Марына Гірын: «Выпісацца па суду — гэта можа быць выйсцем, каб трошкі менш тузалі вашых родных»
Сузаснавальніца Асацыяцыі беларускага бізнесу за мяжой — пра тое, як змяніўся рынак нерухомасці на фоне масавага ад’езду беларусаў з краіны.
Як масавы ад’езд з краіны, у тым ліку людзей з грашыма, змяніў рынак нерухомасці ў Беларусі, і што рабіць з маёмасцю на радзіме тым, хто з’ехаў? Як зазначае сузаснавальніца Асацыяцыі беларускага бізнесу за мяжой, кіраўніца Альянса беларускіх бізнес-ледзі Марына Гірын, дом цяпер прадаць складаней, чым кватэру, але агулам рынак не прасеў.
— Калі глядзець на карціну ў цэлым, усё ж такі не такая вялікая колькасць людзей з’ехала з Беларусі, каб казаць пра кардынальныя змены на рынку нерухомасці, — зазначыла экспертка ў інтэрв’ю на Свабода Premium.
— Кватэры і дамы прадаюцца, мы гэта бачым, здараліся пэўныя ваганні і скачкі — прыкладам, калі пачалася вайна ва Украіне, было дастаткова многа продажаў нерухомасці грамадзянам РФ, якія набывалі жытло ў Беларусі, але збольшага гэта быў Мінск і кватэры ў новых дамах.
І ўсё ж у асноўным куплю-продаж на рынку нерухомасці здзяйсняюць самі беларусы. Для многіх гэта інвестыцыі, спосаб захаваць свае грошы.
Пры гэтым дамы ў параўнанні з кватэрамі значна страцілі ў цане, зазначае адну з тэндэнцый Марына Гірын. І дае шэраг парадаў беларусам:
— Калі чалавек, які знаходзіцца ў краіне, знаходзіцца ў небяспецы і думае, што да яго могуць «прыйсці», ёсць рызыкі папасці пад пераслед — калі ласка, падстрахуйцеся загадзя. Калі ў вас ёсць нейкая нерухомасць — магчыма, перааформіце яе на родных, бацькоў, падумайце аб тым, як выпісацца, бо будзе потым цяжка прадаць такую нерухомасць.
Мы бачым, што пераслед пашыраецца: прыходзяць і да сваякоў, і па месцы прапіскі людзей. Існуе такая працэдура — калі кватэра не ваша, а вы ў ёй толькі прапісаныя, то вас могуць выпісаць па суду. І гэта можа быць выйсцем, калі вы па-за межамі краіны — працэдура адносна нескладаная, невялікая па кошце і робіцца дастаткова хутка, але ў вас не будзе прапіскі і вашых родных, магчыма, будуць трошкі менш тузаць.
А што рабіць тым, хто не паспеў нічога зрабіць з нерухомасцю, і кватэры сёння апячатаныя сілавымі структурамі, альбо нават прададзеныя, як гэта адбылося з маёмасцю Віктара Бабарыкі і Святланы і Сяргея Ціханоўскіх?
— Вельмі прыкра, што такая сітуацыя ў Беларусі існуе, — гаворыць Марына Гірын, — і добра хіба тое, што падобных выпадкаў не так многа.
Калі заканадаўства не памянялася, то нават пры накладзеным арышце, наколькі я помню, кватэру можна здаваць і атрымліваць нейкі даход. Штосьці іншае ўжо цяжка параіць у такой сітуацыі.
Галоўнае, памятаць — як бы ні было крыўдна за кватэру, грошы можна зарабіць у любой другой краіне, галоўнае — гэта жыццё.
Калі ж кватэру дзяржава ўжо адабрала і прадала, цягам 10 год здзелкі з нерухомасцю можна аспрэчваць, гаворыць экспертка. Таксама мусіць быць распрацаваны механізм кампенсацыі, мяркуе яна.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное