу, што маўчанне ўладаў наконт рэзалюцыі ПА АБСЕ — гэта ўжо вялікае дасягненне для іх. Толькі адна краіна ў Еўропе хваравіта ўспрыняла рэзалюцыю ПА АБСЕ — Расійская Федэрацыя, — дадаў Вячаслаў Сіўчык.

На прэс-канферэнцыі ён таксама нагадаў пра заяву руху салідарнасці «Разам», у якой да ўлад было вылучана патрабаванне публічна асудзіць злачынствы нацызму і сталінізму, правесці ў Беларусі дэсталінізацыю (у тым ліку перайменаваць «Лінію Сталіна»), адкрыць гістарычныя архівы, адмяніць святкаванне 7 лістапада на дзяржаўным узроўні і спыніць рэпрэсіі супраць удзельнікаў акцый па ўшанаванні памяці ахвяр сталінскіх злачынстваў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)