Малады бацька з Наваполацка памёр пасля затрымання міліцыяй
Амаль два гады сям’я Цімафеевых з Наваполацка дамагаецца, каб знайшлі тых, хто вінаваты ў смерці іх адзінага сына.
Гэтая гісторыя пачалася ў снежні 2011. Многія жылі падрыхтоўкай да Калядаў і Новага года. І тое, што малады чалавек нападпітку трапіў у бальніцу, ні ў кога не выклікала здзіўлення.
27-гадовы Алег Цімафееў увечары ў нядзелю выйшаў сустрэцца з сябрам. Выпілі. Але дадому вярнуўся толькі раніцай. Збіты. «Мянты пабілі», — патлумачыў бацькам. А ўначы яго забралі ў бальніцу і прааперавалі. У бальніцы ён і памёр.
Тупая траўма
«Я быў на працы, калі раніцай сын прыйшоў дадому, — расказвае Віктар Цімафееў. — Ліфт не працаваў, і ён ледзь падняўся на восьмы паверх, як сказаў. Увечары пытаюся, што здарылася. Падрабязнасці не расказваў. Сказаў, што піць больш не будзе, але ім гэтага не даруе. Пытаюся: хто біў? Адказвае, што патрульныя і мянты».
Уначы Алегу стала кепска. «Калі «хуткая» спыталася, якія траўмы атрымаў, назваў траўму грудзей — было цяжка дыхаць, палавых органаў — у туалет схадзіць не мог і жывот балеў».
З дому Алега забралі ў бальніцу, дзе пасля аперацыі два тыдні правёў у непрытомнасці. І памёр.
«Тупая траўма жывата, удар грудной клеткі», — паставілі дыягназ у шпіталі. Калі правялі аперацыю, пашкоджанні аказаліся сур’ёзнымі: разрыў брыжэйкі падуздышнай кішкі з адрывам яе ад кішкі і разрывы падуздышнай кішкі з амярцвеннем яе часткі, разрыў вялікага сальніка.
«Кішкі скручаныя змейкай, да іх з адной кропкі веерам ідуць нервы і сасуды. Гэта ёсць брыжэйка, — тлумачыць медыцынскія тэрміны лекар адной са сталічных бальніц. — Калі быў разрыў брыжэйкі і разрыў кішкі — значыць быў крывацёк, і ў чэраўную паражніну трапіў кал. Гэта 100% перытаніт. Чым пазней узялі на аперацыйны стол — тым менш шанцаў выжыць. Калі там былі ўчасткі амярцвення, гэта ўжо запозна. Нават калі выжыў бы — быў бы інвалід без кішак».
Прычынай смерці і стаў перытаніт (запаленне брушыны).
Білі нагамі, рукамі…
Як сына забралі ў бальніцу, Віктар звярнуўся з заявай у міліцыю. Пачалі праверку. Самога ж Алега апытаць так і не атрымалася: праз суткі пасля аперацыі ўпаў у кому, а памёр на першы дзень Новага года ў непрытомнасці. Крымінальную справу так і не завялі.
Згодна з матэрыяламі праверкі, усё проста, хоць і не зусім ясна. 11 снежня 2011 Алег нібыта выпіў паўбутэлькі гарэлкі. На вуліцы вырашыў спусціць кола ў міліцэйскай машыне. А калі ўбачыў патруль, кінуўся наўцёкі.
Сёння тут крама. А ў той вечар быў клуб, з якога і выйшлі міліцыянты.
Перад клубам стаяла міліцэйская машына, каля якой прысеў Алег.
Па дарозе Алег двойчы паваліўся на жывот. Калі ж яго здагналі, пачаў біцца і мацюкацца. Каб уціхамірыць, яго тройчы стукнулі дубінкай па правым сцягне. Адвезлі ў выцвярэзнік, склалі пратаколы за дробнае хуліганства, з’яўленне п’яным у грамадскім месцы, непадпарадкаванне. А раніцай апыталі ў міліцыі і адпусцілі. Прычым у пастанове адзначана, што Алег ні на што не скардзіўся, за жывот не трымаўся.
Вось тут і пачынаецца самае незразумелае.
У 8.05 Цімафееў знаходзіўся ў міліцыі, а дзесьці праз гадзіну ўжо быў дома. Прычым збіты. Лёг спаць. А ўначы яго забрала «хуткая». Калі забіралі ў бальніцу, пра акалічнасці сказаў фельчару: білі нагамі, рукамі, дубінкай у пастарунку мінулай ноччу.
Пытанні без адказаў
У бальніцы далі заключэнне, што Алег атрымаў траўму каля сутак да паступлення ў бальніцу. Калі «хуткая» забрала яго ў гадзіну ўначы, то атрымліваецца, што ён атрымаў удар у жывот падчас затрымання альбо ўжо ў выцвярэзніку. Удар, які і стаў прычынай смерці. Але хто яго нанёс?
Фельчар выцвярэзніка сведчыць, што ў Цімафеева была сярэдняя ступень ап’янення. Хоць ад выкарыстання алкатэстара ён адмовіўся, затое пагадзіўся зрабіць комплекс практыкаванняў і даў сябе аглядзець.
На левым сцягне — V-падобная драпіна ззаду на ўзроўні калена, драпіны на правых скроні і сківіцы. Жывот быў мяккі, не ўздзьмуты, прыкметаў пашкоджання ўнутраных органаў не выяўлена. Пульс і ціск у норме. Двойчы яго званітавала — крыві не было.
«У колькі яго забіралі з выцвярэзніка? Ёсць відэа, як яго прывезлі туды ўначы, але няма, як раніцай забіралі, — кажа бацька Алега. — Я быў у выцвярэзніку і бачыў журнал рэгістрацыі: выбыў — нібыта 9.30. Бо выпраўлена ці то 7.30, ці то 8.30. І я не магу высветліць, хто выпраўляў.
Хто складаў пратакол яго выбыцця — таксама не ведаю. У дзяжурную частку яго нібыта забірала следча-аператыўная група, якая ездзіла па горадзе і якой далі загад прывезці Алега. Але людзей з той групы дапыталі толькі праз паўгода. А яны кажуць, што не памятаюць, заязджалі па яго ці не».
«У выцвярэзніку яго біць, лічу, не маглі. Па дарозе — магчыма. Выбіць прызнанне, што ён спускаў кола, маглі, — выказвае свае здагадкі Віктар. — Альбо яго ўначы забралі і да раніцы вазілі. І таму няма відэа яго прысутнасці раніцай у выцвярэзніку. Проста паставілі час выбыцця. Такі варыянт, лічу, магчымы. Яго забралі і прэсавалі».
У матэрыялах справы фігуруе прызнанне Алега, што ён спускаў кола. Бацька думае, што сына прымусілі падпісаць.
Праігнаравалі экспертаў
Магчымымі здаюцца два варыянты. Альбо хлопца сапраўды збілі ўначы, а ў міліцыі раніцай не сталі на гэта звяртаць увагу. Альбо па дарозе дадому, за якую гадзіну, з ім магло нешта здарыцца.
Вядома ж, пабіцца шмат часу не трэба. Можна і самому напароцца на якую цагліну. Але ці будзе ён хлусіць бацькам, што пабілі яго міліцыянты?
Эксперты вызначылі час і прадмет атрымання траўмы: тупым цвёрдым прадметам каля адных сутак да паступлення ў бальніцу. Нанесці яе ён мог сам. Але яна «не магла ўтварыцца ў выніку падзення на плоскасці альбо пры абставінах, указаных супрацоўнікамі міліцыі», як гаворыцца ў заключэнні экспертызы.
Праўда, следчы праігнараваў дакумент.
«Невядома, якім чынам і ў які часавы інтэрвал Цімафееў атрымаў цялесныя пашкоджанні, з кім праводзіў час да затрымання, якія ўстановы наведваў. Цімафееў мог атрымаць цялесныя пашкоджанні і пры іншых абставіах, чым пры затрыманні супрацоўнікамі міліцыі», — вырашыў ён.
«Як не вызначаны час, калі эксперты яго акурат і абазначылі?» — абураецца бацька нябожчыка.
Што да падзенняў з лесвіцы і клумбы, то ўжо праз пяць месяцаў пасля смерці Алега новая экспертыза зрабіла заключэнне, што ад падзення маглі ўтварыцца крывападцёкі левай галёнкі і драпіны левай кісці, якія былі на целе Цімафеева. Час, калі ён падаў і крыху падраўся, магчыма, супадае з часам атрымання траўмы жывата.
На гэтай лесвіцы, паводле міліцыянтаў, Алег паваліўся першы раз.
Але эксперты не маглі вызначыць, ці магла быць нанесеная траўма жывата падзеннем на камень. Прычына — адсутнасць у матэрыялах праверкі дадзеных пра яго канкрэтнае размяшчэнне. Атрымліваецца, камень знайшлі, забралі з месца здарэння, але не задакументавалі, у якім месцы ён ляжаў.
«Думаю, што любы чалавек, калі будзе падаць, не паваліцца плазам — ён паваліцца на рукі ці перавернецца на плячо. Можна ўдарыцца грудзінай, але не веру, што можна жыватом», — кажа бацька памерлага.
Знайсці вінаватых
«Я не сцвярджаю, што збілі канкрэтна тыя патрульныя, што яго забіралі. Ёсць факт атрымання цялесных пашкоджанняў. Я прашу высветліць, хто збіваў», — кажа Віктар Цімафееў.
Калі забіралі Алега, гэта бачыў ягоны сябар. Ён даказвае, што Алег нібыта пачуў шыпенне ад кола машыны. Падышоў паглядзець, калі і з’явіліся міліцыянты. Цімафееў пабег, а сябар стаяў убаку. Віктар тлумачыць такі сынаў учынак тым, што ён, паколькі выпіў піва, баяўся трапіць у выцвярэзнік.
«Пратакол апытання сябра прысутнічае ў матэрыялах. Але следчы як ставіць пытанне? «Вы бачылі, як яго збівалі?» — «Не». А трэба было пытацца, ці быў ён здаровы да затрымання».
«Абставіны прычынення цялесных пашкоджанняў Цімафееву з боку супрацоўнікаў міліцыі не знаходзяць свайго пацверджання, аспрэчваюцца супрацоўнікамі міліцыі», — пастанавіў следчы.
Віктар Цімафееў рыхтуе новыя скаргі. Ён дамагаецца, каб усё ж завялі крымінальную справу. Каб вызначылі, пры якіх абставінах сын атрымаў смяротную траўму. Бо пакуль няма яснасці, датуль і будуць заставацца сумневы ў справядлівасці.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное