Политика
Віталь Цыганкоў, «Свободные новости плюс», фота photo.bymedia.net

«Масква такую асалоду атрымлівае, тузаючы Лукашэнку»

Палітык Мікалай Статкевіч распавёў, якой бачыў сваю будучыню, чаму яму шкада рэжысёра фільма «Дзеці ілжы» Азаронка, а таксама, які ён — шанец для беларускай апазіцыі.

«Супраць мяне была адразу заведзена крымінальная справа па «расстрэльнаму» артыкулу аб здрадзе Радзіме»

– Як вы, падпалкоўнік запасу, савецкі ваенны, прыйшлі ў канцы 80-х да нацыянальна-дэмакратычных перакананняў? Як вы прайшлі гэты шлях?

– Галоўную ролю, відаць, адыграла месца нараджэння і паходжанне. Я родам са Случчыны, а гэта апошні бастыён беларускай мовы.

У мяне маці была настаўніца рускай мовы, і яна са мной размаўляла па-руску, каб у мяне не было трасяначнага акцэнту, — маўляў, беларускую мову ты і так ведаеш. І калі я ў школе спрабаваў нешта казаць па-руску, мне мае аднакласнікі казалі — «гавары па-нашаму». Праўда, цяпер там такога ўжо даўно няма.

Другое — гэта паходжанне. Я заўсёды ведаў, хаця пра гэта ў сям’і казалася шэптам, што я са старога шляхетнага роду, і па бацьку, і па маці. Я ведаў, што аднаго майго дзеда расстралялі ў НКВД, людзі расказвалі легенды пра ягоную мужнасць у камуністычным антыпольскім падполлі ў КПЗБ (Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі). Другога дзеда, па лініі бацькі, забілі за сувязь з партызанамі. Я ведаў усё гэта, і гэта дапамагала ў складаных жыццёвых сітуацыях.

– У лютым 1991-га вы выйшлі з КПСС у знак пратэсту супраць падзеяў у Вільнюсе. Але на той момант вы яшчэ былі дзейным савецкім вайскоўцам. Як гэта ўвогуле было магчыма — зрабіць такі крок?

– Мая вайсковая кар’ера складалася вельмі ўдала. Я здолеў без пратэкцыі паступіць у ад’юнктуру (гэта вайсковая аспірантура), абараніў кандыдацкую, працаваў выкладчыкам, потым старэйшым выкладчыкам у ВІЗРУ (Мінская вышэйшая інжынерная зенітна-ракетная установа). Гэта была палкоўніцкая пасада. Але я ўжо на той момант сфармаваў пэўны светапогляд, спрабаваў памяняць нешта ў КПСС.

У 1990 годзе я напісаў на беларускай мове канцэпцыю стварэння беларускага войска і ў сакавіку прынёс яе ў газету «Літаратура і мастацтва». Там некалькі месяцаў гэты артыкул паляжаў, і летам ён быў апублікаваны. У канцы ж таго года я таемна ўвайшоў у камітэт ствараемай Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамады.

І таму лагічна, што пасля падзеяў у Вільні, калі савецкія войскі стралялі ў мірных людзей, я выступіў з пратэстам, і такім чынам уключыў механізм свайго звальнення з Савецкай Арміі. Бо некамуністам на такой пасадзе нельга было быць.

– І што вы тады сабе думалі? Як бачылі сваю будучыню?

– Я проста рабіў тое, што патрабавала маё сумленне. Гэта, як я цяпер разумею, быў голы рамантызм.

Вясной 1991 года я даў велізарнае інтэрв’ю, дзе зноў звярнуўся да тэмы стварэння беларускага войска і даў сваю кантактную паштовую скрыню. Такім чынам я пачаў актыўную працу па стварэнню арганізацыі беларускіх афіцэраў.

Мы планавалі аб’явіць аб стварэнні арганізацыі восенню 91-га, але путч, ГКЧП прыспешыў гэтыя падзеі. Я тады выступіў і на радыё, і на плошчы, дзе заклікаў салдат не страляць у свой народ. Супраць мяне была адразу заведзена крымінальная справа па «расстрэльнаму» артыкулу аб здрадзе Радзіме, бо гэта лічылася падрывам абароназдольнасці. Але праз два дні ГКЧП прайграў, і справа адразу знікла, а я яшчэ паслужыў у незалежным беларускім войску да 1993 года.

Па сутнасці я з’яўляюся «бацькам» беларускага войска, бо яно стваралася ў адпаведнасці з тым маім першым артыкулам. Я ўнёс першыя праекты законаў у Вярхоўны Савет — праз фракцыю БНФ, потым праз камісію парламента па нацыянальнай бяспецы, якую ўзначальваў Мечыслаў Грыб. Толькі з чацвёртай спробы ў пачатку 1992 года нам удалося прыняць закон пра беларускае войска. І адразу паўстала праблема прысягі…

– Прысяга «Беларускага згуртавання вайскоўцаў», сапраўды, застаецца адной з самых легендарных падзей пачатку 90-х. Зараз, напэўна, цяжка ўявіць, што існавала ўжо цалкам незалежная Беларусь, але тагачасныя ўлады і войска супраціўляліся таму, каб прымалася прысяга. І вы іх да гэтага падштурхнулі...

– Фактычна мы іх не падштурхнулі, а прымусілі. Бо, калі мы правялі акцыю прысягі на плошчы Незалежнасці 8 верасня 1992 года, мы разумелі, што гэта нясе і юрыдычны абавязак абараняць краіну. Разам з намі, некалькімі кадравымі афіцэрамі, гэта зрабілі некалькі тысяч вайскоўцаў запасу. І спадар Грыб у адказ на істэрыкі і крыкі афіцэраў з іншых рэспублік СССР, што «мы не хочам прысягаць гэтай Беларусі», сказаў так: «Калі мы не прывядзем вас да прысягі, то гэта зробіць БЗВ».

«Тата, я даў яму па мордзе»

– Яшчэ адзін яркі момант вашай біяграфіі, які таксама ахутаны ўжо арэолам легендарнасці — гэта 1995 год, сумнавядомы рэферэндум. Напярэдадні яго выйшаў прапагандысцкі фільм «Дзеці ілжы» рэжысёра Азаронка, які, на думку многіх, моцна паўплываў на вынікі выбараў і рэферэндуму. Вы тады прыйшлі да яго дадому і далі яму аплявуху.

– Я не думаю, што такімі рэчамі варта ганарыцца, але я зрабіў тое, што мусіў зрабіць. Сапраўды, у гэтым фільме былі ўжытыя забароненыя прыёмы, перабіўка кадраў — паліцаі танцуюць, потым я, потым зноў паліцаі.

Гэты фільм глядзеў мой бацька, а яго бацьку, майго дзеда, забілі паліцаі ў яго на вачах. Таму пасля свайго ўчынку я пазваніў бацьку і сказаў: «Тата, я даў яму па мордзе».

Азаронак не прыдумаў нічога лепшага, як падаць на мяне ў суд. Нават прадставіў даведку з медыцынскай установы аб «кровападцёку на левай шчацэ». Мне, шчыра кажучы, шкада гэтага чалавека. За гэты фільм ён атрымаў пакаранне — зламанае жыццё. Цяпер, што б ён ні рабіў, яго заўсёды згадваюць: а, гэта той самы.

– У палітыцы вы адразу абралі сацыял-дэмакратычную плынь. Але чаму яна як ідэя ў Беларусі такая невыразная? Больш-менш вядомыя падыходы да розных з’яў нацыяналістаў, лібералаў, камуністаў. А вось у чым палягае сацыял-дэмакратычны падыход? Большасць беларусаў не скажа, што такога агульнага менавіта сацыял-дэмакратычнага ёсць у Казуліна, Статкевіча, Ляўковіча і Шушкевіча…

– Ідэя сацыяльнай дэмакратыі звяртаецца да большасці, і таму яна найбольш масавая. Я не пагаджуся, што ў нас зашмат сацыял-дэмакратычных партый. У нас іх тры, і адна з іх носіць чыста намінальны характар. Бо калі партыя паважанага мной Станіслава Станіслававіча Шушкевіча вылучае на парламенцкіх выбарах аднаго кандыдата, а на мясцовых — двух, то гэта азначае, што ў іх толькі паперка аб рэгістрацыі.Такім чынам, у нас рэальна толькі дзве сацыял-дэмакратычныя партыі, і я не лічу, што гэта вельмі багата.

Так што гэта састарэлая інфармацыя, нібыта сацыял-дэмакратыя ў Беларусі — самая расколатая. Але на самой справе раскол, раздрабленне дэмакратычных сілаў ва ўмовах адсутнасці выбараў непазбежны. Калі няма выбараў, то любы партыйны кіраўнік можа аб’явіць сябе вялікім лідэрам, а ўлада гэтаму толькі паспрыяе.

«Добра, давайце я агучу поўны спіс сваіх «расколаў»

– Але чаму за вамі неяк замацаваўся імідж палітыка, вакол якога заўсёды нейкія расколы, якія заканчваюцца з’яўленнем фракцый і гэтак далей. Чаму ў вашых партыях і кааліцыях даволі часта здараюцца такія скандалы?

– Нельга казаць слова «партыі», бо пасля выхаду з КПСС я застаюся ў адной партыі, якая зараз называецца Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя Народная Грамада. Тое, што два разы пэўныя групоўкі адколваліся ад нашай партыі — дык на гэта ёсць аб’ектыўныя прычыны. У 2000 годзе прыхільнікі байкоту сышлі з партыі. У 2005-м людзі, якія прайгралі на партыйным з’ездзе, апелявалі да Міністэрства юстыцыі. Але пералічыце колькасць расколаў у БНФ ці АГП.

Што тычыцца кааліцый, то кожная з іх мае свой час жыцця. «Еўрапейская кааліцыя», якую я зараз узначальваю, існуе ўжо сем гадоў. Якая яшчэ кааліцыя пратрымалася болей?

– У 2000 годзе вы пайшлі насуперак рашэнню большасці апазіцыйных партый пра байкот парламенцкіх выбараў…

– І хто з нас меў рацыю?

Добра, давайце я агучу поўны спіс сваіх «расколаў». У 1998 годзе я не падтрымаў ідэю Зянона Пазьняка аб «грамадзянстве БНР». Не падтрымаў, бо палічыў гэта нейкай смешнай гульнёй у рэзервацыі. Далей, я не ўдзельнічаў у «альтэрнатыўных выбарах» у 1999-м. У 2000-м наша партыя сапраўды прыняла рашэнне аб удзеле ў выбарах.

І цяпер паглядзіце, хто меў рацыю? З-за байкоту ўлада пачысціла і выхавала выбарчыя камісіі — і зараз відавочна, што гэта была заганная практыка. Але ж ніхто не папрасіў прабачэння — «прабач, Мікалай Віктаравіч, вы мелі рацыю»!

– Як паўплывала на вашы погляды і на ваша жыццё абмежаванне свабоды, гэтак званая «хімія», на якую вы былі асуджаны за арганізацыю масавых пратэстаў супраць вынікаў рэферэндуму 2004 года?

– Безумоўна, нешта дало, бо любое выпрабаванне — гэта новы досвед. Прыйшло большае разуменне жыцця простых людзей, таго, як працуе наша эканоміка. Але больш забрала, бо гэта страчаныя два гады жыцця.

І самае страшнае — не нейкія выпрабаванні, хаця былі перыяды, калі мяне натуральна ламалі (як іначай назваць, калі некалькі месяцаў 14-гадзінны працоўны рабочы дзень у калгасе без абеду і выхадных). Але самае страшнае — гэта прыніжэнне.

У любым выпадку, я не шкадую пра тое, што зрабіў. У 2004 годзе нам плюнулі ў твар, рэферэндум даў магчымасць Лукашэнку балатавацца бясконцую колькасць разоў. Я лічыў і лічу, што каб грамадства мянялася, патрэбны прыклад. Годнасць людзей будзяць толькі годныя паводзіны іншых людзей.

«Людзі ўсё больш адчуваюць, што гэтая ўлада абражае іхнюю годнасць»

– Як вы глядзіце на сённяшнюю перадвыбарчую сітуацыю? Ці лічыце, што ў апазіцыйных кандыдатаў ёсць нейкія шанцы?

– Калі палітыкі імітуюць змаганне, то яны штурхаюць людзей у асабістае жыццё. Змагацца трэба заўсёды, але зараз тым больш, бо ў грамадстве спее раздражненне, пры гэтым ва ўсіх яго слаях. Людзі ўсё больш адчуваюць, што гэтая ўлада абражае іхнюю годнасць.

Сапраўды, вясной было адчуванне, што большасць патэнцыйных кандыдатаў дзейнічае паводле прынцыпу «не даганю, дык хоць сагрэюся». На жаль, гэта ўражанне застаецца ў мяне і зараз.

Я столькі намаганняў прыклаў, каб нейкім чынам мы маглі стварыць пляцоўку і выйсці на адзінага кандыдата. І калі пасля выбараў гэты адзіны кандыдат ва ўмовах, калі ніхто ў свеце не прызнае вынікі выбараў, назаве сябе абраным прэзідэнтам — то гэта стварае зусім іншую сітуацыю.

Але, на жаль, беларуская апазіцыя пакуль не на вышыні адказнасці за выкарыстанне таго шанцу, які з’яўляецца. Трэба працягваць кансультацыі, каб хаця б выбраць адзінага кандыдата пасля здачы подпісаў, да моманту рэгістрацыі, каб не дазволіць Лукашэнку выбіраць сабе суперніка.

– Ці сапраўды Масква кардынальна памяняла сваё стаўленне да Лукашэнкі? Як гэта можа ўплываць на шанцы беларускай апазіцыі?

– Лукашэнка раздражняе сваіх партнёраў у Маскве. Крэмль відавочна хацеў бы яго памяняць, але пытанне ў механізмах. Масква ўсё больш публічна выказвае сваю пагарду, як бы кажучы яму: куды ты падзенешся? Яны, мне здаецца, такую асалоду атрымліваюць, тузаючы Лукашэнку. Хутка не прызнаюць выбары і будуць казаць, а што ты тут робіш, чаго сюды прыехаў?

Шанец для беларускай апазіцыі палягае ў тым, што скарачаюцца маскоўскія датацыі беларускаму рэжыму. Але нi Масква і ніхто іншы не могуць прынесці сюды дэмакратыю, усё гэта павінна зрабіць само беларускае грамадства.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)