Комментарии
Вiктар Марцiновiч, belsat.eu

Марціновіч: «Дзюнкерк» і адрозненні Захаду ад Усходу

Кожны раз, калі добры чалавек раскрывае рот, каб сказаць праўду пра вайну, на якой яго самога не было, матыў у такога гаварэння можа быць толькі адзін: зрабіць усё, каб такой вайны не паўтарылася.

Ухваленне подзвігаў, праслаўленне баявой славы, гонар за ўрон праціўніку — рэчы захапляльныя, але належныя да прапаганды, а не да мастацтва.

Фільм “Дзюнкерк” Крыстафера Нолана — не проста добры кінапрадукт, пра які будуць казаць яшчэ доўга. Ён — файная ілюстрацыя той мяжы, на якой мы, беларусы, жывем. Мяжы паміж Захадам, з яго ўвагай да асобы, да яе персанальных трагедый і страхаў, і Усходам, якім кіруе закон вялікіх мас, што нівелюе адзінку як статыстычна нязначнае нішто.

Гэты фільм — антытэза як “Лініі Сталіна” і Музею айчыннай вайны, так і ўсім гераічным кінам і серыялам на ваенную тэму, што выкідаюць у эфір да кожнай гадавіны перамогі.

Вайна па-ўсходняму — гэта калі з вялікай вышыні паказана гэткая рухомая дыярама з маленькімі танчыкамі, што паўзуць на баявыя пазіцыі і забіваюць крахюткіх салдацікаў. Смерць адной асобы не важная. Важная панарама дзеянняў. Тактычны размах. Далей да гэтага прыляпляецца этычны маркёр: калі рэжысёр — патрыёт, маркёр будзе пазітыўным (гераізм, “спасіба дзеду за пабеду”, “выстаялі-перамаглі”), калі ліберал — негатыўны (“Сталін — дрэнны стратэг”, “паклалі болей, чым трэба было”), і шэдэўр гатовы. Можна дадаць некалькі сцэнаў, дзе камера спрытненька ляціць за выпушчанай савецкім снайперам куляй, каб засведчыць кінематаграфічную гібель фрыца, і выпускаць на экраны.

Что на самом деле случилось в Дюнкерке

Вайна ў Нолана зусім іншая. Мне з цяжкасцю прыпамінаецца хаця б адна панарамная сцэна. Бамбаванні караблёў, атака “Юнкерсаў” на пляж і прыстань, паветраныя баі — усё гэта знятае з пазіцыі чалавека: матроса, салдата, пілота. Нам увесь час не хапае размаху, нешта засціць вочы і маячыць на пярэднім плане. Калі ў сярэдзіне фільма хлапец, які стаіць на палубе, заўважае ў прыцемку тарпеду, мы нават не паспяваем зразумець, што адбылося, чаму адбыўся выбух. Ніякіх камп’ютарных дамалёвак з-пад кіля карабля, усё як у жыцці. Нездарма ж кіно здымалася на стужку (хто яшчэ цяпер працуе са стужкай)!

Сцэны паветраных баёў выглядаюць плоска і недасканала нават у параўнанні са старым “Пёрл-Харбарам”, але ў іх ёсць тое, чаго не было ні ў адным фільме пра авіяцыю Другой сусветнай з часу вынаходніцтва камп’ютарных спецэфектаў: поўнае адчуванне прысутнасці. Мы тактыльна перажываем скрыгат ланжэронаў у “Харыкейнаў” падчас крутых гарызантальных віражоў. Мы разам з пілотамі абтрасаем з пальцаў крэйду, якой тыя запісваюць колькасць паліва перад боем. Здабыць такое можна было толькі пасадзіўшы акцёраў за штурвалы рэальных рэканструяваных “Харыкейнаў”.

Але вось што важна: нам даюць той эфект прысутнасці не для таго, каб мы радаваліся “збітаму немцу”. Нолан робіць гэта, каб паказаць, як гэта страшна — калі па табе страляюць. Гэта фільм, дзе гучнасць стрэлаў не глушыцца для лепшай разборлівасці дыялогаў. І калі спробу галоўнага героя схадзіць да ветру перарывае чарга з “пяцідзясяткі” побач, мы разумеем, чаму ён бяжыць прэч, выпускаючы стрэльбу.

У сюжэце “Дзюнкерка” мала гераічнага. І менавіта таму ён падабаецца мне болей за гісторыю пераканаўча паказаных вайсковых перамог. Ухваленне перамогі заахвочвае да бойкі. Апяванне востра перажытай і балючай паразы паказвае, што вайна — гэта дрэнна. Дрэнна, чорт яе бяры! Значную частку фільма ягоныя героі занятыя тым, што драпаюць. Рвуць кіпці. Спрабуюць уцячы, хаця б дастаўляючы безнадзейна параненага на ваенны карабель. Яны спрабуюць застацца ў жывых. Выжыванню прысвечаны адзін з асноўных дыялогаў у сцэне, поўнай вусцішнага саспенсу: калі жаўнеры хаваюцца ў караблі, які вось-вось павядзе ў мора прылівам. А вораг, забаўляючыся, шпурляе па тым караблі адзіночнымі.

Дарэчы, ці не ў гэтым драматычная прыцягальнасць гэтай гісторыі для вачэй сучаснага беларуса, заціснутага геапалітычным становішчам паміж дзвюх варожых цвярдыняў, адносіны паміж якімі імкліва абвастраюцца? Тады, на пачатку Другой сусветнай, ніхто таксама не мог паверыць, што вось такое магчымае.

Фільмы пра вайну зноў робяцца сучаснымі сёння. Не праз нейкія там гадавіны. А праз боязь новай.

Сюжэтная калізія “Дзюнкерка” палягае ў тым, каб захаваць жыцці 300 тысяч чалавек, заціснутых на ўзбярэжжы і безабаронных перад наступам гітлераўскіх войск. Ім трэба выжыць, каб удзельнічаць у бітве за Брытанію. А для гэта ім трэба збегчы. І ў гэтым адступленні — як паведамляюць нам напрыканцы — ёсць гераізм і ёсць перамога. Мне — вось праўда! — цяжка ўявіць сітуацыю, пры якой на Усходзе быў бы зроблены фільм пра гераічнае адступленне з мэтай захавання чалавечых жыццяў.

Асобная размова — пра заходні гуманізм працы з вобразам ворага. Бо, ведаеце, калі сёння рускамоўнае ваеннае кіно пачынае размову пра “фашыстаў”, то ўсё неяк пашыраецца да бягучага парадку дня. Фашысты — гэта адначасова і “бандэраўцы”, і тыя, хто выкаціў чарговыя санкцыі, і тыя, каму не падабаецца Пуцін.

У Нолана ворага ў кадры няма наогул. Людзей атакуюць “Мэсеры”, “Хенкелі”, “Юнкерсы”, нябачныя падводныя лодкі і нябачная артылерыя. У гэтым сэнсе ўжо прыгаданая сцэна з купкай перапужаных салдат, якія ў прыцемках карабельнага трума моляцца, каб толькі не трапіць пад выпадковую кулю, выпушчаную невядома кім невядома нашто, — вельмі характэрная для Захаду.

Вораг — гэта заўсёды крышачку пра нянавісць. Пра санкцыі, “бандэраўцаў” і “мы вам яшчэ прыпомнім”. Нолан катэгарызуе смерць як праяву абстрактнага зла, на якое бясплённа крыўдаваць, трэба лепш сканцэнтравацца на персанальнай спробе выжыць.

Калі б я быў 10-гадовым хлапчуком, які паглядзеў бандарчукоўскі “Сталінград”, я б набыў сабе цацачны ППШ, падзяліўся з сябрамі на “нашых” і “ворагаў” і захоплена гуляў бы ў вайнушку, наноў імітуючы сцэны з кіно. Пасля “Дзюнкерка” хочацца забраць цацачныя ППШ з продажу і скіраваць усіх 10-гадовых хлапчукоў з двара ісці вучыць замежныя мовы, каб паразумецца з тымі, з кім хочацца варагаваць.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)