Лица
Даніла Стрыжак, «Еўрарадыё»

Мама Аляксандра Рыбака: «Мы ніяк не можам наведаць Беларусь»

Народжаны ў Беларусі спявак суперпапулярны ў Нарвегіі. Ён паспеў не толькі адабрацца на Еўрабачанне, але і сыграць ролю ў кіно, папрацаваць з салістам А-ha. Пра свайго сына Еўрарадыё распавяла Наталля Валянцінаўна, мама Аляксандра Рыбака.

Сям’я Рыбакоў жыве зараз у Нарвежскім горадзе Несодцінген. Раніцай у панядзелак Аляксандра дома не было: ён даваў прэс-канферэнцыю з нагоды перамогі ў нарвежскім конкурсе Melodi Grand Prix 2009. Замест сына з “Еўрарадыё” паразмаўляла яго матуля Наталля Валянцінаўна. Яна вельмі ўсцешылася, калі даведалася, што на выходных пра сына напісаў увесь беларускі Інтэрнет.

Наталля Валянцінаўна: “Што вы кажаце, як прыемна!”

Сям’я Рыбакоў пераехала у Нарвегію з Беларусі, калі Сашу было 4 гады. Але і ў 22-гадовым узросце хлопец не асіміляваўся.

Наталля Валянцінаўна: “Так, ён вельмі добра размаўляе па-руску, таму што дома мы размаўляем толькі па-руску”.

Больш за тое, сям’я хацела б наведаць Беларусь, але цяганіна з дакументамі гэтаму перашкаджае.

ЕРБ: “А ў Беларусі вы бываеце?”

Наталля Валянцінаўна: “На жаль, не. Даўно не былі на Беларусі, таму што ніяк не атрымоўваецца падрыхтаваць пашпарты”.

Аляксандр Рыбак надзвычай папулярны выканаўца ў Нарвегіі. У фінале Melodi Grand Prix 2009 за яго прагаласавала аж 700 тысяч чалавек. Другое месца заняла поп-зорка Тумэ Дамлі Обэргэ (120 тысяч галасоў).

Аляксандр Рыбак з матулей і бацькам

Малады Аляксандр, апроч адбора да Еўрабачанне, паспеў перамагчы і ў іншым супер-рэйтынгавым тэлевізійным конкурсе, супольна папрацаваць з артыстамі сусветнага маштабу.

Наталля Валянцінаўна: “Ён стаў больш-менш папулярны, калі перамог у конкурсе Kjempesjansen (у перакладзе на беларускую “Вялікі шанец”, - Еўрарадыё). Гэта не зусім “Фабрыка зорак”. Тут артысты выступалі у розных жанрах. Сын перамог з песняй уласнага выканання. Ён іграў на скрыпцы і спяваў”.

Апроч гэтага Аляксандр выканаў ролю у мастацкім фільме Yohan, папрацаваў з салістам культавага гурта А-ha Мортэнам Харкетам. Таму звычайным поп-спеваком яго не назавеш. Ды і пра бацькоў Аляксандра, Наталлю Валянцінаўну і Ігара Аляксандравіча, нарвежскі Інтэрнет піша: "вядомыя піяністка і скрыпач". Бацькі і выхавалі ў Аляксандру шляхетны мастацкі густ.

Наталля Валянцінаўна: “Ён атрымаў класічную адукацыю. Выдатна іграе на скрыпцы. Але з’явіўся яшчэ адзін ухіл у бок поп-музыкі. Сын пачаў пісаць уласныя песні і выконваць іх”.

Такім чынам, 12 балаў на “Еўрабачанні” беларусы мусяць аддаць Нарвегіі, а не брацкай Расіі. Ды і песня Аляксандра Рыбака пад назвай “Казка” – гэта вам не “Асталавіста” Аляхно і не “Мама-мама” Паліны Смолавай.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)